Спорт33

Папоў: Наш вораг — не такі вялікі, гэта ўсё тыя ж 3%, і яно вылезе

«Бачу, што павялічваецца разрыў паміж тымі, хто з’ехаў з Беларусі, і тымі, хто застаўся. Абодва бакі крыўдзяцца адзін на аднаго. Я за тое, каб людзі разумелі, што наш вораг — не такі вялікі, гэта ўсё тыя ж 3%», — кажа самбіст-чэмпіён Сцяпан Папоў. Нічога не мінула: «Калі ты маўчыш, ты копіш гэта ў сабе, і яно вылезе так, што мала не пакажацца». І расказвае пра сваё адкрыццё Еўропы. «У Еўропе любы кур’ер на ровары зарабляе больш, чым у Беларусі чэмпіён свету». «Галоўны вораг — ідэі «рускага свету», — прыходзіць да высновы Папоў. Вялікая гутарка з «Нашай Нівай» пра эміграцыю, спартыўнае супраціўленне і арышт паплечніка, а таксама пра тое, што зараз мусіць рабіць кожны беларус.

Усе фоты: архіў Сцяпана Папова

Пра пераезд у Польшчу

Папоў з’ехаў з Беларусі больш за год таму, падчас Алімпійскіх гульняў у Токіа. Спачатку накіраваўся ў Турцыю, дзе хацеў правесці адпачынак і заадно паглядзець, як будуць развівацца справы на радзіме. Потым беларус зразумеў, што дахаты вяртацца небяспечна, і застаўся ў Турцыі, дзе праходзіў анлайн-навучанне па працы.

Пазней Сцяпан апынуўся ва Украіне, а потым туды прыйшла вайна. Расказвае, што думаў пазбегнуць другога выгнання, але паразмаўляў з сябрамі — украінскімі самбістамі — і ўбачыў, што яму няма чаго рабіць ва Украіне:

«У Кіеве было небяспечна з беларускім пашпартам — было незразумела: ці прыйдуць рускія, а для рускіх я вораг, і ўкраінцы таксама могуць мяне так успрыняць. Паехаў у Львоў, убачыў, як там хлопцы служаць у тэрабароне, і зразумеў: гэта іх краіна, і яны яе будуць абараняць да апошняга. У мяне заканчваўся тэрмін дзеяння дакументаў, і трэба было выехаць, таму я паехаў у Польшчу».

Цяпер Сцяпан ва Уроцлаве — вялікім горадзе на паўднёвым захадзе Польшчы. Самбіст расказвае, што гэта горад з добрай беларускай суполкай, які трошкі нагадвае Мінск: «Падобны па плошчы, не надта маленькі і не надта вялікі, людзей жыве трошкі менш, чым у Мінску. Няма хмарачосаў, як у Варшаве, нічога не напружвае, прыгожы стары горад. Спадабалася, што ён адзін з самых цёплых у Польшчы, побач знаходзяцца Чэхія і Германія, так што размяшчэнне дужа добрае».

У жніўні гэтага года да беларуса прыехала жонка з дзецьмі, і разам яны часта падарожнічаюць па краіне.

Сам Папоў мае дзве падпрацоўкі, апісвае іх як «фізічную і звязаную з працай на камп’ютары», а таксама набірае ахвотных патрэніравацца ў яго. Сваю залу мужчына пакуль адчыняць не гатовы, расказвае, што няма жадання зараз працаваць над гэтым 24 на 7

і прызвычайвацца да жыцця ў Польшчы, хаця і кажа, што польскі менталітэт яму падаецца блізкім да беларускага. Чакае, што будзе далей, і назірае за падзеямі ва Украіне.

Сустрэча «Мовы Нанова», Уроцлаў. Крайні злева ўнізе — кікбаксёр Іван Ганін, крайняя злева ўверсе — гімнастка Наталля Лешчык.

Спартсмен дзеліцца назіраннямі па вечнай тэме беларусаў, хто пакінуў краіну і не пайшоў на гэта:

«Бачу, што павялічваецца разрыў паміж тымі, хто з’ехаў з Беларусі, і тымі, хто застаўся. Абодва бакі крыўдзяцца адзін на аднаго, заклікаюць да нечага. Я за тое, каб людзі разумелі, што наш вораг — не такі вялікі, гэта ўсё тыя ж 3%.

