Эканоміка

Мільёны даляраў штомесяц. Колькі Беларусь зарабляе на мяжы 

Беларусь — краіна не вельмі багатая на карысныя выкапні, але яна знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і мае супольныя межы адразу з трыма краінамі ЕС. Выглядае, што апошнім часам улады ўсё часцей разглядаюць межы і ўсё, што з імі звязана, менавіта як невычарпальныя свідравіны для папаўнення бюджэту. «Наша Ніва» вывучыла, якія паборы існуюць для перавозчыкаў і падарожнікаў, і паспрабавала падлічыць, колькі грошай дзяржава зарабляе за кошт сваіх межаў. 

Фота: скрыншот з ютуб-канал «Мытныя органы»

З чаго ўсё пачалося?

Яшчэ 30 жніўня 2021 года набыла моц пастанова Савета міністраў, у адпаведнасці з якой грузавыя аўтамабілі, якія ўвозяць тавары з Літвы ў Беларусь, павінны абсталёўвацца электроннымі навігацыйнымі пломбамі.

Пры канцы лета 2021 года за абавязковае выкарыстанне такога дэвайсу трэба было заплаціць 5 базавых велічынь (145 рублёў, ці каля 60$ па тагачасным курсе).

Пазней, з 9 снежня 2021 года, гэтае патрабаванне распаўсюдзілі і на грузавы транспарт, які ідзе ў Беларусь з боку Польшчы. У дадатак да гэтага, улады павысілі кошт пломбы з 5 да 10 базавых велічынь. З ростам базавай велічыні ад 1 студзеня 2022 года цана электроннай пломбы паднялася да 320 рублёў.

Ад 1 мая бягучага года да Літвы і Польшчы дадалі Латвію, пасля чаго амаль кожны грузавік, які ўязджае ў Беларусь з боку ЕС, мусіць плаціць 320 рублёў (каля 120 даляраў па бягучым курсе) за выкарыстанне навігацыйнай пломбы.

Фота: тэлеграм-канал «Warshawka» — ПП «Варшавский мост»

Навігацыйныя пломбы

Каб падлічыць, колькі прыкладна грошай дзяржава мае ад навігацыйных пломбаў, трэба паглядзець на прапускную здольнасць памежных пунктаў. З яе вынікае, што за суткі Беларусь здольная прапусціць праз свае межы з ЕС 3300 грузавікоў (з улікам таго, што дагэтуль застаюцца закрытымі «Брузгі»).

Але трэба разумець, што прапускная здольнасць і фактычная колькасць транспарту, якая перасякае мяжу, — гэта рознае, тым больш, што беларускі бок рэгулярна скардзіцца на тое, што еўрапейскія краіны не выконваюць дамоўленасці па аб’ёмах аформленага транспарту.

Так, напрыклад, Дзяржапагранкамітэт рапартаваў, што за 7 ліпеня праз літоўскія і польскія пункты пропуску ў краіны Еўрасаюза прайшло ўсяго 51% і 35% фур ад нормы адпаведна. Латвійскія кантрольныя службы прапусцілі на сваю тэрыторыю 60%.

Некалькімі днямі раней ён сцвярджаў, што Літва і Польшча за суткі прапусцілі ў ЕС менш за 40% фур ад нормы. 

Сыходзячы з гэтых лічбаў, для падліку агульнай колькасці грузавікоў можна браць 40 адсоткаў ад прапускной здольнасць пунктаў пропуску.

Вынікае, што за 24 гадзіны праз межы Беларусі і ЕС праязджае каля 1300 грузавікоў. Значыць, за суткі толькі ад усталёўкі навігацыйных пломбаў Беларусь атрымлівае 156 тысяч даляраў. Ці каля 4,68 мільёна даляраў у месяц.

Збор за выезд за мяжу

Навігацыйныя пломбы — толькі частка ад таго, што дзяржава зарабляе на мяжы.

За выезд з Беларусі таксама трэба плаціць, але не па 10 базавых, як у выпадках з пломбамі, а толькі адну (32 рублі, ці каля 12$).

Падатак за перасячэнне мяжы аплачваюць тыя, хто едзе на транспарце масай да пяці тон. Краіна рэгістрацыі і грамадзянства не маюць значэння.

Падлічыць, колькі дакладна людзей сплачвае пошліну за выезд з Беларусі, складана — яе мусяць плаціць як легкавікі, так і частка аўтобусаў і грузавікоў, і не па ўсіх відах транспарту ёсць статыстыка. Прапускная здольнасць пунктаў пропуску, якія цяпер функцыянуюць на мяжы з ЕС, складае 5010 легкавых аўто ў суткі. Фактычная колькасць машын можа быць іншай. Згодна з адной з ліпеньскіх справаздач Дзяржпагранкамітэта, літоўскі бок прапускаў аўто на 50% ад дамоўленасцей, а польскі — на 40%.

Калі абапірацца на гэтыя даныя, вынікае, што за суткі межы Беларусі і ЕС перасякаюць не менш за 2000 легкавікоў. У пераліку на гэту колькасць сабраная пошліна агулам складае каля 24 тысяч даляраў за суткі. А калі дадаць да гэтага спісу маршруткі і малатанажныя грузавікі, то гэтая лічба можа дасягаць і 30 тысяч за суткі.

Электронныя чэргі

Наступная крыніца даходаў — бронь чаргі. Сэрвіс па браніраванні часу дасяжны на сямі пунктах пропуску з краінамі ЕС, ён карыстаецца попытам. Кошт паслугі — 1 базавая велічыня (32 рублі).

Калі браць для разліку толькі тры найбольш загружаныя памежныя пункты пропуску з сямі (Брэст, Бераставіца, Каменны Лог), то на браніраванні месцаў штодня дзяржава зарабляе не менш за 10 тысяч даляраў.

Фота: скрыншот з сайта belarusborder.by

Вынікае, што нават па сціплых падліках за суткі бюджэт краіны атрымлівае каля 40 тысяч даляраў на мясцовых сборах за пярэсячэнне мяжы і продажы броні. За месяц сума перасягае адзнаку ў 1,2 мільёна даляраў. 

Такім чынам, пасля адкрыцця межаў для руху пасажырскага транспарту Беларусь штомесяц атрымлівае амаль 6 мільёнаў даляраў (дакладней — 5,88 мільёна) толькі на тым, што абавязвае перавозчыкаў выкарыстоўваць навігацыйныя пломбы, спаганяе збор за выезд за мяжу і прадае бронь у чарзе. 

Паліва па спецыяльнай цане

Але і гэта не ўсё. З 19 мая на АЗС блізу пунктаў пропуску і лагістычных цэнтраў паднялі цэны на дызельнае паліва да 3,58 рубля за літр. Паралельна забаранілі кіроўцам фур з замежнай рэгістрацыяй запраўляцца на іншых АЗС, дзе літр ДП каштуе 2,46 рубля.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама: 

Ад унітазаў да аўтазапчастак. Якія тавары завозяцца ў Беларусь па шэрых схемах і колькі на гэтым зарабляюць пасярэднікі

Каментары

Колькі насамрэч цягнуцца працоўныя паездкі Лукашэнкі? Цікавыя лічбы5

Колькі насамрэч цягнуцца працоўныя паездкі Лукашэнкі? Цікавыя лічбы

Усе навіны →
Усе навіны

Аляксей Протас працягвае ззяць у НХЛ. Закінуў пятую шайбу ў сезоне

Што робіцца на межах Беларусі ў пачатку вялікіх выходных

«Не адчайвайцеся»: Камала Харыс выступіла перад прыхільнікамі5

«Нам по**й. Калі па руках не дадуць за незаконнае затрыманне, можам і бабулю разам з імі закрыць»13

Нечакана распалася кіроўная кааліцыя Германіі. Краіну могуць чакаць датэрміновыя выбары9

Харыс і Байдэн павіншавалі Трампа з перамогай і абмеркавалі з ім перадачу ўлады2

Пазняк павіншаваў Трампа з перамогай29

Беларус, якога закранула апошняя масавая аблава КДБ, расказаў, як праходзілі ператрус і допыт5

Ці сапраўды «экалагічна чыстыя» прадукты больш карысныя для здароўя?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Колькі насамрэч цягнуцца працоўныя паездкі Лукашэнкі? Цікавыя лічбы5

Колькі насамрэч цягнуцца працоўныя паездкі Лукашэнкі? Цікавыя лічбы

Галоўнае
Усе навіны →