Меркаванні

Пуцін цяпер у Беларусі сапраўдны гаспадар — Слюнькін

Былы супрацоўнік Міністэрства замежных спраў, а цяпер аналітык Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах Павел Слюнькін разважае пра тое, што мяняе для Беларусі праанансаванае размяшчэнне на яе тэрыторыі расійскай ядзернай зброі, на што разлічвае Пуцін і як гэта можа паўплываць на нашу будучыню.

Уладзімір Пуцін. Графіці ў Мінску

Уладзімір Пуцін абвясціў пра планы размясціць расійскую ядзерную зброю ў Беларусі. Зыходзячы з ягоных слоў, можна меркаваць, што гэта павінна адбыцца пасля 1 ліпеня, калі згодна з задумкай расійскага кіраўніцтва ў Беларусі будзе пабудавана новае або мадэрнізаваныя старыя савецкія ядзерныя сховішчы.

Заява прэзідэнта Расіі выклікала бурную міжнародную рэакцыю, але зусім нечаканым такі крок Масквы назваць нельга. Падрыхтоўка да такога развіцця падзей пачалася яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Новы варыянт Канстытуцыі, навязаны беларусам уладамі, не проста так пазбавіўся згадак пра імкненне Беларусі да нейтралітэту і бяз'ядзернага статусу.

Праца над тэкстам асноўнага дакумента вялася з канца 2020 года, а Лукашэнка і Пуцін рэгулярна размаўлялі на гэтую тэму. Лукашэнка неаднаразова выказваў сваё расчараванне тым фактам, што ў 1996 годзе Беларусь адмовілася ад ядзернай зброі, якая засталася ёй у спадчыну ад СССР. На яго думку, ядзерны статус дазволіў бы яго рэжыму пазбегнуць крытыкі заходніх краін за парушэнні правоў чалавека і ахоўваў бы краіну ад санкцый.

Пасля пачатку баявых дзеянняў ва Украіне Лукашэнка рэгулярна пагражаў заходнім краінам перспектывай размясціць у Беларусі ядзерную зброю, адначасова апелюючы да кіраўніцтва Расіі з заклікам да жорсткага адказу на любыя правакацыі Захаду. Пад правакацыямі ён меў на ўвазе і палёты знішчальнікаў НАТА, і нібыта рыхтаванае размяшчэнне ядзернай зброі ЗША ці Францыі ля межаў Беларусі.

Ні амерыканская, ні французская ядзерная зброя ў суседніх з Беларуссю краінах прадказальна так і не з'явілася, але гэта не спыніла ядзернае збліжэнне беларускага і расійскага рэжымаў. Спачатку беларускія самалёты былі мадыфікаваныя пад магчымасць нясення ядзерных боезарадаў. Пазней Расія перадала Беларусі некалькі пускавых установак «Іскандэр», якія могуць запускаць у тым ліку ядзерныя ракеты.

Цяпер справа дайшла да падрыхтоўкі да пастаяннага базавання расійскай ядзернай зброі. І калі раней расійская дыпламатыя крытыкавала ЗША за захоўванне амерыканскай ядзернай зброі ў трэціх краінах, разглядаючы гэта як парушэнне Дамовы аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, то цяпер лідар Расіі ўжо спасылаецца на амерыканскі досвед, абгрунтоўваючы законнасць сваёй пастановы.

Найбольш сімвалічна такія «раптоўныя» перамены ў падыходах Расіі глядзяцца на фоне сумеснай заявы Пуціна і кітайскага лідара Сі Цзіньпіна, падпісанай усяго за чатыры дні да ядзернага анонса Пуціна. У ім Расія і Кітай заклікалі «ўсе ядзерныя дзяржавы не размяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і вывесці ўсю размешчаную за мяжой ядзерную зброю».

Магчыма, вядома, што Беларусь у імперскім светапоглядзе Пуціна ўжо не з'яўляецца суверэннай тэрыторыяй, таму ў яго карціне свету гэтая непаслядоўнасць не такая і страшная.

Адметна яшчэ і тое, што публікацыя інтэрв'ю расійскага прэзідэнта супала з неафіцыйным Днём незалежнасці Беларусі — Днём Волі. Пакуль беларусы, вымушана раскіданыя па ўсім свеце, адзначалі гэты дзень маршамі за свабоду і дэмакратыю, Пуцін, знарок ці не, недвухсэнсоўна даў зразумець, хто цяпер рэальны гаспадар Беларусі.

Само рашэнне аб размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі паказвае на змяншэнне пераліку інструментаў для шантажу ў руках Масквы. Спачатку Расія пагражала Захаду энергетычнай зброяй. Але зіма скончылася, Еўропа не замерзла, а, наадварот, даволі мякка для сябе саскочыла з расійскай нафтавай і газавай іголкі. Пагрозы сусветнага харчовага голаду так і засталіся пагрозамі, цэны на ўгнаенні пасля рэзкага скачка паступова зніжаюцца.

Мабілізацыя ў Расіі не прывяла да пералому ў вайне, а агаліла праблемы з вайсковым і тэхнічным забеспячэннем арміі, абвастрыла праблему недахопу боепрыпасаў. Канвенцыйнай зброяй Расіі не ўдалося не толькі захапіць усю Украіну, але нават невялікі горад Бахмут расіяне не могуць узяць пад кантроль, нягледзячы на шматмесячныя штурмы коштам велізарных страт.

На фоне паставак цяжкіх узбраенняў Украіне і падрыхтоўкі да контрнаступлення Масква вымушаная шукаць шляхі для прадухілення негатыўных для сябе сцэнарыяў. І ядзерны шантаж застаецца ледзь не адзіным козырам Расіі.