Не трэба далучаць да іх тых, хто маўчыць, бо яны ператворацца ў 60—70%.

Ад гэтых 3% трэба аддзяліцца, а ўсім астатнім варта быць разам. Абавязкова будзе другая хваля пратэсту, і абавязкова будзе горш. Да гэтага трэба рыхтавацца і маральна, і фізічна, працаваць над сваёй свядомасцю. А яшчэ

трэба дапамагаць адно аднаму, і, калі будзе другая хваля, быць разам, каб паказаць нашу моц і адзінства. Толькі так мы зможам стаць сапраўднымі беларусамі і абараніць сваю краіну, а потым будзем разбірацца адно з адным, бо галоўны вораг — рускі свет».

Папоў дапускае, што будзе праводзіць беларускамоўныя трэніроўкі па самба. Тлумачыць гэта тым, што на радзіме цяпер быць беларусам цяжка, але можна стаць сапраўдным беларусам і тады, калі ты адтуль з’ехаў, быць беларусам у душы і не забываць пра гэта, вывучаць мову, гісторыю і астатняе, чым мы адрозніваемся. Сцяпан таксама лічыць, што як спартсмен ён мусіць паказваць беларусам, што трэба трымаць сябе ў добрым фізічным стане.

Пра Фонд спартыўнай салідарнасці і маўклівых спартсменаў

Па магчымасці Сцяпан дапамагае Беларускаму фонду спартыўнай салідарнасці: падтрымлівае антываенную дэкларацыю ад БФСС, прапаноўваў усім знаёмым спартсменам яе падпісаць. Папоў мяркуе, што ва ўмовах вайны дзейнасць фонду дапамагае захаваць добрае стаўленне да беларусаў: «Тое, што мы можам — гэта наладжваць адносіны праз спорт, і я за тое, каб кожны з нас размаўляў з украінскімі спартсменамі, даносіў да іх, што мы не за рускіх, што мы, беларусы, жадаем жыць вольна і мы супраць Лукашэнкі і яго незаконнай улады.

Калі не будзе такіх спартсменаў, як мы, якія адкрыта падтрымліваюць Украіну, то чым мы адрозніваемся ад рускіх? Нічым. Гэта будзе азначаць, што мы за вайну, што мы хочам быць Расіяй і з Расіяй, гэта значыць, супраць Украіны і Еўропы. Тады будзе цяжка ўсім беларусам: і тым, хто з’ехаў, і тым, хто застаўся».

Беларус расказвае, што для яго маўчанне ў такія часы амаль што роўнае падтрымцы вайны, але ў той жа час ён не жадае заклікаць сваіх калег адкрыта выказвацца. Калі хтосьці публічна маўчыць, але нешта піша ў асабістыя паведамленні ўкраінцам, нешта данаціць, то гэта, лічыць Сцяпан, не маўчанне. Цяпер у Беларусі адкрыта выказваць сваю пазіцыю нельга, і рэч не толькі ў палітыцы: «Калі адкрыта адмовіцца выступаць на спаборніцтвах з рускімі, будзеш пакараны, і нават калі адмовішся ад нечага непалітычнага і скажаш «не» трэнеру ці некаму вышэйшаму, гэта будзе лічыцца ледзь не здрадай».

У беларускім спорце ўсё часцей ставяць на кіруючыя пасады людзей з неспартыўным мінулым, у тым ліку былых сілавікоў, разладу нямала спрыяюць і спартыўныя санкцыі за ўдзел Беларусі ў вайне. Папоў прагназуе, якім у такіх умовах стане айчынны спорт:

«Хутка грошай у спорце стане менш, бо праз бан на міжнародных спаборніцтвах людзі не атрымаюць за іх стыпендыі. У нейкі момант спартсмены пачнуць казаць, што ім нічога не плацяць, паставілі над імі чалавека, які зусім у спорце не разбіраецца і прапануе ім змагацца за 300 рублёў».

