Культура22

«Нават 300 крупіначак — лепш, чым нуль». Як беларуска з ЗША збірае і захоўвае традыцыйныя народныя строі

Нядаўна ўбачыў свет альбом «Беларускія традыцыйныя строі»: збор вельмі прыгожых аўтэнтычных касцюмаў з розных рэгіёнаў краіны. Адметнасць яго ў тым, што аўтарка і ўкладальніца Воля Дземка — беларуска, прадзюсарка і рэжысёрка, якая жыве ў амерыканскім Сіэтле. Пра супрацьстаянне «паўзучаму імперыялізму», ратаванне беларускіх і ўкраінскіх народных строяў і мару стварыць музей народных касцюмаў Воля распавяла ў інтэрв’ю інтэрнэт-газеце «Салідарнасць».

Менавіта ў ЗША фізічна знаходзіцца немалая калекцыя ўбораў, якія Воля ўпарта расшуквае і набывае за ўласныя грошы на аўкцыёнах, далікатна рэстаўруе і марыць перадаць у музей, каб убачылі ў жывым дасягу ўсе ахвотныя.

Яшчэ адна, важная для разумення, акалічнасць. Воля не любіць пра тое казаць, аднак ужо некалькі год яна змагаецца з цяжкім аўтаімунным захворваннем. І ўсё гэта — складанне камплектаў, максімальна набліжаную да арыгіналаў рэканструкцыю адсутных элементаў, тонкі рамонт карункаў і вышыўкі, падбор караляў і гузікаў, здымкі мадэляў — яна робіць літаральна ў перапынках паміж сеансамі «хіміі». Робіць, можна сказаць, насуперак усяму таму, што адбываецца. Яна называе гэта «лекавацца прыгажосцю».

Фота: volyadzemka.com

«Устаць і працаваць, без варыянтаў»

«Гэта ўжо другое выданне альбому — поўнакаляровае, дзвюхмоўнае, на 140 старонках у паперы і электроннай версіі. Першы варыянт, які мы выпусцілі ў 2021 годзе, — больш каталожны, проста паказаць, што назбіралася ў калекцыі», — гаворыць дзяўчына.

З 2009 года разам з іншымі ўдзельніцамі фолк-гурта VOLYA яна выконвае ў ЗША старажытныя беларускія песні, за свае грошы зладзіла этнаграфічную экспедыцыю і зняла пра іх фільм, а яшчэ сабрала адну з найбуйнейшых па-за межамі краіны прыватных калекцый аўтэнтычных строяў.

Пачалася гэтая гісторыя з неглюбскай кашулі, набытай на eBay пад выглядам «рускай». Цяпер у калекцыі 234 прадметы адзення і аксэсуары, што складаюць больш як 30 святочных убораў ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя (у асноўным жаночых, але ёсць і некалькі мужчынскіх камплектаў).

«Альбом я рыхтавала больш асэнсавана, падбіраючы ўборы цалкам з канкрэтных рэгіёнаў — і пасікі, і вянкі (іх у Беларусі амаль няма, то замаўлялі ў майстрыхі, штосьці рэканструявалі самі). То-бок, гэта сур’ёзная, глыбокая і працаёмкая рэч», — тлумачыць Воля.

Папярэдняя версія выдання зайграла, дзякуючы мадэлі, Жэні — зводнай сястры Волінай хрэсніцы. Строі маленькіх памераў выдатна селі на дзяўчыну-падлетка, і адразу ператварыліся з музейных экспанатаў у частку народнай культуры — жывую і прыгожую. А ўжо колькі было пытанняў, ці ёсць у дзяўчыны жаніх…

Жэня ў жабінкаўскім строі. Тут і далей фота Волі Дземкі з альбома «Беларускія традыцыйныя строі»

З другім альбомам атрымалася інакш. Праз шэраг абставінаў Жэня змагла далучыцца да працы толькі часткова. І тут цудам зраслося — шукаючы ў амерыканскіх агенцтвах мадэляў («яны ўсе вельмі прыгожыя, вачэй не адвесці, але ўявіць іх у беларускай кашулі немагчыма»), Воля згадала пра беларусаў Антося і Дашу Слабаду — мужа і жонку. Абодва з Мінска, але зараз таксама жывуць у Сіэтле. Дарэчы, працавалі бясплатна — сказалі, што гэта іхні ўнёсак у захаванне беларускай культуры.

