«Вораг у нас з украінцамі адзін — Пуцін і Расія». Джазмен-беларус збірае грошы на «Азоў»
У Львове ўтварыўся свой «джазавы атрад», у складзе якога ёсць і беларускі піяніст Канстанцін Гарачы, вядомы па гурце Apple Tea. У вольную хвіліну музыка распавёў «Нашай Ніве» пра ініцыятыву львоўскіх музыкаў, джаз і свой няпросты шлях за апошнія два гады.
Гарачы трапіў ва Украіну восенню 2020 года. З радзімы з’язджаў хутка — хапіла трох дзён, каб сабрацца ды выехаць на аўтобусе ў Кіеў. Канстанцін вырашыў пакінуць Беларусь, бо атрымаў з міліцыі копію пратакола, дзе было сказана: у дачыненні да яго вядзецца адміністрацыйны працэс па артыкуле 23.34. У краіне тады якраз пачалі арыштоўваць музыкаў, ды і сам Гарачы тады так актыўна выказваўся наконт дыктатуры, што меў падставы падазраваць: суткамі гісторыя з гэтым пратаколам не скончыцца.
Як выбіраў краіну для пераезду? Паколькі не меў візу, мог з’ехаць толькі ва Украіну, і, як цяпер лічыць Канстанцін, вельмі добра, што ён так зрабіў. Да старых творчых знаёмстваў дадаліся новыя, і вынікам стала цікавае творчае жыццё.
На другі дзень пасля пачатку вайны, 25 лютага, Канстанцін з жонкай былі вымушаныя з’ехаць з Кіева. Спачатку засталіся ў маленькім гарадку пад Львовам, дзе адразу пачалі шукаць магчымасць быць карыснымі:
«Там не было чаго рабіць, таму мы спрабавалі купляць медыкаменты для вайскоўцаў, плялі маскіровачныя сеткі — маленькі горад, маленькія патрэбы. І мы вырашылі перабірацца ў Львоў, бо ведалі, што тут ёсць нейкі [музычны] варушняк і магчымасць дапамагаць», — распавядае Канстанцін.
Джазмен таксама спрабаваў пайсці ў тэрабарону, але ж яму адразу адмовілі як беларусу. Як прызнаецца музыка, зараз жыць з беларускім пашпартам ва Украіне не надта проста:
«Я не магу атрымаць грошы ў банку, калі мне нехта пажадае іх перавесці. Дужа складана зараз перасякаць межы: магу выехаць з Украіны, але не магу туды потым вярнуцца, не магу зараз працягнуць дазвол на жыхарства, як і іншыя беларусы ва Украіне».
У Львове Гарачы далучыўся да так званага джазавага атрада «Джазоўцы» — суполкі музыкаў, якія граюць дабрачынныя канцэрты і ахвяруюць заробленыя на іх грошы на карысць батальёна «Азоў». Расклад у джазоўцаў насычаны — Канстанцін грае тры-чатыры канцэрты на тыдзень, і некаторыя з іх праходзяць на даволі нязвыклых пляцоўках. Напрыклад, у адным з львоўскіх джазавых клубаў, які знаходзіцца ў падвале старога будынка і таму з’яўляецца зараз добрым сховішчам. Таксама джазоўцы гралі і ў сапраўдных бомбасховішчах, дзе збіралі грошы для вайскоўцаў, але ж падыход да выканання застаецца адным і тым жа пры любых умовах. Вось як гэта тлумачыць Канстанцін:
«Калі ты музыка і выходзіш на сцэну, у любых умовах ты робіш аднолькавыя рэчы, намагаешся граць лепш і цікавей. Вядома, што джаз — гэта заўсёды імправізацыя, але падыход да яе павінен заставацца адным: ты рыхтуешся да канцэрта, выходзіш на сцэну і граеш.
Вялікая колькасць музыкаў ва Украіне не мела магчымасці граць у першы месяц пасля пачатку вайны, бо не было канцэртаў і разумення, як іх зараз ладзіць. Але з пачатку красавіка вярнуліся канцэрты і адкрыліся клубы. І гэта было найбольш важна — тое, што зараз мы можам граць канцэрты. Нягледзячы на вайну, паветраныя трывогі і абстрэлы, мы ўсё роўна выступаем, збіраем грошы, падтрымліваем Узброеныя сілы.
Шмат хто з украінскіх музыкаў, самыя смелыя, цяпер на фронце. Але не ўсе музыкі ваяры, некаторым нават адмаўлялі ў тым, каб трапіць на фронт. Застаецца другі варыянт — рабіць тое, што ты можам рабіць найлепш. Добра, што музыкі і іншыя творчыя людзі зараз могуць працаваць і дапамагаць іншым у той складанай сітуацыі, у якой мы зараз знаходзімся.
Адчуваю вялікую патрэбу гэта рабіць, а як жа інакш? Вораг у нас з украінцамі адзін — Пуцін і Расійская Федэрацыя, і змагацца мы павінны разам. Атрымліваецца, што гэта другі дом, хаця ў мяне і няма такога адчування. У апошні час усё больш усведамляю, што дом у мяне ў Мінску, а ўсё астатняе — гэта ўжо другі ці трэці дом, і так далей».
Актыўных джазоўцаў недзе 25 чалавек, за пару месяцаў існавання праекта яны сабралі для «Азова» каля 50 тысяч даляраў. Часткова такі вялікі памер атрада звязаны з тым, што зараз у Львове шмат музыкаў з усёй Украіны — з Кіева, Вінніцы, Харкава і іншых гарадоў. Гарачы — адзіны беларус у гэтай украінскай кампаніі, і спачатку ён адчуваў трохі насцярожанае стаўленне да сябе. Але з часам усё змянілася, ды і старыя сувязі дапамаглі — Канстанцін раней выступаў у Львове з кіеўскімі джазавымі выканаўцамі.
Музыкі, тлумачыць беларус, увогуле лягчэй наладжваюць кантакт: разам пайгралі, пагаварылі — і ўсё, няма ніякіх межаў. Канстанцін і сам спрабуе ісці насустрач украінскім калегам: у атрадзе ўсе гутараць па-ўкраінску, і ён стараецца таксама камунікаваць на гэтай мове, хаця і на простым узроўні.
Што граюць джазоўцы?
«І сваю, і чужую музыку, — распавядае Гарачы. — Бывае, што джазавыя музыкі ўвогуле не дамаўляюцца, што яны будуць іграць. Часам гучыць украінскі джаз, але ж джаз — гэта людзі: украінцы граюць украінскі джаз, амерыканцы — амерыканскі.
Як паказвае практыка, калі людзі добра граюць джазавую музыку, абсалютна не важна, адкуль яны родам. Ведаю вельмі шмат украінскіх музыкаў, якія працуюць у Еўропе і Амерыцы і цудоўна сябе адчуваюць. Джаз — такі жанр, які знаходзіцца абсалютна па-за нацыянальнасцямі».
Часам кажуць, што джаз — гэта пра свабоду, але ж Канстанцін з гэтым не зусім згодны. Стыль музыкі, да якога належыць, Гарачы называе вобразам мыслення ці нават ладам жыцця:
«Мне самому было б псіхалагічна цяжка граць там іншую музыку, нешта такое, што моцна абмежаванае правіламі. У джазе вельмі шмат правілаў, мо нашмат больш, чым у класічнай музыцы. Адно правіла часам выключае іншае, таму ў цябе ёсць выбар, да якога правіла ты будзеш прыслухоўвацца.
Джаз — гэта не проста вобраз мыслення, гэта яшчэ і мова. Калі ты валодаеш гэтай мовай, ты можаш на ёй выражаць абсалютна розныя рэчы, можаш нават прыдумляць няправільныя словы, але гэта ўсё роўна будуць словы на той мове, якой ты карыстаешся. У класічнай музыцы людзей вучаць чытаць тое, што ўжо напісана іншымі, а ў джазе — гаварыць самому на мове музыкі».
Не кожнаму падабаецца джаз, тым больш ва Усходняй Еўропе, дзе гістарычна існавала зусім іншая музыка. Тым больш цікава даведацца ў знакамітага беларускага джазавага выканаўцы, як ён трапіў у гэтую гісторыю і чаму вырашыў, што джаз — гэта яго. І ўвогуле, ці можна прымусіць палюбіць джаз?
«Проста ў раннім дзяцінстве мне спадабалася гэтая музыка, адчуў у ёй нешта сваё. Дзіця ж не падманеш, яму або падабаецца, або не. Часам кажуць, што джаз — музыка не для ўсіх. Гэта так, але ў тым сэнсе, што нехта ў яе проста не ўрубаецца. Ведаю шмат прыкладаў, калі дзецям падабаліся нават даволі складаныя джазавыя кампазіцыі, бо ім падабалася сама гэтая музыка, і гэта не патрабавала ад іх ніякай дадатковай адукацыі ці жыццёвага вопыту. Так што тут усё проста: або гэта табе блізкае, або — не. Ведаю людзей, якія ходзяць на джазавыя канцэрты проста таму што ім падабаецца сама атмасфера там, хаця яны і не надта разумеюць саму музыку. На такіх імпрэзах людзі разнявольваюцца, праяўляюць жывыя эмоцыі».
Канстанцін пагаджаецца, што такія эмоцыі — менавіта тое, што зараз атрымліваюць людзі на львоўскіх канцэртах джазоўцаў. Вядома, што для іх гэта і магчымасць перавесці ўвагу на нешта іншае, бо ідзе вайна і кожны дзень у Львове гучыць па некалькі паветраных трывог. Пра гэта, вядома, забыць немагчыма, але калі ты граеш музыку ці слухаеш яе, ты трохі ад гэтага адключаешся. З іншага боку, паколькі гэта джазавая музыка, ты дзелішся з людзьмі сваім вопытам і сваім адчуваннем усіх падзей, так што ад гэтага не сысці.
Гарачы не адмаўляецца ад таго, што цяперашнія перажыванні, як і падзеі 2020 года, паўплывалі на яго музыку, але ж не вызначае, як. Для кожнага гэта індывідуальна, тым больш што кожны чалавек праходзіць праз такія падзеі па-рознаму. Нехта ў 2020-м актыўнічаў і хадзіў на пратэсты, нехта сядзеў дома, Канстанцін дык і ўвогуле быў вымушаны з’ехаць з краіны.
«Вядома, асабісты вопыт уплывае на музыку, — разважае беларус. — Але пры гэтым я не магу сказаць нешта ў духу «вось, у маёй музыцы з’явіліся ноткі раззлаванасці ці жалю». Гэта ўсё фігня, і калі музыка такое кажа, гэта значыць, што ён спецыяльна так грае і няма ў яго музыцы адбітку рэальных працэсаў. Тое, што насамрэч адбываецца з табой, ты і сам не заўсёды можаш адсачыць.
Шмат людзей ва Украіне зараз упалі ў нянавісць да ўсяго расейскага і выгадоўваюць яе, але мне такі падыход не блізкі. Разумею, што цяпер адбываецца злачынства супраць чалавецтва, і Расію неабходна перамагчы проста для таго, каб гэта кашмар для ўсяго свету скончыўся. Але такія рэчы, як страх і нянавісць, згубна ўздзейнічаюць на чалавека, тым больш на творцу. У такой сітуацыі знайсці любоў і здольнасць дараваць нашмат складаней, і мне здаецца, гэта тое, на што трэба звярнуць увагу.
Ці можна вымяшчаць эмоцыі праз творчасць? Так, і гэта тое, што адбываецца пастаянна. Але я б не хацеў дзяліцца нянавісцю са сцэны, лічу, што задача артыста зусім у іншым — у тым, каб знайсці прыгажосць у розных яе праявах і падзяліцца ёй з людзьмі, бо прыгажосць — гэта боская праява. Калі атрымаецца, гэтым можна і падтрымаць людзей. Духоўна падтрымаць так можна не кожнага, бо ўсім падабаецца розная музыка, а фінансава мы зараз здольныя падтрымаць людзей. Бачу, што патроху расце сума, якую мы збіраем, і гэта значыць, што мы робім нешта карыснае».
Карысць — гэта важна, але ж наколькі дарэчна ладзіць нешта забаўляльнае ў ваенны час? Перш за ўсё, беларус не пагаджаецца з тым, што джаз — гэта частка забаўляльнай сферы, ды і саму назву кірунка называе занадта агульнай.
«Зараз да гэтага кірунка адносяць вельмі розную музыку, — тлумачыць Канстанцін. — Сто гадоў таму джаз быў музыкай, груба кажучы, для бардэляў, але ўжо ў 1950-я гады гэта была зусім іншая музыка. Джаз унікальны тым, што ён збірае ў сябе элементы ўсіх астатніх стыляў, таму гэта асаблівы адбітак усёй музыкі ў свеце — акадэмічнай, народнай, электроннай і іншых жанраў».
Якім бы ні быў джаз, яму — як частцы музыкальнага свету — у вайну ёсць месца. Беларус тлумачыць гэта тым, што нейкая музыка заўсёды мае права на існаванне, пытанне хутчэй у слушнасці. На пахаваннях слушнай будзе не любая музыка, і тое самае можна сказаць пра сувязь музыцы з любой сітуацыяй у жыцці, простай ці складанай. Галоўнае, што колькі людзей — столькі і музыкі, нават больш, мяркуе Канстанцін.
«У першы месяц вайны ўсім было псіхалагічна цяжка, бо людзі раптоўна сутыкнуліся з жахамі вайны, шмат што было незразумела. Не магу сказаць, што зараз усе да іх прывыклі, проста шмат якія рэчы ўжо нікога не здзіўляюць. Жыць у такім эмацыянальным напружанні вельмі цяжка.
Была падобная сітуацыя, калі ў верасні 2020 года мы з Apple Tea адыгралі канцэрт у Гародні. Шмат хто тады адмяняў канцэрты, мы таксама сумняваліся, ці варта нам выступаць — маўляў, не будзем граць, пакуль рэвалюцыя не пераможа. Аказалася, што калі ты граеш канцэрт для тых, хто хоча цябе паслухаць, гэта важна як для цябе, так і для іх.
Тое ж самае і тут, людзі засумавалі па нармальных рэчах. Мы ж прапануем не п’яную оргію, а сустрэчу з прыгожым. А гэта неабходна».
Цяпер Львоў, як падкрэслівае Канстанцін, ператварыўся ў сапраўдную культурную сталіцу Украіны, бо ў горадзе адбываецца шмат канцэртаў, мерапрыемстваў і выстаў, тут свет творчых людзей. Таму ў творчым плане беларусу там вельмі цікава, бо хапае актыўных людзей і можна граць з імі, камунікаваць. У якасці прыклада Гарачы ўзгадвае нядаўні канцэрт, пасля якога нехта запрасіў да сябе дахаты і туды прыйшло, можа, чалавек трыццаць, і далёка не ўсе з іх былі знаёмыя паміж сабой.
«У людзей адна бяда на ўсіх, і шмат творчых людзей апынуліся ў адным месцы, і я спадзяюся, што ў будучыні гэта стане вялікай падмогай для знаёмстваў і супрацоўніцтва. Дый, калі людзі разам займаюцца творчасцю, гэта заўсёды добра, ніколі не ведаеш, што цікавае з гэтага можа потым удацца», — падсумоўвае беларус.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары