Гэта легендарнае фота з пратэстаў вы дакладна бачылі. Вялікае інтэрв’ю з яго аўтарам, якога эвакуявалі з Беларусі. «Павінен быў здымаць 9 жніўня вяселле сілавіка»
Руслан заўважыў, што за ім сочаць яшчэ ў снежні 2022-га. Але тады не надаў гэтаму значэння. Зразумеў, што трэба з'язджаць з краіны, у лютым: тады сілавікі прыйшлі да яго па месцы прапіскі. Руслан Серадзюк расказаў «Нашай Ніве», як сілавікі спрабавалі яго выманіць, і раскрыў гісторыю вядомага фота з пратэстаў.
«Гляджу камеры, а там стаіць каля дзвярэй трое мужчын з ГУБАЗіКа»
Яшчэ да таго, як Руслан заўважыў, што за ім сочаць, пачаліся дзіўныя рэчы. Напрыклад, былі спробы ўваходаў з розных прылад у яго акаўнты ў сацыяльных сетках.
«У мяне стаяла двухфактарная аўтэнтыфікацыя, таму іх спробы не ўвянчаліся поспехам. Спісваў на тое, што нейкія ашуканцы, — расказвае ён. —
Сёлета 8 лютага патэлефанаваў нейкі мужчына замовіць фотаздымку. Ён размаўляў на фірмовай трасянцы. Сказаў, што жонка абрыдла, хоча сямейны фотасэт.
Я пацікавіўся ў яго, як пра мяне даведаўся. Адказаў, што ў інтэрнэце, і нібыта я на Новы год здымаў карпаратыў ягонай жонкі. А я ў гэты перыяд не быў у Мінску. Патлумачыў, што я больш рэпартажны фатограф, і пачаў злівацца. Хацеў параіць калегаў, але ў гэтага чалавека не было ніякіх месенджараў, сацсетак, куды б можна было адправіць кантакты. Гэта было вельмі дзіўна.
Праз паўтары гадзіны патэлефанавала яго жонка. Прапанавала пафатаграфавацца непасрэдна ў гэты момант, нібыта ўжо забраніравана студыя. Спытаў назву, а яна не можа назваць. І фінальнае — плаціць была гатовая любыя грошы».
Потым Руслану пачалі пісаць у інстаграме са старонкі з нулём падпісчыкаў, без публікацый і са сцягам на застаўцы.
«Праз некалькі дзён пасля гэтага да мяне ўжо дайшлі сілавікі па месцы прапіскі. І я зразумеў, што трэба з'язджаць», — тлумачыць ён.
10 лютага Руслан паехаў у невялікі горад недалёка ад мяжы з Расіяй. Хлопец выключыў тэлефон і паклаў яго ў чахол — клетку Фарадэя (вынаходства англійскага фізіка Майкла Фарадэя, якое выкарыстоўваюць для экранавання апаратуры ад вонкавых электрамагнітных палёў), каб не было сігналу.
Яшчэ раней Руслан каля ўваходу ў сваю кватэру ўсталяваў камеры відэаназірання. Яму прыйшло апавяшчэнне, што хтосьці спрабуе ўвайсці ў яго кватэру, калі ён ужо быў у Расіі.
«Гляджу камеры, а там стаіць каля дзвярэй трое мужчын з ГУБАЗіКа, ксіва была бачная толькі ў аднаго. Ён дастаў яе, каб суседзям паказваць, але нікога з іх, відаць, не было дома.
Званілі ў дзверы, спрабавалі мне набраць на тэлефон. Злаваліся, грукаліся да суседзяў. Нейкім чынам з майго нумара яны патэлефанавалі майму калегу. Але той не падняў. Магчыма, спрабавалі перавыпускаць сімку, каб увайсці ў акаўнт», — лічыць ён.
Тады Руслан зразумеў, што справы кепскія, і звязаўся з «Байсолам».
«Выслаў ім дакументы на візу, пацвярджэнне рэпрэсій у адносінах да мяне ў 2020-м. У Вільню прыехаў 7 сакавіка», — кажа хлопец.
«Пераезд з-за страты працы ў Беларусі нікога не радуе»
Руслан абраў Вільню як горад для жыцця, бо ў яго тут даволі шмат сяброў і ёсць камерцыйны план.
«У Літве мала фатографаў, якія займаюцца камерцыйнай здымкай. Мясцовыя фатографы звычайна пераязджаюць кудысьці далей, напрыклад, у Германію, Італію, і там працуюць. Вядома, ёсць яшчэ адна прычына: у Вільні вялікая палітычная тусоўка, і сам горад знаходзіцца блізка да Беларусі. У выпадку пачатку нейкіх дзеянняў, хутка змагу патрапіць у краіну», — тлумачыць ён.
Якая цяпер атмасфера ў Мінску?
«Шмат хто ў прыгнечаным настроі, шмат хэйту пра нашых лідараў. Да многіх стала даходзіць, што мірны пратэст быў не зусім слушным. Некаторыя думаюць, што лепей бы не пачыналі, толькі горш зрабілі. Пераезд з-за страты працы ў Беларусі нікога не радуе», — апісвае ён.
Увогуле хлопец заставаўся ў краіне, бо чакаў дзень Х, калі зноў трэба будзе выйсці і зафіксаваць тыя ці іншыя падзеі. Як у 2020-м.
«Бачыў, што многія фатографы з'язджалі з Мінска, — кажа ён. — Думаў, што калі нешта пачнецца, дык буду патрэбны. Таму залёг на дно. Нават не дасылаў лісты палітвязням, баяўся, што гэта можа неяк прыцягнуць да мяне ўвагу».
У турме са знаёмых Руслана цяпер сядзіць яго сяброўка дзяцінства. Яна была памочніцай пракурора.
«У лісце яна мне напісала, якая класная была пара дзяцінства, тады ўсё было добра.
Яна вельмі любіла сваю працу, законы. Дапамагала лавіць сапраўдных злачынцаў», — расказвае ён.
«Прыляцела мне па галаве, білі дубінкамі»
У 2020-м Руслан Серадзюк адседзеў 15 сутак. Калі яго затрымалі, ён фатаграфаваў марш 25 кастрычніка.
«Памятаю, здымаў бабуль, якія сядзелі на лавачцы, а перад імі амапаўцы са шчытамі, — згадвае ён. —
Звычайна я прапрацоўваў маршруты па сыходзе з маршу, але ў той раз чамусьці пабег за натоўпам.
Сілавікі спецыяльна сталі завабліваць людзей у кола. Яны пабеглі за імі, думалі, што амапаўцы ўцякаюць.
Я прыбег да ўваходу Цэнтральнага РУУС, з будынку — сілавікі, якія пачалі страляць над галовамі. А я падышоў вельмі блізка, яшчэ нейкай журналістцы перад гэтым сказаў, што трэба ўзяць шырокавугольны аб'ектыў, атрымаецца добры кадр. Гранаты абляталі мяне, настолькі я блізка стаяў.
Потым пачалася цісканіна. Сілавік пачаў біць некага, я яго стаў адштурхоўваць. Прыляцела мне па галаве, білі дубінкамі. Злавілі і сталі проста лупіць. Крыкнуў, што я фатограф, — перасталі. Яшчэ трымаў у гэты момант кнопку спуску на камеры, думаў, ці мала які варушняк.
Спыталі, ці ёсць у мяне акрэдытацыя. У каго яна тады была. «Табе канец», — крыкнулі мне.
Камеру ў мяне забралі. Калі на руках яшчэ не было сцяжак, падняўся і паспрабаваў уцячы, але мяне пацягнулі за лямку заплечніка, павалілі і адлупцавалі зноў. Білі па нагах, галаве, руках.
Як мне растлумачылі медыкі потым, б'юць яны ўвесь час у адно месца — па суставах, каб ускладненні потым былі на працягу ўсяго жыцця».
На вуліцы Арлоўскай, наўпрост на дарозе, Руслана паклалі галавой да аўтазака, які пачаў рухацца ў яго бок.
«Смяяліся, што я пачаў перакочвацца, варушыцца. Але разумеў, што гэта проста ціск такі.
Мянты былі вельмі задаволеныя, што затрымалі шмат людзей. Абмяркоўвалі, якая ў іх класная тактыка. Убачыў нашага «героя» ў шапачцы і скураной куртцы — Карпянкова. Ён ударыў нагой у твар мужчыну, які ляжаў перада мной. Думаю, яму проста гэта падабалася.