Антось і Даша Слабада ў кобрынскіх строях

Макет альбома быў перададзены дызайнеру 23 лютага. І невядома, ці ўбачыў бы свет, бо ў жудасных рэаліях вайны падавалася бессэнсоўным штосьці казаць пра беларускую культуру.

«Прыйшло 24 лютага, і ў нас ва ўсіх зноў, як у жніўні 2020-га, забралі паветра, — успамінае Воля. — Але, напэўна, з-за таго, што мы жывем у стане пастаяннага стрэсу гэтыя два гады, вярнуцца да працаздольнасці ў беларусаў, на мой погляд, атрымалася хутчэй.

Бо мы проста ўжо ведаем, як упасці так, каб потым ускочыць і рушыць далей, і не маем часу, каб сядзець і займацца самашкадаваннем — трэба ўстаць і працаваць, без варыянтаў.

Так, выдаваць альбом зараз было дзіўна. Нават у галаве не ўдавалася скласці нейкі канцэпт — як адцягваць увагу людзей ад дапамогі ваярам, уцекачам, падтрымкі іншых важных праектаў. А потым, асабліва пасля таго, як у Беларусі пачалі закрываць недзяржаўныя выдавецтвы, цкаваць беларусаў за беларускасць — тут якраз шчоўкнула, што любы крок да таго, каб захаваць беларускасць, не даць ёй растаць у той цемры, якая нас захлынае, гэта менавіта тое, што мы можам рабіць, калі іншыя магчымасці абмежаваныя.

Беларускія строі — гэта тое, што я люблю і раблю добра. І калі Алена Дзянісава дарабіла макет, канчаткова склалася адчуванне: трэба выпускаць. Бо чым больш якарочкаў беларускасці, за якія можна зачапіцца, тым больш шансаў напомніць самім сабе і свету: мы беларусы, мы ёсць.

Так, вайна працягваецца, і мы не ведаем, ні колькі яна працягнецца, ні што будзе ў выніку. Пакуль ёсць магчымасць, пакуль не «зачысцілі» ўсё ўшчэнт і беларуская мова яшчэ не забароненая — трэба рабіць.

Давыд-гарадоцкі строй з пазнавальнай «шапачкай» на адмысловым каркасе

«Адказ на шматвяковую гвалтоўную русіфікацыю»

У калекцыі цяпер ёсць і ўкраінскія строі — іх ужо 17 (106 прадметаў), і некаторыя ўдалося ўратаваць амаль што цудам. Украінская дыяспара ў Сіэтле загарэлася ідэяй сабраць сумесную беларуска-ўкраінскую выставу і прапанаваць яе мясцоваму музею мастацтваў.

Даследчыца, дактарантка кафедры славянскіх, усходнееўрапейскіх і еўразійскіх моў і культур Каліфарнійскага ўніверсітэта Саша Рэйзар з дапамогай журналісткі і пісьменніцы Таццяны Заміроўскай падрыхтавалі Mission Statement — навукова-папулярнае тлумачэнне, чаму фальклорны гурт VOLYA і ягоныя праекты цяпер асабліва важныя.

Строі як частка традыцыйнай культуры, тлумачаць яны — гэта не проста расшытыя майстрыхамі прыгожыя кашулі, хусткі ды фартушкі, але моцны інструмент самаідэнтыфікацыі і антыкаланіяльнага супраціву: «Адказ на шматвяковую гвалтоўную русіфікацыю і вынішчэнне родных культур у рэгіёне гістарычным і сучасным расійскім імперыялізмам. Ва ўсходнеславянскіх мовах «воля» азначае «свабода», і гэта якраз тое, да чаго мы імкнемся».

