Цана газу ў Еўропе ўпершыню з чэрвеня апусцілася ніжэй за 1500 даляраў за 1000 кубоў
Біржавы кошт газу ў Еўропе на таргах 10 кастрычніка знізіўся на 7%, зваліўшыся ніжэй за 1500 даляраў за 1000 кубаметраў, паведамляе «РБК». Танней за 1500 даляраў еўрапейскі газ апошні раз каштаваў у канцы чэрвеня, зніжэнне з максімумаў жніўня — больш чым у два разы.
Зніжэнню каціровак спрыяюць прагнозы цёплага надвор'я ў Еўропе, а таксама звесткі па запасах газу ў сховішчах напярэдадні ацяпляльнага сезона: на 4 кастрычніка газавыя сховішчы ЕС былі запоўненыя ў сярэднім на 90%.
У жніўні цэны на газ у Еўропе скакалі вакол адзнакі ў 3000 даляраў: неяк за 24 гадзіны ён паспеў падаражэць амаль на 500 даляраў і перасягнуў адзнаку ў 3275 даляраў.
Бурны рост пачаўся на фоне планаў «Газпрама» спыніць на прафілактыку адзіную апошнюю турбіну «Паўночнага патоку». «Газпрам» прагназаваў, што ўзімку цэны на газ у Еўропе здольныя перавысіць 4000 даляраў за 1000 кубаметраў.
Каментары