Сваякі загінулых у трагедыі на Нямізе просяць улады надаць ім статус як у семʼяў загінулых вайскоўцаў
Семʼям людзей, якія загінулі ў цісканіне на Нямізе ў 1999 годзе, трэба надаць такі ж статус, як і сваякам загінулых вайскоўцаў. Пра гэта папрасіла кіраўніца грамадскага абʼяднання «Няміга-99» Наталля Навакоўская на прыёме ў старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, піша «Зеркало».
На думку Наталлі Навакоўскай, бацькі маладых людзей, якія сталі ахвярамі трагедыі на Нямізе 24 гады таму, маюць права на такія ж правы, што і члены семʼяў вайскоўцаў, якія загінулі пры нясенні абавязкаў вайсковай службы.
«Калі мы кажам, што мы сямʼя «Няміга-99», ніхто ўжо не памятае і не рэагуе. А мы б не хацелі гэта кожны раз паўтараць», — патлумачыла жанчына.
Наталля Навакоўская таксама расказала, што члены абʼяднання звярнуліся да чыноўнікаў з просьбай прыўзняць памятны знак на Чыжоўскіх могілках, дзе пазначаныя імёны 11 загінулых на Нямізе. Аднак іх накіравалі ў спецкамбінат, які прапанаваў прызнаць магілы безгаспадарнымі, каб ён мог узяць іх на свой баланс:
— І гэта пры жывых бацьках! — абураецца Навакоўская.
Яна сказала, што задаволеная прыёмам у Качанавай. «Нам ёсць з чым параўнаць», — зазначыла Навакоўская.
Трагедыя на Нямізе
30 мая 1999 года на Нямізе ў Мінску загінулі 53 чалавекі, сотні былі параненыя.
У той дзень на беразе Свіслачы праходзіў піўны фестываль з канцэртам гурта «Манга-Манга». Раптам пачаўся моцны дождж з градам і навальніцай. Каля 2,5 тысячы чалавек, у асноўным маладых хлопцаў і дзяўчат, спрабавалі схавацца ў падземным пераходзе, пачалася цісканіна, якая прывяла да трагедыі.
Улады растлумачылі тое, што здарылася збегам абставін: надворʼем, мокрымі прыступкамі перахода, нецвярозым станам многіх удзельнікаў свята і высокімі абцасамі дзяўчат. Была распачатая крымінальная справа, у халатнасці абвінавачваліся начальнік міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама Віктар Русак і начальнік аддзела масавых мерапрыемстваў Міхаіл Кандрацін.
Акрамя тых, хто выжыў, пацярпелымі былі прызнаныя 105 сваякоў 53 загінулых. Пасля яны стварылі грамадскае абʼяднанне «Няміга-99». Яго ўзначаліла Наталля Навакоўская, якая страціла ў трагедыі 16-гадовую дачку Аляўціну.
У 2002 годзе суд спыніў справу ў сувязі са сканчэннем тэрміну даўнасці.
Каментары