Я яшчэ звярнуў увагу, што святло добрае было, блікавала яго куртка, аўтазак, фары свяцілі, дарога, падумаў, што антуражны здымак мог бы атрымацца», — расказвае ён.
«Праблемы былі з суставамі, калені балелі»
Падчас усіх сваіх перасоўванняў Руслан неаднаразова чуў, як следчы пытаўся ў сілавікоў, навошта тыя б’юць людзей. Тыя ж адказвалі, што той зараз сам пойдзе разганяць пратэсты, каб стала зразумела.
«Следчыя, дарэчы, дапамаглі мне схаваць тэлефон у заплечнік, — кажа ён. —
Я зайшоў у аўтазак, сеў у «стакан», у якім было шэсць чалавек. Яны сказалі стаяць, а я сядзеў. Выцягнулі мяне і сталі біць. Потым закінулі ў аднамесны «стакан», але я зноў сеў. Мяне збілі яшчэ раз.
«Апусці рукі, цябе лупіць нязручна», — сказаў адзін з сілавікоў. І потым прыставіў галаву да сценкі аўтазака, а другі стукнуў у галаву аб сценку. Зваліўся, сталі біць нагамі ў жывот.
На падлозе ў аўтазаку быў бчб-сцяг у крыві. І яны чамусьці адчынілі дзверы і сказалі мне пацалаваць наш сцяг. Потым прымусілі легчы пад лаўку, а там жа няма месца, утрамбоўвалі мяне нагамі. «О, улез», — кажуць.
У камеры ў баранавіцкім ІЧУ Руслан з сукамернікамі знайшлі сала і тытунь у падушцы. Нехта папярэдні схаваў.
Сала з’елі, у прыбіральні пакурылі.
Пасля збіцця сілавікамі Руслан доўга аднаўляўся.
«Праблемы былі з суставамі, калені балелі. Адчувальнасць рук была парушана, — дзеліцца хлопец. —
Пазнаёміўся з класнымі дактарамі. Адзін з іх раней адбіраў людзей у АМАП, «Алмаз». Ён расказваў, што патрабаванні з гадамі станавіліся ўсё менш строгімі. Пытаеш, чым адрозніваецца востраў ад паўвострава, калі не разумее пра што гаворка — туды бяруць».
«Хацеў бы паздымаць на вайне»
Чалавека з легендарнага здымка, які зрабіў Руслан, ён знайшоў даволі хутка.
«Стаяў ён на сваёй машыне, на дугах, каб увагнутасцяў не было, — расказвае ён. —
Калі выходзіў на пратэсты, натхняўся здымкамі журналістаў Magnum. У той момант мая дзяўчына падказала, што гэта будзе мой найлепшы кадр. Першапачаткова хацеў яго выдаліць: чамусьці тады мне здавалася, што здымак хлопца з голым торсам, які выходзіць да АМАПа, будзе больш сімвалічным.
Сам фотаздымак зрабіў выпадкова на скрыжаванні вуліц Ціміразева і Машэрава. Чаму выпадкова? Я хацеў забрацца на апошні паверх будынка, але паляцелі гранаты і я не змог. Калі б туды пайшоў, то гэтага здымка не было б».
Калі гэтае фота беларусы сталі посціць у сацсетках, яго апублікавалі ў СМІ, Руслан радаваўся.
«У цэлым сутнасць усіх гэтых маіх здымкаў з пратэстаў у тым, каб як мага больш людзей убачыла, што адбываецца ў Беларусі. Я думаў, што 9-11 жніўня будзе не так шмат фотакарэспандэнтаў. І мне падавалася, што магу зрабіць добрыя працы.
Калі пачынаў кар'еру, бачыў працы сусветных фатографаў і вырашыў, што хацеў бы паехаць паздымаць на вайне. Думаў пра гэта шмат першыя дні вайны ва Украіне. Мяне спыніў брат, сказаў, што я спатрэблюся ў Беларусі, а там ёсць свае фатографы», — расказвае пра сваю мару Руслан.
«Павінен быў здымаць 9 жніўня вяселле сілавіка»
Станавіцца фатографам хлопец не планаваў. Усё жыццё займаўся камп’ютарамі, вучыўся ў БДУІРы два курсы.
