Крыніцы: «Макдональдс» застаецца, Лукашэнка забараніў мяняць франшызу
Расійскага брэнда «Вкусно — і точка» ў Беларусі не будзе. Казахам забаранілі мяняць франшызу, «Макдональдс» застаецца.
«Макдональдс» вельмі рэдка выдае франшызы і часцей за ўсё ўсім валодае сам. Але ў Беларусі так выйшла, што самога «Макдональдса» не было, быў франчайзі «КСБ Віктары Рэстараны». Ягоны ўласнік — Кайрат Баранбай, казах са сваяцкімі сувязямі з Назарбаевым, цяпер Баранбай у Казахстане апынуўся пад следствам. «КСБ Віктары Рэстараны» працаваў па франшызе, выдадзенай «Макдональдсам». Нейкія памяшканні ў іх былі свае, нейкія — у арэндзе.
На большай жа частцы Расіі працаваў «сапраўдны» «Макдональдс», які, пасля развязвання Расіяй вайны з Украінай, вырашыў сысці з таксічнага рынку і прадаць бізнэс — памяшканні, абсталяванне і г.д.
Усё гэта выкупіў навакузнецкі бізнэсовец Аляксандр Говар, які да таго быў франчайзі «Макдональдса» ў пары дальніх сібірскіх гарадоў. Ён на месцы старых «Макдональдсаў» запусціў новую сетку харчавання «Вкусно — і точка».
Вось пад яе казахі і хацелі перавесці бізнэс.
«Макдональдс» не рабіў заяў, што забараняе працаваць у Беларусі, мінскія ўлады яго таксама ў спіну не пхалі. Былі некаторыя нюансы з адмовамі абнаўляць беларускай франшызе рэцэпты і праграмнае абсталяванне, але ўсё гэта можна вырашыць у перамоўным парадку. Што, відаць, уласніку не зусім зручна рабіць з-пад арышту. Ён вырашыў не змагацца з дробнымі праблемамі, а перакінуцца да «Вкусно — і точка», што яму было зручней па тэхнічных прычынах», — апісвае далейшую хаду падзей абазнаны суразмоўца.
«Лукашэнка забараніў мяняць франшызу. Гэта яго рашэнне. Падобнае нядаўна здарылася і з «Сінэва», якое хацела прадацца рускім, але ім забаранілі. Толькі ў размове з «Макдональдсам» аб продажы гаворка не ішла, толькі пра замену франшызы. Але забаранілі. Гэта ўжо дакладна», — дадае суразмоўца.
Чаму для рэжыму важна не страчваць прадстаўніцтвы сусветных брэндаў — можна толькі здагадвацца.
Гэта ідзе ўразрэз з публічнай рыторыкай Лукашэнкі: нядаўна ён рытарычна абураўся перад чыноўнікамі, што беларусы «самі не могуць разрэзаць напалам булку».
Пасля гэтага па «Макдональдсе» прайшліся і прапагандысты і дэпутаты, ад Ананіч да Азаронка. Але непублічна лукашэнкаўцы змусілі брэнд застацца.
І, па інфармацыі «Нашай Нівы», такая ўстаноўка сыходзіць асабіста ад Аляксандра Лукашэнкі.
«У цэлым у Лукашэнкі няма пазіцыі, што заходнія брэнды ці вытворчасці павінны сысці з краіны. Наадварот, ім у асабістых сустрэчах і лістах усяляк даводзіцца, што іх працу цэняць, што яны могуць заставацца спакойна, што ім не трэба нікуды бегчы. Гэта адрозніваецца ад публічнай пазіцыі Лукашэнкі, а таксама ад пазіцыі Пуціна. Ну яно і ясна: у Расіі кампаніі з заходнімі каранямі выкупляе расійскі капітал, а ў нас гэта быў бы расійскі капітал, які і без таго вельмі і вельмі прысутны», — дадае іншы суразмоўца.
Каментары