Кіеўскі і чарнігаўскі строі. Фота volya.weebly.com

— Канешне, музей — гэта планы на будучыню, пакуль гэта толькі прапазіцыя, бо дагрукацца да музейшчыкаў досыць цяжка. А пакуль я раблю тое, што магу, каб прыцягваць увагу да беларускага пытання і каб пра Беларусь ведалі не толькі як пра расійскага суагрэсара.

З таго, што ўжо атрымалася рэалізаваць — дабрачынны вечар з модным паказам, сродкі ад якога скіравалі на дапамогу бежанцаў з Украіны. Яго зладзілі знаёмыя Волі, а яна адшукала ў сваіх калекцыйных куфрах некалькі ўбораў.

Першыя з іх, успамінае, аказаліся ў яе амаль выпадкова — ніяк не атрымлівалася знайсці спадніцу для беларускага брагінскага строю, затое трапіўся на вочы чарнігаўскі — і гэтыя камплекты былі вельмі падобныя.

— Звычайна ў знаўцаў этнічныя строі каштуюць вельмі нямала, часам як крыло самалёта, а тут пашанцавала, што ўсё было ў добрым стане і за адэкватныя грошы. Замовіла некалькі памежных строяў, якіх не хапала ў беларускай калекцыі. Назбіралася два поўныя камплекты, кіеўскі і чарнігаўскі.

Пабачыла, што дзяўчаты-валанцёркі з фонду, які збірае грошы на ваду, ежу, медыкаменты для ўцекачоў і тых, хто жыве ў прыфрантавых раёнах, і вырашылі зладзіць дабрачынны вечар да Дня вышыванкі. А паколькі гэта мае сяброўкі, прапанавала ім гатовыя строі, потым яшчэ сяброўка папрасіла, я пакорпалася — і назбірала праз свае каналы рэчаў яшчэ на тры ўкраінскія строі.

Карацей, той дабрачынны вечар у выніку атрымаўся, і аўкцыён зладзілі — усё разляцелася, уключаючы нашу выцінанку, сабралі, здаецца, 38 тысяч даляраў. А зараз дамовіліся, што я дарамантую і даводжу да ладу калекцыю ўкраінскіх строяў, а дзяўчаты акурат паспрабуюць праціснуць яе ў музей.

«Не з падтрымкай дзяржавы, а насуперак»

Літаральна некалькі год таму Дзень вышыванкі шырока адзначаўся і ў Беларусі — каларытныя святы з моднымі паказамі і замежнымі пасламі ў беларускіх строях ладзіў МЗС, а міністр Макей заяўляў, што вышыванку трэба насіць часцей. Але з 2020-га адліга змянілася рэпрэсіямі, «няправільную» беларускасць і крамы з нацыянальнай сімволікай пачалі зачышчаць, а свята фармалізаваў, заідэалагізаваў і падмяў пад сябе БРСМ. Сёння ў краіне чырвоны арнамент на белым — лічы, пікет.

Маларыта
Жабінка

Пытаюся ў Волі, ці адчувае яна цяжар адказнасці за тое, каб захаваць гэтую частку беларускай культуры.

«Шчыра кажучы, я раблю гэта таму, што не магу не рабіць, — усміхаецца яна. — Бо разумею, што ў такім фармаце ў цяперашняй Беларусі гэта проста немагчыма.

Уявіце: у сталіцы краіны няма не тое што нармальнага музея строяў, але і музея народна-прыкладнога мастацтва. Ёсць Раўбічы, там у філіяле мастацкага музея выстаўляюцца вельмі прыгожыя ўзоры народных рамёстваў, у тым ліку сялянскія гарнітуры. Але ў сталіцы — нуль.

І дзе ўбачыць, дзе паглядзець гэта багацце і разнастайнасць традыцыйнага касцюма, калі нават альбом «Беларускае народнае адзенне» Раманюка быў выдадзены ў 1981-м і застаўся ў асобных знаўцаў?

Па шчырасці, гэта мая мара — каб у Менску з’явіўся музей нацыянальнага строю. Не закрытая для шырокай публікі калекцыя, як у Акадэміі навук, не чатыры экспанаты на ўвесь гістарычны (прыгадаем, з музею днямі прыбралі постаці Ягайлы і Вітаўта разам са шляхецкімі ўборамі — пасля скаргі, «што тут робяць польскія акупанты» — С.). У ідэале — каб у кожнай беларускі быў свой строй, ці хаця б свая вышываная кашуля. Хай нават нязграбнае, ды беларускае, а не какошнік і «во поле берёзка стояла».

