«За пакой з супольнай кухняй — 400 даляраў». Беларуска расказала, як зімуе на Балі
У гэтым годзе Кацярына разам з хлопцам упершыню паехалі зімаваць у цёплую краіну. Крытэрый, па якім абіралі месца, — добра развітая «экасістэма» для экспатаў, таму спыніліся на Балі. Кацярына расказала «Нашай Ніве» пра цэны на адным з самых папулярных астравоў у свеце і тое, па што туды варта ехаць.
Дом, у якім пара здымае пакой. Фота: асабісты архіў
«Заплацілі за білеты 1100 даляраў на дваіх у адзін бок»
Кацярына (імя зменена) з хлопцам абралі горад Чангу. Прыляцелі яны туды ў канцы кастрычніка.
«Мы працуем айцішнікамі, таму важна, каб быў добры інтэрнэт, шмат каворкінгаў.
Я вельмі не люблю зімы. Асабліва лістапад, снежань. Мінулы год мне даўся складана, была дэпрэсія. Заўсёды цёмна, а я яшчэ працую па аўстралійскім часе, даводзіцца рана ўставаць. Адчуваеш сябе ў нейкай спячцы. А тут увесь час сонца. Падаецца, што дробязь, але гэта неабходна для нармальнай жыццядзейнасці», — кажа дзяўчына.
План ехаць зімаваць на Балі ў пары з’явіўся паўтара года таму. Яны сталі глядзець відэа пра жыццё там, у красавіку 2022-га набылі квіткі.
«Нас выратавала тое, што мы загадзя гэта зрабілі. Ляцелі з Масквы праз Катар. Заплацілі 1100 даляраў за дваіх у адзін бок, у дарозе былі 19 гадзін. Потым, калі глядзелі білеты за два месяцы да вылету, гэты рэйс каштаваў амаль 5000 даляраў. Былі прапановы ад іншых перавозчыкаў, але там давялося б дабірацца двое сутак, цана — ад 2000.
З Грузіі чамусьці білеты былі даражэйшыя, але мы тады паехалі ў Беларусь, таму з Масквы было прасцей ляцець».
Для таго, каб паехаць на Балі, была патрэбна «кавідная» вакцына і віза.
«Цяпер тут вялікі паток людзей за кошт таго, што спрасціліся правілы ўезду — дастаткова мець адну вакцыну. Каб ездзіць па Інданезіі, трэба яшчэ адна — бустарная.
Візу атрымаць проста. Толькі яна нечакана аказалася дарагая — 300 даляраў за аднаго. І гэта толькі на два месяцы. Яна робіцца анлайн, у аэрапорце проста паказваеш, што яна ў цябе ёсць, там ужо на месцы ў пашпарт ставяць штамп.
Цяпер у нас віза заканчваецца, але яе можна двойчы прадоўжыць, не выязджаючы з Балі. І такім чынам знаходзіцца тут паўгода. Проста пойдзем у іміграцыйны цэнтр, аплацім візу і праз два тыдні яе выдадуць.
Ёсць яшчэ віза, якая робіцца па прылёце, — каштуе 30 даляраў. Яна на месяц і прадоўжыць яе таксама можна толькі на такі ж тэрмін. Пасля трэба выязджаць з краіны і ўязджаць зноў. Мы палічылі, што так атрымаецца больш выдаткаў, таму першапачаткова бралі візу з магчымасцю прадаўжэння двойчы», — расказвае Кацярына.
Па словах дзяўчыны, цяпер на Балі самы пік: людзі з усяго свету прыязджаюць туды, каб сустрэць Новы год.
«Кажуць, што ў студзені тут павінны значна знізіцца цэны, — кажа яна.
— Год глядзелі розныя відэа аб тым, як жывуць на Балі. Мала што супала з рэальнасцю, цэны значна вышэйшыя ад таго, што сезон. А яшчэ — краіна адкрылася пасля пандэміі.
Калі цэны застануцца на такім жа ўзроўні, то, магчыма, будзем разглядаць іншую краіну для зімоўкі. Напрыклад, В'етнам».
«У нашым доме 12 з 15 пакояў займаюць расіяне»
На Балі пара арандуе пакой у гасцявым доме за 400 даляраў. Кухня і басейн там супольныя.
«Уключана ўборка — кожны дзень. Раён добры, густанаселены экспатамі, — расказвае дзяўчына.
— Тут няма кватэр, высокіх будынкаў. Варыянты — віла або пакой у гасцявым доме. Раней кошт апошняга быў каля 200 даляраў. Цяпер — ад 400 да 600 за пакой. Віла — ад 1 200 і вышэй».
Знайсці добрае жыллё на Балі даволі складана. Спачатку Кацярына спрабавала шукаць яго праз мабільныя дадаткі, але там практычна ўсё было занята.
