Жонка палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына расказала аб правакацыях супраць яе мужа. Паводле яе слоў, у ход ідуць як фізічныя, так і інфармацыйныя метады ціску.
Адзін з колішніх вязняў гарадзенскай турмы, мастак і рок-музыка Павал Бялянаў, які цяпер на волі, пацвердзіў спробы правакацый у дачыненні Дзяніса Івашына з боку супрацоўнікаў турмы, напісала Вольга Івашына.
«Магчыма, няўдалую фізічную правакацыю вырашылі замяніць інфармацыйнай. Магчыма, яны проста не ведаюць, што адрозна ад злачынцаў і правакатараў, нам няма чаго хаваць. Павал Бялянаў расказаў, што быў за дзве камеры ад Дзяніса, які, у сваю чаргу, пэўны час сядзеў з Валерыем Троцкім — яго таксама абвінавачваюць у «дзяржздрадзе» ды яшчэ нечым. Відавочна, чэкісты па сваіх старых метадычках спадзяваліся, што хлопцы пачнуць абмяркоўваць «справы» і выдадуць нейкую інфармацыю».
Вольга Івашына падкрэсліла, што фіксуе не толькі наўпроставыя здзекі і катаванні ў дачыненні мужа, а нават такія спробы. З падачы Паўла Бялянава сям’я атрымала інфармацыю, што неаднаразова Дзяніса спрабавалі скампраметаваць, пераводзілі ў камеру з людзьмі, у якіх за кратамі нізкі сацыяльны статус. Аднак, працягвае яна, яе муж даволі хутка адаптуецца да знешніх умоў, вывучае ўнутраныя правілы і традыцыі, а таму зрабіў тое, што робяць вязні ў падобных умовах: запатрабаваў ад ахоўнікаў перавесці яго ў іншую камеру — бо інакш фізічна нашкодзіць сабе, парэзаўшы вены.
21 снежня падчас спаткання з маці гэта пацвердзіў сам Дзяніс, нагадаўшы, што такім чынам мусілі «вырашаць праблему» палітвязні Павал Севярынец, Мікола Статкевіч, Ігар Банцар ды іншыя. У выніку турэмнікі прапанавалі журналісту «альтэрнатыву» — карцар. Дзе той і адбыў у «маразільніку» 10 сутак.
Дзяніса Івашына асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама яго аштрафавалі на 4800 рублёў. Яшчэ Івашын мусіць выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды дзевяці пацярпелым — па 2000 рублёў кожнаму. Хто гэтыя пацярпелыя, невядома, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Каментары