У Spotify з'явілася нейрасетка-дыджэй, якая сама падбірае музыку на ваш густ
Штучны інтэлект ужо выкарыстоўваецца ў ЗША і Канадзе, а потым стане даступны ў большасці краін.
Spotify 22 лютага афіцыйна выпусціў абнаўленне з новай нейрасеткай DJ, якая будзе займацца падборкай трэкаў на аснове вашых пераваг і музычных густаў, суправаджаючы гэта сваімі ўласнымі каментарамі і парадамі.
Па заявах кампаніі, DJ пры дапамозе свайго «неймаверна рэалістычнага голасу» (спісанага з аднаго з супрацоўнікаў, які вядзе стрымы) зробіць працэс падбору музыкі максімальна нязмушаным і расслабленым.
Ён будзе апісваць для вас выканаўцаў і іх кампазіцыі, гарманічна разбаўляючы гэта цікавымі фактамі і нават сваімі жартамі.
«Ён адсартуе свежую музыку і ўспомніць некаторыя з вашых старых любімых песень — магчыма, нават зноўку знойдзе тую самую песню, якую вы не слухалі гадамі, альбо страцілі. Затым ён прааналізуе, што вам можа спадабацца, і прапануе паток трэкаў, падабраных спецыяльна для вас. І больш за тое, ён увесь час будзе абнаўляць лінейку на аснове вашых водгукаў», — распавядае кампанія Spotify.
Пры гэтым яна дадае, што чым больш вы будзеце выкарыстоўваць новую нейрасетку DJ, тым лепш яна дазнаецца пра вас і вашы густы, што лепш адаб'ецца на падборы музыкі.
У гэты момант гэтую функцыю ўжо можна выкарыстоўваць пры наяўнасці прэміум-падпіскі ў ЗША і Канадзе толькі на англійскай мове. Потым атрымаюць доступ карыстальнікі і з іншых краін.
Каментары