«У нас быў усяго тыдзень, каб знайсці жытло. Калі шукаць праз чаты, то часцей за ўсё там будуць прапановы ад расіян, якія нешта знялі і хочуць пераздаць з нацэнкай. У іх такі бізнэс, сродак заробку. Бачыла, што прапаноўвалі вілу за 2000 даляраў, а на сайце ад уладальніка яна каштуе 1200. Такое паўсюдна», — кажа Кацярына.
Тыдзень пара жыла ў гатэлі, пакуль шукала жыллё.
«Потым арандавалі скутар і паехалі глядзець на месцы. Заходзілі ў дамы, пыталіся, здаюць ці не. Так каталіся некалькі дзён, знайшлі гасцявы дом. Сказалі, што адтуль праз два тыдні могуць з'ехаць людзі. І нас пасля засялілі.
Цікава, што ў нашым гасцявым доме 15 пакояў і 12 з іх займаюць расіяне», — расказвае Кацярына.
Па яе словах, харчавацца на Балі нашмат танней, чым у Беларусі і Грузіі. Асабліва калі набываць прадукты на рынку ці гатовую ежу ў вулічных шапіках.
«Там дастаткова танна, але ёсць рызыка атруціцца. Ежа там, вядома, мясцовая. Напрыклад, рыс, курыца, гародніна — 1,5 даляра. У той жа час ёсць вельмі шмат кафэ, рэстаранаў, якія адкрылі экспаты. У асноўным расіяне тут маюць такі бізнэс.
Хаця, наколькі я ведаю, на Балі неспрыяльныя ўмовы для вядзення бізнэсу. У падрабязнасці не ўдавалася, але кажуць, што справы вырашаюцца, як у дзевяностыя.
У мясцовых няма культуры хадзіць закупляцца ў краме. Таму крамаў вельмі мала, а калі і ёсць, то для прыезджых. Людзі тут ходзяць па прадукты на рынак.
Вялікі пакет садавіны і гародніны можна купіць за 10—15 даляраў. Кілаграм курыцы будзе каштаваць у раёне 4 даляраў. Калі закупляцца ў супермаркетах — значна даражэй, чым у Грузіі ці Беларусі», — расказвае Кацярына.
На востраве ёсць праблемы з малочнымі прадуктамі. Напрыклад, смятаны і кефіру няма.
«Толькі малако каштуе 2 даляры, сыр можна знайсці, масла. Ёсць адзін від ёгурту, але ён дарагі — 7 даляраў.
У цэлым у месяц на ежу мы трацім на дваіх прыкладна 600—700 даляраў», — падлічвае дзяўчына.
«Ёсць варыянты, куды паехаць, бо востраў вялікі»
На Балі шмат храмаў — амаль што ў кожным доме. Мясцовае насельніцтва некалькі разоў на дзень робіць паднашэнні багам.
«Інданезія пераважна мусульманская краіна, а на Балі — мясцовы варыянт індуізму. Людзі робяць з нейкай травы кошычак, у яго кладуць кветкі, ежу, напрыклад, хлеб, зверху ставяць араматычную палачку, якая дыміцца — так выглядае паднашэнне багам», — расказвае Кацярына.
Грамадскага транспарту на Балі няма, цягнікоў і маршрутак таксама. Большасць людзей перасоўваецца на скутарах альбо матацыклах.
«На машыне праблемна, бо шмат затораў, — тлумачыць яна. —Арэнда скутара каштуе ад 70 да 400 даляраў. Мы арандавалі за 120 за месяц.
Падабаецца, што тут ёсць варыянты, куды паехаць, бо востраў вялікі. Здавалася б, пляжы ўсе аднолькавыя, але на Балі не так: яны розныя — пясок жоўты, белы або чорны, могуць наогул камяні ляжаць.
З забаў магу параіць з'ездзіць на вулканы, там цэлыя туры. Ездзілі на поўнач Балі паглядзець на патанулы карабель часоў Другой сусветнай вайны, там можна пагрузіцца ў ваду».
З мінусаў на Балі — забруджаны пластыкам акіян.
«Побач з Балі ёсць густанаселены востраў, там людзі ўвесь час выкідаюць смецце ў акіян. І калі прылівы — гэта ўсё хвалі прыносяць да нас. Немагчыма нават па калена зайсці ў ваду, бо ўсё ў пакетах.
З плюсоў для мяне — прастата ў побыце: не трэба думаць пра ацяпленне, цёплае адзенне, прыборку і гатаванне ежы», — падсумоўвае яна.
Вы таксама паехалі на зімоўку ў экзатычную краіну і хацелі б расказаць пра свой досвед? Пішыце нам: у Telegram (кантактны акаўнт — nn_editor), на e-mail ([email protected] ці [email protected]).
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары