Алімпійская рада Азіі (АРА) выступае за допуск расійскіх і беларускіх спартсменаў да сваіх турніраў, гаворыцца ў заяве на сайце арганізацыі.
«АРА верыць у аб'яднаўчую сілу спорту і тое, што ўсе спартсмены, незалежна ад іх нацыянальнасці або пашпарта, павінны мець магчымасць удзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах. АРА прапанавала расійскім і беларускім спартсменам, якія маюць права на ўдзел, выступаць у спаборніцтвах у Азіі, у тым ліку ў Азіяцкіх гульнях», — заявілі ў Алімпійскай радзе Азіі.
Пры гэтым АРА падтрымала заяву выканкама Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) аб салідарнасці з Украінай, санкцыях супраць Расіі і Беларусі і статусе спартсменаў з гэтых краін. Рада пакуль чакае адказу ад МАК пра ўмовы вяртання расійскіх і беларускіх спартсменаў.
Азіяцкія гульні — аналаг Алімпійскіх гульняў для краін Азіі. Найбліжэйшыя спаборніцтвы пройдуць з 23 верасня па 8 кастрычніка ў кітайскім Ханчжоу. У асобных відах спорту на іх будуць разыграныя квоты на летнія Алімпійскія гульні 2024 года ў Парыжы.
25 студзеня выканкам МАК паведаміў пра намер разгледзець допуск расіян і беларусаў да спаборніцтваў у нейтральным статусе і пералічыў шэраг умоў, напрыклад, спартоўцы не павінны выказваць актыўную падтрымку вайны Расіі супраць Украіны. МАК заклікаў да ўзмацнення ўжо дзеючых санкцый у дачыненні да Расіі і Беларусі.
Каментары