Спорт

Баскетбалістка Алена Леўчанка скончыла кар’еру. Вось якім быў яе шлях

З баскетбола сыходзіць Алена Леўчанка — адна з найлепшых беларускіх баскетбалістак сучаснасці. Яе асоба вядомая і тым, хто не цікавіцца спортам, бо ў 2020-м экс-цэнтравая нацзборнай падтрымала пратэсты і адседзела за гэта 30 сутак на Акрэсціна.

Фота: АР

«Баскетбол… Дзякуй, што выратаваў мяне, фарміраваў мяне на працягу майго жыцця, навучыў мяне стаяць і падымацца. Дзякуй за тое, што дазволіў мне ўбачыць свет, атрымаць сяброў і сувязі, за тое, што навучыў мяне, што быць спартсменам важней за тое, каб проста займацца спортам. Я вельмі ўдзячная. Тут нашыя шляхі разыходзяцца, але я ведаю, што аднойчы мы зноў сустрэнемся», — напісала Леўчанка ў сваім акаўнце ў інстаграме.

Згадваем асноўныя моманты з біяграфіі мужнай беларускі.

Першая беларуская спартсменка, якая зайграла ў ЗША

Алена Леўчанка родам з Гомеля. Там, у мясцовай ДЮСШАР, яна і пачынала займацца баскетболам, пасля чаго перайшла ў Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву ў Мінску.

У 2000 годзе 17-гадовая Леўчанка пераязджае вучыцца ў ЗША, дзе сканчвае каледж у штаце Заходняя Віргінія, з 2001 года Алена выступала ў беларускай баскетбольнай зборнай. Леўчанка выступала ў трох клубах WNBA — жаночага аналага наймацнейшай баскетбольнай лігі свету: у «Шарлот Стынг», «Вашынгтон Містыкс» і «Атланта Дрым». У 2010 годзе ў складзе апошняй з каманд беларуска гуляла ў фінале WNBA, дзе ў трох гульнях «Атланта Дрым» саступіла «Сіэтлу».

У кар’еры Леўчанка ўвогуле шмат клубаў. Сярод іх зорныя «УГМК Екацерынбург» і «Галатасарай», знакаміты для Польшчы «Вісла «Кэн-Пак», некалькі кітайскіх каманд, клубы з Літвы, Лівана і гэтак далей. Што да асабістых тытулаў, Леўчанка — чэмпіёнка Літвы, Расіі і Польшчы, тройчы бронзавы прызёр Еўралігі.

18 гадоў ззяла ў зборнай

У 2007 годзе беларуская жаночая нацыяналка з Аленай у складзе ўзяла бронзу чэмпіянату Еўропы — дасягненне, якое цяпер выглядае легендарным. Тую каманду празвалі «Дзяўчаты Буяльскага» ў гонар трэнера Анатоля Буяльскага, з якім зборная дамагалася сваіх самых значных поспехаў. Акрамя бронзы ЧЕ, сярод іх і ўдзел ў дзвюх алімпіядах (2008, 2016), чацвёртае месца на двух ЧЕ (2009, 2015), і ўсё гэта — з Аленай Леўчанка.

Фота: АР

А ў 2010 годзе Леўчанка ў складзе белзборнай удзельнічала ў баскетбольным першынстве свету. Тады беларускі былі вельмі блізкія да медалёў і прайшлі ў адной чацвёртай Расію, але ў паўфінале саступілі чэшкам, а ў гульні за бронзу — іспанкам. Для Алены той турнір значны яшчэ і тым, што яна была прызнаная найлепшай цэнтравой чэмпіянату.

Славуты шлях Алены ў зборнай скончыўся ў 2019 годзе не самым прыгожым чынам. Як расказвала сама баскетбалістка, яна не здолела пасля траўмы паехаць з нацыяналкай на чэмпіянат Еўропы, пасля чаго яе, гатовую працягнуць выступ за каманду, без папярэджання звольнілі са зборнай.

«Я не сыходзіла са зборнай, не завяршала выступы за зборную. Мяне проста адтуль прыбралі па нейкіх прычынах. Можа, нехта думаў, што я цэлюся на нечыя месцы. Ніколі пра тое не казала, заўжды хацела развіваць жаночы баскетбол у нас у Беларусі. Але, як той казаў, усё таемнае заўсёды становіцца відавочным», — расказвала спартсменка.

Летам 2020-га падтрымала народ

У жніўні 2020-га, праз некалькі дзён пасля выбараў, свет пабачыў адкрыты ліст вольных спартсменаў. У ім атлеты заклікалі спыніць гвалт на вуліцах краіны і правесці новыя, сумленныя выбары. Сярод падпісантаў было шмат вядомых імёнаў: плыўчыха Аляксандра Герасіменя, баскетбалісткі Кацярына Сныціна і Таццяна Ліхтаровіч, экс-футбаліст Генадзь Туміловіч, гімнастка Меліціна Станюта, легкаатлет Андрэй Краўчанка і сотні іншых. Было там і імя Алены Леўчанка, прычым баскетбалістка не толькі пакінула свой подпіс пад лістом, але і неаднаразова выказвалася за народ, і сама выходзіла на мірныя маршы, у тым ліку і разам з іншымі вядомымі спартсменамі.

Фота: commons.wikimedia.org

За гэта ёй давялося пацярпець. 30 верасня 2020 года, калі беларуска збіралася вылятаць у Грэцыю, яе затрымалі і асудзілі на 15 сутак па абвінавачванні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Падчас зняволення знакамітую спартсменку і яе сукамерніц трымалі без гарачай вады, ацяплення, каналізацыі, матрасаў і магчымасці карыстацца душам.

Пасля выхаду на волю Алена вылецела ў Грэцыю, дзе ў студзені 2021 года падпісала кантракт з клубам «Панацінаікас». З імі Леўчанка ўзяла тытул чэмпіёнкі Грэцыі, пасля чаго прайшла праз чарговую — ажно сёмую — аперацыю ў сваёй кар’еры. Пасля гэтага Алена займалася рэабілітацыяй, падарожжамі па Грэцыі і грамадскай дзейнасцю, у тым ліку дапамагала ў Грэцыі збіраць ежу, адзенне і лекі для ўкраінцаў, але на ўсе пытанні аб працягу кар’еры не адказвала, хаця і працягвала трэніравацца. І вось цяпер, нарэшце, усе кропкі расстаўленыя.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Алена Леўчанка: Беларусы нараджаюцца са словам «баяцца» і ведаюць яго лепш за астатніх. Але цяпер вучым іншыя словы

«Ёй удалося адчыніць акно і выгукнуць: «Жыве Беларусь!» Алена Леўчанка пра Наталлю Хершэ, якая сёння адзначае дзень народзінаў

«Вярнуся, калі рэжым зжарэ сябе». Гэтыя беларускія спартоўцы з’ехалі з краіны

Каментары

Тур патлумачыў, што Лукашэнка меў на ўвазе, кажучы пра прызначэнне дырэктараў у прыватныя кампаніі4

Тур патлумачыў, што Лукашэнка меў на ўвазе, кажучы пра прызначэнне дырэктараў у прыватныя кампаніі

Усе навіны →
Усе навіны

Матацыкліст зачапіў тварам дрот, нацягнуты паміж дрэў у лесе пад Гродна4

Фізічныя практыкаванні дапамагаюць аднавіць нервовыя клеткі. Вось як гэта ўдалося даказаць1

У Вільні грузавы «Боінг» упаў на двухпавярховы жылы дом і загарэўся. Ёсць загінулыя3

8 нагод наведаць самы маленькі горад Беларусі4

У Турцыі пасля пасадкі загарэўся расійскі пасажырскі Sukhoi Superjet 100. Каторы раз такое з гэтым самалётам2

Качалоўская: На «Міс Сусвет» я зразумела, што такое жаночая жорсткасць. А ў прыбіральню нас вадзілі ахоўнікі9

Навукоўцы атрымалі першую ў гісторыі выяву фатона5

У Лукашэнкі спыталі, як будуць абіраць нявесту для Колі15

Дызайнерка патлумачыла, чаму беларускія брэнды шыюць мала адзення плюс-сайз5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тур патлумачыў, што Лукашэнка меў на ўвазе, кажучы пра прызначэнне дырэктараў у прыватныя кампаніі4

Тур патлумачыў, што Лукашэнка меў на ўвазе, кажучы пра прызначэнне дырэктараў у прыватныя кампаніі

Галоўнае
Усе навіны →