Рэцэпт на выхадныя. Англійскі пірог банофі — бананы і карамель пад лёгкай шапкай з узбітых вяршкоў
Ідэя двух брытанцаў сумясціць у адным пірагу бананы, карамельны соус і вяршкі аказалася настолькі ўдалай, што цяпер гэты рэцэпт ведаюць ва ўсім свеце. Банофі быў любімым ласункам Маргарэт Тэтчар, і яе можна зразумець — устрымацца ад такога смакоцця ну проста немагчыма, ды і прыгатаваць яго можна вельмі проста.
Каб прыгатаваць пірог банофі, вам спатрэбіцца:
- 75 грамаў масла для асновы + яшчэ 150 грамаў для карамелі,
- 200 грамаў пясочнага печыва,
- 150 грамаў цукру (лепей браць трысняговы, для колеру),
- 400 грамаў згушчонага малака,
- дробка марской солі,
- 2 спелыя бананы,
- 150 мілілітраў густых вяршкоў,
- 100 грамаў цёртага малочнага шакаладу.
- Пачнём з бісквітнай асновы. У патэльні сярэдняга памеру растапіце 75 грамаў масла. Пакладзіце печыва ў пакет (напрыклад, цэлафанавы) і здрабніце яго качалкай або выкарыстоўвайце для гэтага кухонны камбайн ці блендар.
- Змяшайце здробненае печыва з растопленым маслам. Пакладзіце сумесь на дно формы са здымным дном дыяметрам 23 сантыметры, шчыльна прыцісніце яе да дна формы і да бакоў. Пастаўце аснову ў халадзільнік на 30 хвілін, каб яна застыла.
- У гэты час зрабіце карамель. У сатэйніку з тоўстым дном разагравайце на сярэднім агні разам 150 грамаў масла і такую ж колькасць цукру, пакуль масла не растане і цукар не растворыцца. Перамешвайце масу: спачатку масла і цукар не будуць змешвацца, але па меры таяння цукру сумесь стане больш аднароднай.
- Умяшайце ў сумесь згушчонае малако і марскую соль.
- Давядзіце ўсё да кіпення і потым здыміце з агню.
- Дастаньце з халадзільніка гатовую аснову для пірага і вылейце на яе карамель. Перанясіце ўсё ў халадзільнік і дайце пірагу цалкам астыць.
- Перад падачай нарэжце бананы і пакладзіце іх на карамель. Узбівайце вяршкі міксерам, пакуль яны не загусцеюць. Выкладзіце вяршкі на бананы.
- Пасыпце пірог цёртым шакаладам і асцярожна дастаньце яго з формы.
Каментары