Сёння святкуе юбілей патрыярх беларускай эміграцыі, бацька беларускага эміграцыязнаўства Вітаўт Кіпель.
Ён нарадзіўся 30 мая 1927 года ў сям’і Яўхіма і Марыі Кіпеляў. Пасля арышту бацькі маці з малым сынам выехала следам за ім у Расію ў высылку (Налінск, Кіраў, Арол).
Кіпелі змаглі вярнуцца ў Мінск толькі ў 1942 годзе. А ў 1944 годзе зноў сям’я была вымушаная была ехаць у выгнанне, гэтым разам на Захад. Такім чынам у Беларусі Вітаўт Кіпель пражыў толькі восем гадоў свайго жыцця.
У пасляваеннай Нямеччыне Вітаўт Кіпель скончыў Беларускую гімназію імя Я. Купалы ў Рэгенсбургу, вучыўся ва ўніверсітэце ў Цюбінгене. У Лёвенскім каталіцкім універсітэце ў Бельгіі здабыў ступень доктара мінералогіі. У сярэдзіне 1950-х перабраўся ў ЗША. У Нью-Ёрку ён ажаніўся з Зорай Савёнак, што стала вернай спадарожніцай жыцця і аднадумцай.
Разам Кіпелі сабралі і сістэматызавалі найбагацейшую калекцыю эміграцыйнай беларускай перыёдыкі і друку, выдадзеных на Захадзе.
171 скрыня каштоўных матэрыялаў была перададзеная на захаванне ў Нью-Ёрскую публічную бібліятэку. Гэты збор стаў асновай фундаментальнай працы «Беларускі й беларусаведны друк на Захадзе» — настольнай кнігі гісторыкаў эміграцыі і ўсіх зацікаўленых беларусістыкай.
Сам Вітаўт Кіпель доўгі час быў выканаўчым дырэктарам Даследчага цэнтра навукі і тэхналогіі Нью-ёрскай публічнай бібліятэкі.
З 1982 года дзеяч займае пасаду старшыні адной з найбольш уплывовых беларускіх навуковых устаноў замежжа —Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.
Ён быў стваральнікам і дырэктарам беларускіх фестываляў у Нью-Джэрсі, на працягу 1960—1980-х стала супрацоўнічаў з беларускай рэдакцыяй «Радыё Свабода».
У 1972—1982 гг. ён займаў пасаду старшыні Федэрацыі беларускіх рэспубліканскіх клубаў, а ў 1974 годзе быў абраны старшынёй Рэспубліканскай федэрацыі этнічных клубаў штата Нью-Джэрсі. У 1978—1982 гадах доктар Кіпель быў старшынём Этнічнай рады штата Нью-Джэрсі.
Адным з найважнейшых акадэмічных унёскаў Вітаўта Кіпеля з’яўляецца праца «Беларусы ў ЗША», надрукаваная па-беларуску ў 1993 годзе і па-англійску ў 1999 годзе. Аўтар скрупулёзна збіраў інфармацыю пра беларусаў па кожным амерыканскім штаце. У 2018 і 2020 гг. кніга была сур’ёзна дапрацаваная і перавыдадзеная ў Мінску.
Вітаўт Кіпель — аўтар кнігі ўспамінаў «Жыць і дзеіць», якая пабачыла свет у Мінску ў 2015 годзе і дзе адлюстраваныя перыпетыі жыцця беларусаў у ХХ ст., шляхі захавання нацыянальнай самасвядомасці і пашырэння беларушчыны.
Мы віншуем Вітаўта Кіпеля з 95-годдзем і зычым яму здароўя і яшчэ доўгіх гадоў жыцця і працы на беларускай ніве!
Каментары