Сцяпан нагадвае пра новы закон для ІП, якія не маюць права кінуць працу — нават калі не атрымліваюць прыбытку, павінны працаваць у мінус. Такім жа, мяркуе ён, будзе і стаўленне да спартсменаў — яны будуць працаваць за капейкі і не здолеюць пакінуць спорт: «Калі спартсмены скажуць, што не жадаюць трэніравацца ў такіх умовах, гэта будзе лічыцца здрадай, трэба працаваць без права звольніцца. Такое будзе паўсюль, не толькі ў спорце. Выказваць сваё меркаванне нават па непалітычных тэмах — здрада для гэтай улады, ты павінен маўчаць і рабіць усё, што кажуць».

Навошта тады людзі застаюцца ў беларускім спорце? Папоў лічыць, што большасць чакае перамен, шмат і тых, каму няма куды сыходзіць і чым заняцца. У спартсменаў яшчэ ёсць надзея, што яны паедуць на новую алімпіяду, хаця і невялікая. Прадстаўнікі неалімпійскіх відаў спорту будуць, як і раней, ездзіць на турніры, але гэта не той спорт, што патрэбны рэжыму, каб паказваць сваю ўладу і сцяг на спаборніцтвах, ды і сцяга ўжо не будзе.

Сам Сцяпан не верыць у тое, што афіцыйная беларуская дэлегацыя будзе на Гульнях-2024, бо ўжо ідуць кваліфікацыйныя турніры, дзе даюць ліцэнзіі на Гульні, і беларусы да іх не дапушчаныя. Якая алімпіяда з рускімі, пытаецца самбіст? А беларусы ж выбралі адзіны шлях з Расіяй.

З кікбаксёрам Іванам Ганіным

Але ж усё гэта не значыць, што беларусаў на Гульнях не будзе: «Фонд [спартыўнай салідарнасці] спрабуе зрабіць так, каб беларускія спартсмены змаглі выступаць на алімпіядзе, але толькі тыя, хто адкрыта выкажацца супраць вайны. Бо спартсмен не мусіць маўчаць, ён павінен быць рупарам міру. А калі спартсмен лепіць на сябе літару Z ці адкрыта падтрымлівае дзеянні нелегітымнай улады, якая катуе свой народ, гэта ўжо не спартсмен, а прапагандыст».

Таксама, расказвае Сцяпан, Фонд спрабуе неяк захаваць спорт у Беларусі. Бо калі атлеты будуць разумець, што спорту на радзіме не будзе, тыя з іх, каму ўзрост яшчэ дазваляе, будуць з’язджаць і спрабаваць выступаць за мяжой. Але трэба не толькі дапамагаць, але і мець інструмент пакарання для тых, хто падтрымлівае ўладу і вайну. Ім, лічыць Папоў, не месца на міжнародных турнірах — няхай змагаюцца адно з адным ці з тымі расіянамі, якія таксама за вайну.

Пра затрыманне Хамутоўскага і ролю спартыўнага супраціўлення

У канцы верасня беларусаў шакаваў арышт Васіля Хамутоўскага, знакамітага брамніка, які прыехаў у Мінск на лячэнне. Цяжка яго ўспрыняў і Папоў, які добра ведае Хамутоўскага: «Васіль выказаў сваю пазіцыю, на якую ён меў поўнае права. Ён выступіў супраць вайны, бо знаходзіўся шмат часу ва Украіне і ведаў усё, што там адбываецца. Пасты яго былі лайтовыя, ён шмат выязджаў з Беларусі і прыязджаў туды. Васіль не быў такім актыўным, як я, які з’ехаў і можа выказвацца адкрыта.

Зразумела, што гэта была помста з боку рэжыму, паказчык яго слабасці.

Не маю ніякага страху праз усё гэта, адчуваю толькі злосць і жаданне рабіць нешта далей.

Шмат каго пасля арышту Хамутоўскага здзівіла, што такі вядомы дзеяч спартыўнага супраціўлення наведваў Беларусь. Але, тлумачыць Сцяпан, брамнік хацеў з’язджаць з краіны толькі па працы, бо ведаў, што Беларусь — яго краіна, законы якой ён не парушаў. Васіль шмат разоў ездзіў у Беларусь, да арышту ён правёў там шмат часу і зрабіў аперацыю, там яго сям’я. Таму ён і не быў дужа актыўны, бо разумеў, што цяпер, кажа Папоў, трэба жыць па правілах рэжыму.

Цяпер, праз два гады пасля нараджэння спартыўнага супраціўлення, Сцяпан ацэньвае яго ролю высока — настолькі, што гэтага не чакаў рэжым. Спартсмены, тлумачыць ён, гэта нібыта міжнародныя дыпламаты, якія не замазаныя ў палітыцы. Яны праслаўлялі нашу краіну, ды і спорт асацыіруецца з сілай, цярпеннем, мэтанакіраванасцю. 

Кубак Івуліна ў Варшаве

Цяпер, кажа Папоў, мы зразумелі, што гэтыя асацыяцыі не заўжды апраўданыя, але ў жніўні 2020-га было не так: «Калі шмат спартсменаў — высокіх, моцных, прыгожых — выйшла з вялікім банерам у першых шэрагах натоўпу, гэта было вельмі эмацыйна.

Супраціўленне 2020 года — гэта ж збольшага эмоцыі, гэта не нешта спланаванае і ўзброенае. Усе адчувалі гэтыя эмоцыі і дух беларускага адзінства, усе падтрымлівалі адно аднаго, і спартсмены былі часткай гэтага духу.

Яшчэ і спартыўныя санкцыі шмат на што паўплывалі, гэта былі важныя перамогі: адмена чэмпіянатаў свету па хакеі і пяціборстве, зняцце Аляксандра Лукашэнкі з пасады прэзідэнта НАК, тую пасаду заняў яго сын, але яго таксама дагэтуль не прызнаюць у МАК, іншыя санкцыі. Гэта важныя крокі нашага руху, якія паўплывалі на агульны пратэст».

Вайна ва Украіне, расказвае Сцяпан, прымусіла шмат у кім расчаравацца — і сярод беларусаў, і сярод расіян. Людзі, разважае самбіст, сыходзяць ад свайго ўсведамлення, ад разумення важных рэчаў, і аддаюць свой розум прапагандзе. Ёсць тыя, хто мае ў гэтым свае мэты і карысць, але шмат хто проста выбірае лёгкі шлях, верыць у тое, што яму даюць пад нос, і не хоча разбірацца. Папоў робіць выснову:

«Наша барацьба будзе доўгая і будзе залежаць ад усвядомленасці беларусаў, але Украіна мае тую моц, якая можа абудзіць яе, як мабілізацыя гэта робіць з расіянамі.

Без перамогі над расійскай уладай будзе вельмі цяжка вызваліць Беларусь. Расійская прапаганда прамывае беларусам мазгі, і за год пасля таго, як я з’ехаў, краіна стала зусім іншая. Прапаганда дабралася да маіх знаёмых, якія лічаць, што расійскія вайскоўцы нас ахоўваюць ад нападу Польшчы. Хаця вайна — гэта і дрэнна, але яна паскарае працэс эвалюцыі свядомасці. І справа кожнага беларуса — змагацца і даносіць спачатку да кожнага навокал, а потым і да ўкраінцаў, што мы з імі і мы за ўсвядомленасць».

Пакуль ідзе гэты працэс, Папову не хочацца прызвычайвацца да жыцця ў Польшчы — тым не менш, ён ходзіць на курсы па польскай мове. Збіраецца праводзіць трэніроўкі, але будзе рабіць гэта не дзеля грошай, бо яму ёсць дзе зарабіць.

У Еўропе, заўважае Сцяпан, гэта нашмат лягчэй, чым у Беларусі, бо любы кур’ер на ровары тут заробіць больш, чым у Беларусі чэмпіён свету.

У часы, калі Папоў яшчэ быў у беларускім самба, прэзідэнцкая стыпендыя за чэмпіёнства свету складала 1500 рублёў, гэта 600 даляраў, а кур’еры ў Польшчы, калі хутка ездзяць на ровары, зарабляюць 1000—1500 даляраў. У Еўропе, тлумачыць беларус, атрымаць 1000 даляраў заробку няцяжка, а стаць чэмпіёнам свету не надта проста, тым больш стыпендыю табе даюць на год-два.

