У Калінкавіцкім раёне зноў затрымалі былога палітвязня з анкалагічным захворваннем
16 сакавіка ў Калінкавіцкім раёне быў затрыманы былы палітвязень Аляксей Раманаў. Ён знаходзіцца ў ІЧУ, паведамляе «Радыё Свабода».
У канцы 2020 года Раманава асудзілі за абразу Лукашэнкі на год калоніі. Цалкам адбыўшы свой тэрмін, Аляксей выйшаў на волю 23 лістапада. Пасля вызвалення ў Аляксея забралі другую групу інваліднасці, хоць у яго анкалагічнае захворванне.
Аляксей не мог афіцыйна ўладкавацца на працу ў сувязі з адмовамі, падпрацоўваў на будоўлі і рамонце. У адной з вёсак Калінкавіцкага раёна Аляксей дапамагаў знаёмай з рамонтам дома.
Напярэдадні, 15 сакавіка, міліцыя шукала яго па месцы рэгістрацыі ў Гомелі. Са слоў крыніцы, супрацоўнікі сказалі, што павінны забраць яго «мінімум на трое сутак» «за падзеі 2020 года». Яму сказалі ўзяць з сабой тэлефон для праверкі «сувязі з забароненымі ў Беларусі арганізацыямі».
Паведамляецца, што Аляксей Раманаў абвясціў галадоўку ў знак пратэсту супраць незаконнага затрымання.
Каментары