Меркаванні

Архіепіскап Еўстрацій: Ідэі Пуціна — гэта не загадкавасць рускай душы, не варыянт нормы, а абсалютнае зло — такое ж, якім некалі быў нацызм

«Шмат што будзе залежаць ад далейшых дзеянняў беларускага народа», кажа ў вялікай гутарцы з «Нашай Нівай» архіепіскап Чарнігаўскі і Нежынскі Еўстрацій (Зора).

Архіепіскап Еўстрацій (Зора). Фота: risu.ua.

Архіепіскап Еўстрацій належыць да Праваслаўнай царквы Украіны — самай маладой памеснай (незалежнай) праваслаўнай царквы ў свеце. ПЦУ з'явілася ў пачатку 2019 года, на сёння яе незалежнасць прызналі чатыры памесныя царквы: Канстанцінопальскі і Александрыйскі патрыярхаты, а таксама цэрквы Грэцыі і Кіпра. Што да самога архіепіскапа, то гэта адзін з асноўных афіцыйных спікераў украінскай царквы, намеснік кіраўніка Упраўлення знешніх царкоўных сувязей ПЦУ.

«Украінскі народ не бачыць ніякай іншай альтэрнатывы, акрамя як змагацца з ворагам»

 Як вы сустрэлі вайну?

— Быў у Кіеве, я і цяпер там. Раніцай мне пазванілі і сказалі, што пачаўся абстрэл. Пачаў вывучаць, што адбываецца, і стаў рыхтаваць тэкст звароту, каб засведчыць пазіцыю Праваслаўнай царквы Украіны наконт гэтай несправакаванай агрэсіі.

— Як простыя ўкраінцы ўспрымаюць усе гэтыя падзеі?

— Перш за ўсё людзі не могуць зразумець, чаму гэта адбылося. Не было абсалютна ніякіх падстаў для нападу на Украіну. Усе тыя шалёныя тлумачэнні, якімі скарыстаўся расійскі прэзідэнт, каб абгрунтаваць пачатак вайны, не маюць нічога агульнага з рэальнай карцінай.

Для людзей, канешне, гэта шок. За адзін дзень яны трапілі ў рэаліі Другой сусветнай вайны. Тое, пра што мы чыталі ў кнігах, што мы бачылі ў фільмах, тое, пра што расказвалі людзі старэйшага пакалення — у адзін момант гэта ўсё ператварылася ў рэальнасць, для кагосьці і ў штодзённую. Абстрэлы, бамбардзіроўкі, знішчэнне мірнага насельніцтва — усё гэта людзям вельмі цяжка ўспрымаць.

Марыупаль, 11 сакавіка. Фота: AP / Evgeniy Maloletka.

З іншага боку, як можна бачыць па рэакцыі грамадства, украінскі народ не бачыць ніякай іншай альтэрнатывы акрамя таго, каб адстойваць сваю дзяржаўнасць, змагацца з ворагам, рабіць усё магчымае дзеля таго, каб Украіна выйграла гэтую вайну. Мы добра памятаем нашу гісторыю. Параза ўкраінскай рэвалюцыі ў пачатку ХХ стагоддзя і ўсталяванне бальшавісцка-крамлёўскай улады абярнулася для ўкраінскага народа рэпрэсіямі, калектывізацыяй, мільённымі ахвярамі, якія прынёс Галадамор, а таксама наступам на ўкраінскую ідэнтычнасць.

Фактычна ўсё тое, што мы зараз чуем ад расійскага прэзідэнта, — гэта абяцанне для ўкраінскага народа тых жа самых умоў. Калі б у Пуціна атрымалася рэалізаваць яго планы, з украінскім народам рабілі б тое ж самае, што рабілі ў сталінскія часы.

Натуральна, што ніякі нармальны чалавек не жадае ні сабе, ні ўкраінскаму народу такой долі.

— Навошта Пуціну гэтая вайна?

— Мне здаецца, як стары дыктатар, які шмат гадоў знаходзіцца на вяршыні ўлады, Пуцін стварыў вакол сябе віртуальны свет, у якім ён жыве і які для яго замяняе рэальнасць. Гэта ўласціва любой дыктатуры. Дыктатар ізалюецца ад таго, што адбываецца, ён — свядома ці не — акружае сябе людзьмі, якія выключна сугучныя яго карціне свету, а тыя, хто мог бы мець іншы пункт гледжання, выпадаюць з яго кола камунікацыі.

Таму паступова ў Пуціна сфарміравалася свая карціна свету. Для нармальных людзей яна абсалютна вар’яцкая, але для яго — цалкам лагічная. Хацеў бы нагадаць, што адным з першых вялікіх рашэнняў Пуціна на пасадзе прэзідэнта было рашэнне памяняць гімн Расійскай Федэрацыі. У апошні час кіравання краінай Ельцыным быў падрыхтаваны новы тэкст для гімна, заставалася толькі, каб прэзідэнт падпісаў адпаведны ўказ [і зацвердзіў яго]. Але калі Пуцін прыйшоў да ўлады, ён вярнуў музыку гімна савецкіх часоў і тэкст, перапісаны ў трэці раз Міхалковым-старэйшым. Гэта было яўнай дэкларацыяй яго намераў аднавіць Савецкі Саюз.

