Рэцэпт на святы. Запечаны кумпяк ці лапатка — сапраўднае ўпрыгожванне стала
У перыяд святаў, калі за сталом збіраецца ўся сям’я, хочацца паставіць у яго цэнтр эфектную і смачную гарачую страву, але ж пры гэтым мала хто жадае траціць шмат часу на гатоўку. Рашэнне — вось гэты рэцэпт са свініны. Падавайце яе з бульбай і смачнымі сокамі, у якіх запякалася мяса.
Каб зрабіць запечаныя кумпяк і лапатку, вам спатрэбіцца:
- свіная лапатка ці кумпяк вагой 2—2,5 кг (аддзяліце мяса ад косткі, скруціце яго ў рулет і зрабіце на скуры надрэзы)
- сталовая лыжка аліўкавага алею
- сок паловы лімона
- 2 цыбуліны, нарэзаныя на кольцы
- соль
- 4 растоўчаныя галоўкі часныку
- дробна парэзаны перац чылі
- сталовая лыжка насення фенхелю (трэба крыху растаўчы)
- 4 бутоны сушанай гваздзікі (трэба іх здрабніць)
- палова чайнай лыжкі меленага чорнага перцу
- чайная лыжка папрыкі
- чайная лыжка цынамону
- чайная лыжка сушанага чабору (або сталовая лыжка дробна парубленага свежага чабору)
- чайная лыжка сушанага арэгана (або сталовая лыжка дробна парубленага свежага арэгана)
- 3 сталовыя лыжкі аліўкавага алею
- сталовая лыжка чырвонага віна
- калі пажадаеце зрабіць для мяса падліўку, падрыхтуйце сталовую лыжку мукі і 100 мілілітраў белага віна
- Разагрэйце духоўку да 230 градусаў. Змяшайце часнык, перац чылі, фенхель, гваздзіку, чорны перац, папрыку, цынамон, чабор і арэгана, дадайце дробку солі. Перамяшайце.
- Нанясіце сумесь на свініну, трэба добра ўцерці яе ў надрэзы, каб сумесь трапіла максімальна глыбока ў мяса, але пры гэтым не рабіце глыбокіх надрэзаў у ім. Прыбярыце са скуры рэшткі сумесі, добра змажце мяса аліўкавым алеем, апырскайце лімонным сокам і пасыпце яго соллю.
- Раскладзіце цыбулю па нізе формы для запякання і пакладзіце мяса паверх яе. Дадайце 250 мілілітраў вады. Запякайце мяса ў духоўцы 30 хвілін — пасля гэтага часу скура пачне набываць карычневы колер і зробіцца трохі хрумсткай. Пасля гэтага знізьце тэмпературу ў духоўцы да 180 градусаў і запякайце мяса далей — яшчэ 25 хвілін на кожныя 500 грамаў мяса.
- Дастаньце мяса з духоўкі, няшчыльна накрыйце фольгай і пакіньце пры хатняй тэмпературы як мінімум на 15 хвілін. Працадзіце тое, што засталося ў форме для запякання, і, калі жадаеце, падавайце цыбулю разам з мясам. Пачакайце некалькі хвілін і прыбярыце з вадкасці, што заставалася ў форме, тлушч — яго будзе даволі шмат.
- Калі вы жадаеце падаваць мяса з падліўкай, высыпце на дно формы для запякання сталовую лыжку мукі, пастаўце форму на сярэдні агонь і перамешвайце ўсё, што застаецца ў форме, пакуль вы не адскрабяце рэшткі стравы, што маглі прыляпіцца да формы. Дадайце віно і перамешвайце, пакуль у вас не атрымаецца аднародная сумесь. Дадайце вадкасць з пункта 4 і, калі неабходна, яшчэ трохі вады.
- Але можна і не рабіць падліўку — у такім выпадку проста падайце мяса з духмянай вадкасцю, што ўтварылася ў форме падчас запякання.
Каментары