Культура

У гадавіну смерці Ларысы Геніюш Сяргей Дубавец падзяліўся ўспамінамі пра яе

7 красавіка споўнілася 40 год са смерці легендарнай беларускай паэткі Ларысы Геніюш, помнік якой нядаўна знеслі ў Зэльве. У гэты дзень беларусы Вільні сустрэліся, каб абмяняцца думкамі пра паэтку і паслухаць пра тое, якой яна была.

Ларыса Геніюш. Архіўнае фота

Вечарыну наведаў вядомы журналіст і літаратар Сяргей Дубавец, які асабіста ведаў паэтку. Ён згадвае, што разам з сябрамі прыехаў да яе ў 1982 годзе, за год да яе смерці, і таксама ліставаўся з ёй.

«Гэта была вельмі добрая жанчына, вельмі схільная да сваіх. Калі яна чула, што мы гаворым па-беларуску, распавядаем пра нашы справы ў беларускім Менску, гэта выклікала ў яе прыхільнасць, ёй хацелася намі апекавацца. Было дзве рэчы, радыкальна супраць якіх яна была — але не ненавідзела, бо была вышэй за такія пачуцці. Гэта была саветчына і калгас, то-бок яна абсалютна рашуча выказвалася супраць усяго савецкага і калгаснага.

А для нас гэта быў такі чалавек найлепшых якасцяў, пры гэтым абсалютна беларускі без аніякіх даважкаў — савецкіх, калгасных і ўсяго астатняга. Чыстая, проста крынічная беларушчына ў ёй уражвала і была страшна прыцягальная», — такой запомніў паэтку Дубавец.

Сяргей распавёў, што разам з сябрамі дапамагаў Ларысе Антонаўне ў агародзе і садзе, а яна чытала маладзёнам свае вершы, тады такія вершы называліся антысаветчынай. Самым магутным яе вершам, на думку Дубаўца, быў верш «Партызаны»: «На той час партызаны былі культавымі людзьмі, і сказаць пра іх нешта не тое было табу. Было мора кінафільмаў пра іх, кніг, вершаў, і супраць гэтай каласальнай прапаганды прагучаў адзіны гэты верш. Мы раслі ў савецкім асяродку, бачылі ўсе гэтыя партызанскія шэсці, а тут ты прачытваеш гэты верш і разумееш, што ўсё наадварот».

Вось некалькі радкоў з верша, прачытанага на імпрэзе Дубаўцом:

Аднаго забілі часам гада,
І забіўшы, зайцамі ўцяклі,
А за гада сотні леглі радам
Безбаронных жыхароў зямлі.

І няўцям да сёння той Мазанік,
Як лілася ў Менску наша кроў,
Не, не партызан, не партызанак,
А ў мучэннях выжыўшых сыноў.

Калі судзіш ворага за згубу,
Першым чынам засланяй сваіх.
Эх, Мазанік, за аднаго Кубэ
Колькі нашых браццяў нежывых…

Ці яны табе ўначы не сняцца,
Тысячаў замучаных не жаль?
Што ж табе, Мазанік, нашы брацця,
Для цябе галоўнае — медаль…

Ларыса Геніюш — выбітная беларуская паэтка, якая да канца жыцця не прыняла савецкага грамадзянства, захоўвала грамадзянства Беларускай Народнай Рэспублікі. Яе кніга «Споведзь» — шчымлівыя ўспаміны пра жыццё і савецкае зняволенне ў ГУЛАГу — у 1980-я і 1990-я была бэстсэлерам.

Жыхары Зэльвы паставілі ёй помнік каля царквы з блаславення тагачаснага мітрапаліта Філарэта, бо Геніюш, сярод іншага, у часы ганенняў на рэлігію была адной з апораў мясцовай праваслаўнай грамады.

Помнік патрабавала ліквідаваць прарасійская актывістка і «інфаказачка» Вольга Бондарава. Хоць спярша Зэльвенскі райвыканкам адмовіў, помнік пасля ўсё ж дэмантавалі ўначы.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Памерлага 52-гадовага аўтаслесара з Віцебска год таму страшна збілі міліцыянты9

Памерлага 52-гадовага аўтаслесара з Віцебска год таму страшна збілі міліцыянты

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома, як павялічыцца падатак на нерухомасць для фізічных асоб

Майстар даносаў з Германіі стаў мільянерам9

У Магілёве ствараюць мурал са львом ФОТАФАКТ3

«Калі застаняцеся, вас чакае смерць». У чаканні ўрагану «Мілтан» з Фларыды эвакуююць мільёны людзей

Лукашэнка атрымаў ад Расіі тую ж узнагароду, што і Мураўёў-Вешальнік. Хто яшчэ з беларусаў яе атрымліваў?37

«Рамштайн» адмянілі з-за Байдэна4

МТЗ пачаў выпуск газонакасілак на заводзе ў Смаргоні

Выйшла новая кніга #IMBY пра беларускую гісторыю 1991-2005 гадоў3

Букмекерскі рынак паказаў рэзкі рост падтрымкі Дональда Трампа 14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памерлага 52-гадовага аўтаслесара з Віцебска год таму страшна збілі міліцыянты9

Памерлага 52-гадовага аўтаслесара з Віцебска год таму страшна збілі міліцыянты

Галоўнае
Усе навіны →