ЗША дыстанцыйна выдалілі сакрэтную інфармацыю з беспілотніка, які ўпаў у Чорным моры
Злучаныя Штаты паспелі выдаліць сакрэтнае праграмнае забеспячэнне з беспілотніка MQ-9 Reaper перад тым, як ён упаў у Чорнае мора. Гэта зроблена, каб не дапусціць атрымання Расіяй сакрэтнай інфармацыі, паведамілі тэлеканалу CNN два амерыканскія чыноўнікі на ўмовах ананімнасці.
Дыстанцыйнае выдаленне праграмнага забеспячэння беспілотніка было зроблена пасля яго сутыкнення з двума расійскімі знішчальнікамі Су-27 14 сакавіка.
Са слоў аднаго з суразмоўцаў CNN, сутыкненне адбылося прыкладна за 72 кіламетры на паўднёвы захад ад Крымскага паўвострава. А ўпаў амерыканскі дрон прыкладна за 112 кіламетраў на паўднёвы захад ад Крыма.
Паводле версіі амерыканскага боку, расійскія самалёты скінулі авіяцыйнае паліва на MQ-9, пасля чаго адзін з іх сутыкнуўся з беспілотнікам, пашкодзіўшы яго прапелер.
Сакратар Рады бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў раней заявіў, што РФ паспрабуе знайсці абломкі беспілотніка.
Каментары