«На сцяне вугалем спіс: вось каго расстралялі, а вось хто задыхнуўся ў падвале». Дзве кароткія гісторыі пра жудасць вайны
Адна з гэтыя гісторый здарылася ў Чарнігаве, другая — у сяле Ягаднае. Пра іх у «Ток» расказаў Дзяніс Дудзінскі, які ездзіў ва Украіну ў якасці ваеннага карэспандэнта «Белсата».
Чарнігаў. Дзядуля выйшаў на прабежку, калі ў дом трапіла ракета і забіла сям'ю
Дудзінскі расказвае гісторыю жыхара Чарнігава, у шматпавярховы дом якога трапіла ракета.
«Увесь стаяк абваліўся. Сям’я гэтага чалавека — дзве трохгадовыя дзяўчынкі-блізняты і адна дзяўчынка трохі старэйшая, чатырохгадовая, здаецца, іх мама, тата — усе загінулі. А дзядуля сам у гэты час на прабежку проста выйшаў. І ён выбег, вярнуўся, а тут усё… Прычым дзетак, яны спалі каля акна, выбуховай хваляй проста выкінула з дзявятага-дзясятага паверха.
І на гэтых месцах мясцовыя жыхары паставілі нейкія крыжыкі, прыносяць туды цацкі, складаюць — на гэта глядзець немагчыма. А гэты дзядуля ходзіць па двары і проста мычыць, з абсалютна звар’яцелымі вачыма. Ён страціў розум, ён не можа гэтага перажыць. Дарослы прыгожы чалавек італьянскага тыпажу, з барадой такой, загарэлы, у дарагой спартовай вопратцы.
Мы думаем: трэба яму хоць прадукты перадаць. Праходзім міма яго, і я бачу гэты позірк… Сказаць шкляны — гэта не сказаць нічога. Ён проста вось так нас, як перыскоп, праводзіць [позіркам].
Мясцовыя жанчыны кажуць: «Ды мы яго падкормліваем, мы за ім прыглядаем, ён ужо зусім [страціў розум]». Ты стаіш — вось тут магілы гэтых дзетак, вось тут дзядуля. У мяне цякуць слёзы з вачэй, я разумею, што не здолею ні з чалавекам гэтым размаўляць, ні з мясцовымі жыхарамі».
Ягаднае. 400 чалавек трымалі ў школьным падвале
Ягаднае — гэта сяло на 400 жыхароў. Калі яго заняла расійская армія, жыхароў сагналі ў падвал школы, дзе тыя правялі амаль месяц.
«Месяц у падвале маленькай двухпавярховай школы. Чатырыста чалавек. На сцяне вугалем спіс вялі: вось гэта тыя, каго салдаты выводзілі наверх і расстрэльвалі, а вось гэта тыя, хто задыхнуўся тут.
Гэта быў люты-сакавік, і ў іх там у падвале было плюс 40 градусаў. Проста над дзвярыма ў іх каляндар — яны закрэслівалі дні. Малюнкі дзетак на сцяне. Яшчэ надпіс «27 красавіка 2022 мы свабодныя» выдрапаны — дата, калі іх ужо вызвалілі ўкраінскія вайскоўцы.
Я пытаюся:
— А ежа як?
— Ну вось дазвалялі выйсці і тут на дровах недалёка ад дзвярэй гэтага падвала хоць нешта прыгатаваць на ўсіх. На 370—400 чалавек. Дазвалялі нам па чарзе вяртацца ў свае дамы, каб мы там прадукты, нейкую бульбу з падвалаў павыцягвалі.
Часам было так:
— У нас няма чаго есці.
— Ну добра. У каго ў дамах засталася ежа?
— Вось у нас засталася ежа.
— Ну ідзі ў сваю хату, нясі сюды.
Чалавек прыносіць ежу, у спіну атрымлівае стрэл.
Як хавалі людзей. Нейкая трансфарматарная будка была каля падвала. Трупы зносілі туды, калі набярэцца штук пяць, адчыняюцца дзверы:
— Так, хаваць сваіх давайце!
Хлопцы здаравейшыя выходзілі, пачынаюць хаваць:
— Усіх туды апусцілі?
— Усіх.
Расстрэльваюць і хлопцаў. Вось замест пяці сем трупаў.
— Там двое вашых дадалося. Трэба і гэтых закапаць. Хто пойдзе?
Сталі хадзіць пасля жанчыны закапваць, бо да жанчын нават у буратаў хоць нейкае стаўленне было».
Каментары