Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што ягоная краіна ўжо падрыхтавала да перадачы Украіне восем знішчальнікаў МіГ-29. Пра гэта ён сказаў у Варшаве на супольнай прэс-канферэнцыі з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, піша «Еўрапейская праўда».
Дуда паведаміў, што чатыры знішчальнікі былі перададзены ўкраінскім Узброеным сілам у апошнія месяцы і яшчэ чатыры зараз перадаюцца, гэта значыць, усяго восем.
«Мы гатовыя, я гаварыў пра гэта з прэзідэнтам, перадаць яшчэ шэсць, якія цяпер рыхтуюцца для гэтага. Мы мяркуем, што яны могуць быць перададзены даволі хутка», — сказаў Дуда.
Польскі прэзідэнт таксама дадаў, што ў Польшчы яшчэ застаюцца МіГі, якія прайшлі мадэрнізацыю і цяпер адаптаваныя да стандартаў НАТА, у першую чаргу з пункту гледжання сувязі, пытанняў, звязаных з магчымасцю выконваць, напрыклад, місію паветранай паліцыі ў рамках НАТА.
«Гэтыя МіГі нам яшчэ спатрэбяцца, але яны будуць знаходзіцца на ўзбраенні разам з новымі самалётамі, якія паступяць у наша распараджэнне… Я лічу, што ў будучыні мы зможам перадаць увесь наш парк самалётаў МіГ-29, які застаўся, калі гэта будзе неабходна. З пункту гледжання іх перадачы, спатрэбіцца згода саюзнікаў, у першую чаргу ЗША», — дадаў Анджэй Дуда.
Каментары