Беларусь пашырае практыку навігацыйных пломбаў на фуры з Латвіі, а таксама на пустыя фуры з Еўрасаюза
У Беларусі пашыраны пералік краін, фуры з якіх будуць падлягаць аснашчэнню спадарожнікавымі навігацыйнымі пломбамі. Згодна з пастановай урада РБ, навігацыйныя пломбы цяпер будуць прымяняцца і пры ўвозе тавараў аўтатранспартам з тэрыторыі Латвіі. Таксама ў абавязковым парадку будуць пламбавацца нават парожнія фуры, зарэгістраваныя ў ЕС, піша «Аўтабізнэс».
Пастанова ўрада ад 28 красавіка 2020 года № 311 афіцыйна апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, і з гэтага моманту набывае моц.
Раней спадарожнікавымі навігацыйнымі прыладамі пачалі абсталёўваць фуры з Літвы і Польшчы. Выключэнне зробленае толькі для грузавікоў, якія перавозяць тавары з Калінінградскай вобласці ў Беларусь па тэрыторыі Літвы ў рамках мытнага транзіту.
Таксама навігацыйныя пломбы можна не выкарыстоўваць цяжкавагавым або буйнагабарытным транспартным сродкам, для праезду якіх трэба атрымліваць спецыяльны дазвол, а таксама пры перавозцы жывых жывёл, пры перавозцы бязвыплатнай замежнай дапамогі, якая змяшчаецца пад мытную працэдуру мытнага транзіту, і ў выпадку, калі мытным органам адпраўлення і мытным органам прызначэння з'яўляецца мытны орган Беларусі.
Плата за пломбу складае 10 базавых велічынь. Гэта крыніца даходу для бюджэту, для Літвы і Польшчы яна была ўведзеная яшчэ ў канцы мінулага года.
Каментары