18-гадовая італьянская валейбалістка Джулія Ітума загінула ў выніку верагоднага падзення з акна пасля матча жаночай Лігі чэмпіёнаў. Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва ANSA.
У красавіку Ітума ў складзе італьянскай «Навары» ўдзельнічала ў паўфінале Лігі чэмпіёнаў. Выйграўшы хатні матч у пяці сэтах, каманда на выездзе пацярпела «сухое» паражэнне ад «Эджзаджыбашы» ў Турцыі — 0:3.
Для Джуліі Ітума, якая праводзіла першы сезон у складзе «Навары», гэтая сустрэча аказалася апошняй у жыцці. Раніцай яе знайшлі мёртвай каля гатэля, дзе спынялася каманда.
Турэцкае выданне Hurriyet паведамляе пра імавернае самагубства валейбалісткі. Паводле папярэдняй інфармацыі, Ітума выскачыла з акна шостага гасцінічнага паверха.
Джулія Ітума — 18-гадовая італьянская валейбалістка нігерыйскага паходжання. Яна прадстаўляла Італію на ўзроўні юніёрскіх і моладзевых чэмпіянатаў Еўропы. У 2022 годзе Ітума прызнавалася лепшым гульцом чэмпіянату Еўропы сярод зборных U19, які выйграла ў складзе італьянскай каманды.
Каментары