Прычым ядзерная эскалацыя расійскага прэзідэнта звернутая не толькі да ўладаў заходніх краін, але і да грамадства гэтых краін. Адна справа падтрымліваць пастаўкі Украіне ўзбраенняў, спадзеючыся, што гэта спыніць вайну далёка ад тваіх межаў. Іншая — калі табе пагражаюць, што такая дапамога набліжае пагрозу ядзернай вайны непасрэдна да твайго дому.

На гэта ў канчатковым рахунку і скіраваны разлік Расіі: на фоне ядзернай вайны нязграбны мірны план Кітая ці прымус Украіны да тэрытарыяльных саступак ужо не будуць выглядаць як нешта недапушчальнае.

Пры гэтым важна памятаць, што агучаная Пуціным пагроза можа аказацца чарговай гучнай інфармацыйнай спецаперацыяй Масквы. Мэта такіх аперацый не ў тым, каб выканаць анансаванае, а ў тым, каб прымусіць сваіх апанентаў паверыць у тое, што гэта будзе выканана. У рэшце рэшт, Пуцін — былы супрацоўнік спецслужбаў, а дэзынфармацыя і блеф — адзін з найбольш распаўсюджаных метадаў працы такіх арганізацый.

У 2015 годзе Пуцін, напрыклад, даручыў ураду падпісаць з Беларуссю пагадненне аб стварэнні там расійскай авіябазы. Праз некалькі дзён пасля гэтага Лукашэнка раздражнёна адхрысціўся ад такіх планаў, а расійская база ў Беларусі тады так і не з'явілася.

Цяпер, вядома, Лукашэнка знаходзіцца ў зусім іншых умовах і наўрад ці можа пярэчыць Пуціну. Але нават з улікам яго крайняй залежнасці агучаныя Пуціным тэрміны будаўніцтва сховішча ядзернай зброі ў Беларусі выглядаюць нерэалістычнымі. Наўрад ці такі стратэгічна важны аб'ект рэальна ўзвесці за тры месяцы.

У Калінінградзе гэта заняло ў Расіі блізу двух гадоў, і аналагічная дзейнасць неаднаразова перахоплівалася заходнімі выведкамі і незалежнымі даследчыкамі. У Беларусі пакуль няма нават намёкаў на нешта падобнае,

а былыя савецкія сховішчы знаходзяцца ў непрыдатным стане: яны часткова разбураныя, закінутыя, а некаторыя і зусім перапрыстасаваныя пад вырошчванне грыбоў.

Але калі ўсё ж расійская ядзерная зброя з'явіцца ў Беларусі, то для нашай краіны гэта стане велізарнай перашкодай на шляху да дэмакратычнай будучыні і стане экзістэнцыяльным выклікам.

З'яўленне ядзернага аб'екта ў Беларусі зробіць яго адной з прыярытэтных ваенных цэляў у выпадку рэгіянальнага або сусветнага канфлікту.

Пры гэтым кантроль над аб'ектам будзе цалкам знаходзіцца ў руках замежнага ўрада. А гэта значыць, што

ніхто не будзе пытацца ні ў Лукашэнкі, ні ў беларусаў (80% якіх выступае супраць з'яўлення ядзернай зброі), як і калі яе выкарыстоўваць. Беларусь і беларусы стануць яшчэ большымі закладнікамі Пуціна і яго прагрэсуючага сіндрому Месіі.

Але нават у адрыве ад апакаліптычных сцэнарыяў ядзернай эскалацыі гэта будзе азначаць сталую вайсковую прысутнасць расійскага войска. У дадатак да тых салдат і афіцэраў, якія ўжо дыслакаваныя ў Беларусі з пачатку ўварвання ва Украіну, у Беларусі з'явіцца яшчэ больш замежных жаўнераў і вайсковай тэхнікі, якія будуць ахоўваць і абслугоўваць стратэгічны аб'ект.

І нават калі Расія ў канчатковым выніку пацерпіць поўную паразу ва Украіне, якая прывядзе да змены расійскай улады, ядзерная база так і будзе заставацца якарам, які прывязвае Беларусь да Расіі, і велізарнай перашкодай на шляху да рэформаў і абароны сваіх, а не чужых нацыянальных інтарэсаў.

Арыгінальны тэкст артыкула на англійскай мове быў апублікаваны на сайце Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах (ECFR).

Чытайце таксама:

Лукашэнка амаль нічога не казаў пра ролю Беларусі ў расійскай агрэсіі — Карбалевіч

Пуцін плануе ядзерны ўдар па Усходняй Еўропе з тэрыторыі Беларусі — Фяльштынскі

«Маліцеся». Дональд Трамп пракаментаваў размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі

Болтан: Магчымае паглынанне Беларусі — праблема, якой мы надаём замала ўвагі

Каментары

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна7

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Усе навіны →
Усе навіны

Экс-прэзідэнт Польшчы: Замарожаны канфлікт будзе трагічнай весткай для Украіны3

Упершыню за палову месяца даляр патаннеў

«Калі набыў $20 па курсе 3,3 — і цяпер ты паспяховы інвестар»: як беларусы рэагуюць на скачкі валют7

У 53 гады загінуў былы турэмны начальнік з Оршы5

У Брэсце мужчына падумаў, што яму атруцілі каву, і ўдарыў афіцыянтку лыжкай. Завялі крымінальную справу3

Паліцыя разагнала пратэст у цэнтры Тбілісі3

Улады Малдовы вырашылі не плаціць «Газпраму» доўг памерам 709 млн даляраў

«Цяпер хоць стала можна нармальна зарабляць». Што думаюць таксісты пра працу ў новых умовах9

Аўстралія забароніць падлеткам да 16 гадоў карыстацца сацыяльнымі сеткамі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна7

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Галоўнае
Усе навіны →