На этапе Кубка свету па мастацкай гімнастыцы, які пройдзе 21—23 жніўня ў сталічным Палацы спорту, возьмуць удзел спартсменкі з 28 краін.
Як паведаміла 19 жніўня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску галоўны трэнер нацыянальнай каманды Беларусі Ірына Ляпарская, прыедуць наймацнейшыя спартсменкі, якія будуць весці ў верасні барацьбу за медалі чэмпіянату свету. Выключэнне склалі толькі ўкраінкі, якія адмовіліся ад удзелу ў мінскім этапе кубка.
У складзе беларускай каманды на мінскім этапе будуць выступаць Любоў Чаркашына, Святлана Рудалава, Меліта Станюта і Аляксандра Восіпава.
«Мы шмат і сур’ёзна рыхтаваліся да мінскага этапу Кубка свету. З аднаго боку мы ўлічвалі, што этап павінен стаць рэпетыцыяй выступлення на чэмпіянаце свету, з другога — пік нашай формы павінен прыпасці на верасень».
Намеснік міністра спорту і турызму Дзмітрый Шычко паведаміў, што ў Мінску «створаны ўсе ўмовы для правядзення этапу Кубка свету па мастацкай гімнастыцы на найвышэйшым узроўні».
***
Спаборніцтвы пачнуцца ў пятніцу, а 16‑й. У нядзелю а 11‑й пройдуць фіналы у групавых і індывідуальных спаборніцтвах. А 19‑й у нядзелю «Шоў зорак сусветнай гімнастыкі».
Каментары