Слуцк

Але зараз умельцаў, народных майстроў не тое, што няма: яны ёсць тут, тут і тут, на краіну ў 9,5 мільёнаў чалавек вельмі мала. Я калі працую з украінскімі строямі, плакаць хочацца, бо ў іх у кожным раёне ёсць нейкі цэнтр адраджэння спадчыны, да іх можна звярнуцца і яны пракансультуюць, дзе замовіць сабе камплект.

У Беларусі ж гэта альбо крамы, якія не грэбуюць машыннай вышыўкай і досыць дзіўна ўяўляюць сабе народныя строі, альбо кропкава шукаць нешматлікіх майстроў, якія табе дапамогуць. Прычым усё гэта робіцца не з падтрымкай дзяржавы, а насуперак.

Як паказалі ранейшыя дні вышыванкі, калі гэта не прыціскаецца, яно квітнее — бо ўсё натуральнае развіваецца само, не трэба толькі перашкаджаць. А пакуль — робім, што можам, каб захаваць сваё. Канешне, з тыражом у 300 асобнікаў наш альбом не ўратуе сітуацыю. Але гэта адна з крупіначак у справе, і нават 300 крупіначак — лепш, чым нуль.

P.S. Воля Дземка працягвае збіраць і аднаўляць калекцыю этнічных — цяпер ужо і беларускіх, і ўкраінскіх — строяў, дзеліцца сваімі здабыткамі з народнымі майстрамі і кіраўнікамі дзіцячых гурткоў, а цяпер яшчэ прымае ў сябе ўцекачоў з Украіны.

Вось тут можна віртуальна пагартаць альбом беларускіх строяў і замовіць яго ў папяровым ці электронным фармаце, а тут — падтрымаць саму Волю.

Каментары2

  • цудоўна
    24.07.2022
    "Пакуль ёсць магчымасць, пакуль не «зачысцілі» ўсё ўшчэнт і беларуская мова яшчэ не забароненая — трэба рабіць."

    мова не знікне ніколі. яна заўжды будзе жыць.

    стомленая ў пятніцу я забягаю на Камароўку па вішню. як прадавачка мне - дзякуй! не "спасибо", а дзякуй. здаецца дробязь, але як прыемна. і гэта зусім не дробязь. асабліва па цяперашнім часе...

    усё больш заўважаю, як людзі цягнуцца да мовы... як пачынаюць любіць нават трасянку, якая раней раздражняла шмат каго...
    а я кажу - трасянка - гэта таксама наш скарб. гэта ланцужок... які не дасць нам забыцца мовы
  • Ахранеушы
    25.07.2022
    Беларускi на галовы гэныя ведры нiколi не накладалi

Анёлы на столі, залаты ёршык і дызайн з вокладкі часопіса. Як выглядаюць кватэры ў элітных дамах Мінска ШМАТ ФОТА

Анёлы на столі, залаты ёршык і дызайн з вокладкі часопіса. Як выглядаюць кватэры ў элітных дамах Мінска ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

Вучоныя знайшлі сляды катаклізмаў на Сонцы. Іх паўтарэнне можа мець катастрафічныя наступствы для цывілізацыі10

Памёр акадэмік Віктар Парфёнаў

Аляксей Дзікавіцкі расказаў, дзе будзе цяпер працаваць8

Даляр апусціўся за адзнаку 3,5 рубля3

У жонкі беларускага тэнісіста ў Пецярбургу сцягнулі залаты ланцужок4

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы21

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы2

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Анёлы на столі, залаты ёршык і дызайн з вокладкі часопіса. Як выглядаюць кватэры ў элітных дамах Мінска ШМАТ ФОТА

Анёлы на столі, залаты ёршык і дызайн з вокладкі часопіса. Як выглядаюць кватэры ў элітных дамах Мінска ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →