Гэтая культурная з'ява пранізвае ўсю гісторыю мастацтва, але чаму чалавек ва ўсе эпохі імкнецца запоўніць кожны сантыметр прасторы — застаецца не да канца вытлумачаным.
У выпуску ТОКу з беларускай нобелеўскай лаўрэткай Святланай Алексіевіч пісьменніца згадала ў якасці метафары «паніку незапоўненай прасторы», пра якую пачула ад гіда ў адной старадаўняй мячэці. Тэлеграм-канал «Спадчына» звярнуў увагу на тое, што гэта не проста прыгожы выраз, а сапраўдны тэрмін, якім апісваецца незвычайная з'ява ў сусветным мастацтве.
Упершыню ідэю выказаў, відаць, старажытнагрэчаскі філосаф Арыстоцель, калі, спрачаючыся з магчымасцю існавання вакууму, заявіў, што «прырода не церпіць пустаты».
Тую ж ідэю, «Natura abhorret vacuum», у сваім рамане «Гарганцюа і Пантагруэль» пераказаў выдатны французскі пісьменнік Франсуа Рабле ў першай палове XVI стагоддзя.
Тэорыя была падтрыманая Галілеа Галілеем у пачатку XVII стагоддзя — «Resistenza del vacuo».
Але выявілася, што не цярпіць пустаты і чалавечая натура. Італьянскі гісторык мастацтва Марыа Прац у XX стагоддзі, звярнуў увагу на празмерную перагружанасць інтэр'ераў віктарыянскай эпохі дробнымі прадметамі і дэталямі, якая нярэдка стварала адчуванне візуальнага хаосу.
Гэтую з'яву ён назваў horror vacui — страх пустой прасторы.
Калі пачаць прыкладаць гэты тэрмін да розных эпох і культур, то выяўляецца, што horror vacui пануе амаль над любым традыцыйным візуальным мастацтвам, скульптурай і архітэктурай.
На сценах егіпецкіх храмаў, у рымскім інтэр'ерах, у раманскіх мазаіках, у ісламскім мастацтве, у персідскіх дыванах, у гатычных манускрыптах і разьбе па камені, у архітэктуры храмаў Паўднёвай і Усходняй Азіі, у жывапісе рэнесансу і барока, у эклектыцы, мадэрне, арт-дэко — паўсюль мы адчуваем імкненне мастакоў запоўніць кожны сантыметр прасторы чымсьці.
Сапраўдная рэвалюцыя адбылася ў пачатку XX стагоддзя, калі авангард адмовіўся ад упрыгажальніцтва, аддаўшы перавагу чыстым формам. Перажыўшы перыяд рэакцыі ў сярэдзіне стагоддзя, мастацтва вярнулася да мінімалізму мадэрнізму. Можа быць, чалавецтва ўпершыню пераступіла праз сябе і свой страх пустаты.
Але пераступіць не значыць перамагчы. Мы пастаянна бачым спробы заляпіць усё арнаментам, купіць шпалеры ў вялікія кветкі, зрабіць на дачы карнізы, пілястры і нават вежку.
А што калі не horror vacui нашыя «бабушатнікі»? У тыповай мадэрнісцкай скрыні жалезабетонных сцен хаваюцца пакоі, застаўленыя сервантамі з хрусталём і масай кніг, на падлозе, сценах, канапе і крэсла — рознакаляровыя дываны, вялікая мудрагелістая люстра, карункавыя дарожкі на століках, статуэткі з мясцовага фарфоравага завода на паліцах.
Уласна, таму мы, відаць, так любім гістарычную архітэктуру, а ўсіх гэтых штук са шкла і бетону не заўважаем. Яны служаць толькі абрамленнем, прымусовым падкрэсліваннем чагосьці каштоўнага. Вам хочацца быць бліжэйшымі да карціны Босха, якая вісіць на велізарнай пустой сцяне музея, каб у полі вашага зроку заставаўся толькі яе перапоўнены дэталямі хаос. І тое самае працуе з гістарычнай архітэктурай у сучасным абрамленні.
Страх пустой прасторы для стварэння невытлумачальнага пачуцця трывожнасці выкарыстоўвалі і некаторыя сучасныя мастакі. Сярод такіх твораў карціны амерыканскіх мастакоў — «Свет Крысціны» Эндру Уаета ці «Паўночнікі» Эдварда Хопера.
Прычыны гэтага псіхалагічнага эфекту да канца не зразумелыя, але аўтары канала выказваюць здагадку, што на людзей могуць уплываюць эвалюцыйныя чыннікі: на адкрытым полі нашыя продкі станавіліся ўразлівымі, а ў лясной стракацені галін, лісця, імхоў і грыбоў наадварот — абароненымі.
Якога святога заступніка выбраць квадроберам?
Пустыя рамы ў залах. У Мастацкім музеі навочна паказалі драматычныя страты беларускага мастацтва ў час вайны
Сенсацыя ў Мастацкім музеі — пад «Дзяўчынай» рускага мастака Малявіна знайшлі іншую карціну
Чаму «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» настолькі прыцягальная?
У касцёле ў Францыі знайшлі даўно страчаную карціну Батычэлі
Каментары