«У самба такія заробкі, можа, і зараз застануцца, бо самбістаў не забанілі на міжнародных турнірах. Нікому ў МАК гэты спорт не цікавы, бо баняць у першую чаргу ў алімпійскіх відах спорту, але дабяруцца і да самбістаў. Нават для беларусаў самба — гэта цяпер мазоль: маўляў, мы, прызёры алімпійскіх відаў спорту, не можам атрымаць прэзідэнцкую стыпендыю, а самбісты паехалі і атрымалі 30 стыпендый. Шмат краін байкатуюць цяперашнія турніры па самба, і моцныя спартсмены туды не паедуць, бо самба — гэта цалкам расійскі від спорту, які залежыць ад расійскіх грошай. Калі Украіна перастала ўдзельнічаць у турнірах па самба, яна заклікала і іншыя краіны адмовіцца ад гэтага, але шмат хто туды паехаў, каб атрымаць расійскія грошы.

Самба ператворыцца ў адзін з нацыянальных відаў спорту, які будзе аплачваць Расія. Такіх відаў шмат, тая ж барацьба на паясах. А самба як міжнародны від спорту будзе паміраць і перастане цікавіць хоць некага. Калі прыйдзе час разбірацца, што такое самба і хто яго спансуе, яно пазбавіцца любой міжнароднай падтрымкі», — падсумоўвае Сцяпан.

Што да палітыкі, то сам рэжым сваімі дзеяннямі штурхае, каб тыя, хто за свабоду, працягвалі змагацца. Так, людзей, хто ўнутры краіны, арышты пужаюць і прымушаюць маўчаць.

«Але калі ты маўчыш, ты копіш гэта ў сабе, і яно вылезе так, што мала не пакажацца».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Куды знікла Дар’я Домрачава?

Баскетбалістка Алена Леўчанка скончыла кар’еру. Вось якім быў яе шлях

Чэмпіянат свету па футболе хутка пачнецца. Чаму яго лічаць самым скандальным за ўвесь час?

Каментары3

  • Нажаль
    20.11.2022
    Але ж тры чвэрці прыхільнікаў русского міра і асабіста Светы пад шыльдай "какая разніца, какой язык" — гэта, нажаль, не 3%.          
  • Прымус
    20.11.2022
    Тыя хто кажуць пра 3%, такія ж адарваныя ад рэальнасці як і навіны па БТ. Відавочна, што зацятых ябацек у беларусі не меней за 25-30%
  • Алкадий
    21.11.2022
    Прымус,вы тут не правы. Ябатек реально 3%. Остальные, которых вы записали в 25-30% - это приспособленцы. Чтобы было понятно - это такие же мимикрирующие особи как некоторая часть нашей оппозиции и часть тех, кто сейчас уехал в Европу. Потому что среди уехаших сейчас, в том числе и IT-сферы - много уехало только по причине ультиматума от фирмы-работодателя, так им и в РБ сиделось неплохо, даже лучше, чем сейчас в Европе, где надо снимать апартаменты, а цена выросла из-за: войны и эмигрантов отовсюду, нелюбви к беларусам у многих и просто инфляции.

КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў, адказных за стварэнне спіса «тэрарыстаў»18

КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў, адказных за стварэнне спіса «тэрарыстаў»

Усе навіны →
Усе навіны

У Шчучынскім раёне двое дзецюкоў скралі, а затым вярнулі назад двух парсючкоў

Пакаленне «ні-ні»: хто яны такія і наколькі гэта небяспечная тэндэнцыя?12

У Данецку пасля выбуху ў машыне загінуў начальнік Аленаўскай калоніі ДНР. Яго жонцы адарвала нагу9

Пентагон назваў выдаткі Расіі на вайну з Украінай1

Даляр каштуе менш за 3,4 рубля

Барысаў чакае Лукашэнку — тэрмінова кладуць асфальт і косяць траву5

Беларускі IT-прадпрымальнік Маханёк расказаў, чаму выбраў для жыцця дарагі Нью-Ёрк3

На матчы «Легія» — «Дынама» былі затрыманыя двое мужчын, якія здымалі беларускіх заўзятараў15

«Асад паў. Не бойцеся». Як вызваляюць вязняў сумна вядомых турмаў Сірыі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў, адказных за стварэнне спіса «тэрарыстаў»18

КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў, адказных за стварэнне спіса «тэрарыстаў»

Галоўнае
Усе навіны →