У красавіку 43 чалавек асудзілі па палітычных крымінальных справах. Вось якія тэндэнцыі назіраюцца
Па падліках «Вясны» за мінулы месяц маглі рэпрэсаваць 123 чалавек. Праваабаронцам вядома пра не менш як 43 асуджаных у крымінальным парадку грамадзян, з якіх 32 — гэта мужчыны, 11 — жанчыны.
Многіх праследуюць па артыкуле, які прадугледжвае адказнасць за абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК).
Сярод востра негатыўных тэндэнцый вылучаюць асуджэнне раней рэпрэсаваных грамадзян за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (арт. 411 КК) — за красавік тром палітзняволеным былі дабаўленыя тэрміны паводле гэтага артыкула.
Пры гэтым колькасць спраў гэтай катэгорыі, якія разглядаюцца судамі, у дачыненні да асуджаных без наяўнасці палітычных матываў не перавышае аднаго-двух выпадкаў па ўсёй краіне штомесячна. Праваабаронцы фіксуюць рост колькасці выпадкаў паўторнага і далейшага крымінальнага пераследу грамадзян, якія раней былі рэпрэсаваныя па палітычных матывах.
Па вядомых праваабаронцам справах у красавіку суды вынеслі:
- 89 гадоў і 3 месяцы пазбаўлення волі ў дачыненні да 28 чалавек;
- 3 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») у дачыненні да 2 чалавек;
- 34 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія») у дачыненні да 13 чалавек;
- 250 базавых велічынь на суму 9 250 рублёў у якасці дадатковага пакарання ў дачыненні да 2 чалавек, асуджаных на пазбаўленне волі і абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ.
Па вядомых праваабаронцам прысудах у красавіку суды прымянялі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, у 65,12% выпадкаў. Абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ («хімія») суды прымянялі ў 4,65% выпадкаў крымінальных спраў. Абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ («хатняя хімія») прымянялася ў 30,23% выпадкаў асуджэння грамадзян.
Такім чынам, у красавіку пакаранне па палітычна матываваных крымінальных справах, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе «хіміі» і «хатняй хіміі», суды прымянялі ў 100% вядомых «Вясне» выпадкаў.
Каментары