Адзіная дзявятка ва ўніверсітэце ў Руслана была па праграмаванні. Па астатніх прадметах — тройкі.
«Потым пачаў займацца графічным дызайнам, забіў на праграмаванне і сышоў з універсітэта, — кажа ён. — Уладкаваўся на СТБ у 2012-м годзе, там першы раз сутыкнуўся з «саўком». Рабіў ролік ім нейкі, прыйшоў журналіст і сказаў, што хмарачосы ў відэа не патрэбны, трэба вёска, хаты, гэта людзям зразумела.
У мяне сябры працавалі ў клубах розных, фатаграфавалі, відэа здымалі. Я ўжо тады спрабаваў, але ў мяне не было сваёй камеры. Пасля купіў і так пачаў займацца фатаграфіяй з 2014 года».
Рэпартажнымі фотаздымкамі з клубаў хлопец зарабляў грошы, але яму хацелася зрабіць свой унёсак у гісторыю.
Калі Руслан ішоў здымаць пратэсты, яму не было страшна.
«Перад пратэстамі глядзеў ролікі, як лепш абыходзіць будынак, каб не трапіцца сілавікам. Дзівіўся людзям, якія думалі, што нікога не будуць біць, чапаць. Ведаў, што будзе гамон», — расказвае ён.
2020-ы не стаў для хлопца адкрыццём: пра сітуацыю ў краіне ён добра ведаў і раней.
«Неяк гуляў у камп'ютарныя гульні, у камандзе быў кадэбэшнік. Ён усё расказваў, як канфіскаваную пагранічнікамі тэхніку па знаёмстве аддаваў і як у 2010-м пратэстанта вывеў у прыбіральню, там ударыў галавой аб ракавіну. Тады ўсё зразумела мне стала.
Але асабліва да 2020-га не паглыбляўся, хаця заўсёды быў супраць Лукашэнкі», — тлумачыць ён.
Руслан згадвае, як яшчэ да выбараў здымаў вяселле кадэбіста.
«Пасля 2020-га думаў, што яму трэба было горшыя фотаздымкі аддаць, чым я зрабіў, — смяецца хлопец. — Памятаю, як ён напіўся і казаў звяртацца мне да яго, калі будуць праблемы.
Цікава, што я павінен быў здымаць 9 жніўня таксама вяселле сілавіка. І ён за тыдзень да мерапрыемства перастаў выходзіць на сувязь.
Таксама здымаў універсітэцкі выпускны памочніцы пракурора. На мяне падпісаліся ў інстаграме яе калегі. Адна з іх казала, што яе ў сэксуальным плане заводзіць, калі яна садзіць мужчыну. Яна мне потым пралайкала пасты ў інстаграме, дык я напружыўся».
«У мяне вялікі архіў з пратэстаў»
Любімыя фотаздымкі ў Руслана тыя, якія былі на флэшцы, калі яго затрымалі.
Тады ў яго забралі камеру, а разам з ёй і флэшку з аб’ектывам.
«Напрыклад, той, дзе бабулі перад АМАПам, хлопец, які скочыў на «Рубеж», а ў яго стрэлілі. Але іх забралі разам з камерай пры затрыманні.
У мяне вялікі архіў з пратэстаў, большасць фота не апублікавана. Хачу іх апублікаваць без твараў людзей. Захоўваў на асобным серверы, ён быў не са мной. Усё дублявалася ў людзей, якія былі не ў краіне».
«Байсол» адкрыў збор для Руслана. Падтрымаць фатографа можна па спасылцы.
Чытайце таксама:
Беларуская фатографка зрабіла рэзанансную паштоўку да 8 Сакавіка
Каментары
https://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/312093
Так думаюць толькі тыя, хто нічога не рабіў
У мяне няма знаемых з такім мяркаваннем.
Калі б мы нічога не рабілі, то ўжо б ваявалі з украінай, а у свеце нас лічылі быдлам як расеянцаў, а нашым прэзідэнтам лічылі б лукашэнку....
чаму Украіна з маленькай літары? а так - не ваюеце?
калі б не такі 20 у Беларусі, то не было б такога 22 ва Украіне з удзелам нявольным Беларусі