У Саудаўскай Аравіі з'явіцца высокатэхналагічны хмарачос у форме куба
Ён стане «адным з найбуйнейшых збудаванняў у свеце».
У Саудаўскай Аравіі пабудуюць новы высокатэхналагічны раён з гіганцкім кубічным хмарачосам. Пра гэта 16 студзеня паведаміў Суверэнны фонд Саудаўскай Аравіі — адзін з найбуйнейшых фондаў у свеце з агульным капіталам у 620 млрд даляраў (звыш 1,5 трыльёна беларускіх рублёў).
Раён New Murabba плошчай 19 квадратных кіламетраў будзе пабудаваны на паўночным захадзе Эр-Рыяда. У цэнтры новага раёна будзе ўзведзены гіганцкі куб Mukaab памерам 400×400×400 метраў, у якім будзе знаходзіцца спіралепадобная высокая вежа і масіўныя галаграфічныя экраны з функцыяй імітацыі розных відаў асяроддзя і неба.
Па задумцы аўтараў, New Murabba стане «новым тварам Эр-Рыяда і брамай у іншы свет», а Mukaab — «адным з найбуйнейшых створаных збудаванняў у свеце».
«Праект New Murabba будзе ўключаць больш за 100 тысяч кватэр і 9 тысяч гасцінічных нумароў, а таксама больш за 980 тысяч квадратных метраў розных крам і амаль паўтара мільёна квадратных метраў офісных памяшканняў. Туды ж увойдуць 80 забаўляльных і культурных пляцовак, універсітэт тэхналогій і дызайну, шматфункцыянальны імерсіўны тэатр і музей», — паведаміў Суверэнны фонд Саудаўскай Аравіі.
Таксама ён распавёў падрабязнасці пра новы хмарачос Mukaab, які, па словах архітэктараў, «зможа размясціць у сабе 20 будынкаў памеру Эмпайр-стэйт-білдынг».
«Mukaab будзе пабудаваны ў сучасным архітэктурным стылі і заключаны ў кубічны фасад, што дазволіць максімальна задзейнічаць вольную прастору для размяшчэння віртуальных і галаграфічных тэхналогій. Сама плошча куба будзе дасягаць 2 мільёнаў квадратных метраў і ў ім размесцяцца мноства крам, культурных і турыстычных месцаў, а таксама амаль ва ўсю вышыню атрыум, у якім будзе знаходзіцца спіралепадобная вежа», — падкрэслілі ў Суверэнным фондзе.
Сам кошт будаўніцтва пакуль невядомы, але канчатковы тэрмін яго рэалізацыі датуецца 2030-м годам. Таксама вядома, што планы па стварэнні New Murabba і Mukaab уключаны ў больш глабальны праект Саудаўскай Аравіі пад назвай Saudi Vision 2030.
У рамках гэтага праекта ўрад краіны таксама плануе ўзвесці з нуля высокатэхналагічны «горад будучыні» Неом, коштам звыш 500 млрд даляраў (амаль 1,4 трлн бел. руб.), пра што мы ўжо пісалі раней.
Каментары