Паступова гэты план у яго выкрысталізоўваўся. З таго, як зараз і Пуцін, і расійскія медыя тлумачаць тое, чаму ўсё адбываецца менавіта зараз і менавіта ў такой форме, бачна, што іншага шанцу аднавіць савецкую імперыю Пуцін не бачыць.

Нацысты выкарыстоўвалі фармулёўку пра «канчатковае вырашэнне яўрэйскага пытання», Пуцін кажа пра канчатковае вырашэнне ўкраінскага пытання. Ён разумее, што з цягам часу Украіна будзе ўсё больш развівацца і інтэгравацца ў еўрапейскую прастору, грамадства будзе аддаляцца ад савецкага мінулага. Таму Пуціну і прыйшла ў галаву такая шалёная ідэя напасці на Украіну.

Не менш важна і тое, што Пуцін акружыў сябе людзьмі, якія яму падтакваюць і ствараюць у яго ўражанне, што ён абсалютна мае рацыю. Карупцыя ёсць у любой дзяржаве, але ж у нармальным грамадстве яна ўспрымаецца як хвароба. То-бок ёсць нейкі чыноўнік, які выконвае свае функцыі і ў дадатак да гэтага яшчэ нешта бярэ для сябе ад дзяржавы.

Пры Пуціне ў Расіі ўсталяваўся рэжым клептакратыі, і там усё наадварот. Галоўная мэта дзяржаўнай машыны — крадзеж, а выкананне нейкіх дзяржаўных функцый — дэкарацыя, што дапамагае хаваць гэты крадзеж. Сістэма клептакратыі якраз спрыяла таму, што Пуцін выбраў ваеннае рашэнне.

Аварыйна-выратавальныя работы пасля ракетных абстрэлаў у Харкаве, 2 сакавіка. Фота: Андрэй Марыенка / УНІАН.

У прэсе зараз можна пабачыць лічбы грошай, што былі накіраваныя з розных расійскіх крыніц на падрыхтоўку захопу Украіны — недзе 15 мільярдаў даляраў за апошнія 8—10 гадоў. Грошы павінны былі пайсці на стварэнне інфармацыйнага поля, адпаведных палітычных сілаў, дыверсійных груп і гэтак далей. Вядома, што Пуцін не чытае інтэрнэт, ён не глядзіць тэлебачанне, бо яно ствараецца па сутнасці пад яго і ён ведае, што там пакажуць. Пуцін карыстаецца данымі, што для яго рыхтуюць некалькі крыніц, тая ж разведка.

На працягу гадоў у Пуціна фарміравалася меркаванне, што ва Украіне ідзе паспяховая праца па прасоўванні расійскіх інтарэсаў. Патрэбны быў толькі знешні фактар ваеннай аперацыі, каб прарасійскія сілы ўнутры Украіны зрабілі ўсё, каб як мага хутчэй усталяваць нейкі прарасійскі рэжым. Новы ўрад абвясціў бы ад імя ўкраінскага народа пра разрыў адносін з «агрэсіўным» Захадам і аднаўленне сувязяў з «брацкай» Расіяй.

У рэальнасці ўсё аказалася зусім не так. Мяркую, гэта праз тое, што велізарная частка выдаткаваных на Украіну грошай проста раскрадалася, магчыма, большасць з іх раскрадалася нават на ўзроўні маскоўскіх куратараў.

Нейкую частку раскрадалі ўжо куратары прарасійскіх праектаў ва Украіне, напрыклад, Медвядчук — бо аднекуль жа ён зарабіў сабе на залаты вагон коштам недзе ў два мільёны даляраў.

«Пуцін даў грамадству тое, чаго яно чакала»

— Чаму простыя рускія гэта робяць?

— Мне трапілася вельмі цікавае ўкраінскае даследаванне, аналіз рэгіянальнай — ад Калінінграда да Уладзівастока — расійскай прэсы недзе з 2005 года да пачатку 2010-х. Аўтар працы знайшоў дужа цікавую заканамернасць. Усе пазітыўныя з’явы, у тым ліку заасфальтаваныя дарогі і адкрытыя шпіталі, у такой прэсе прыпісваліся ў першую чаргу Пуціну — нібыта гэта рэалізацыя яго планаў і загадаў. Яго пастаянна ўзгадвалі ў поўнай форме — «Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін», у той час як мясцовых чыноўнікаў называлі па прозвішчы і далей па пасадзе, напрыклад, губернатар.

То-бок усю станоўчую ўвагу аўдыторыі накіроўвалі выключна на Пуціна. На працягу ўсіх гэтых гадоў у дзяржаве стваралася інфармацыйная карціна, якая ўсё больш адрывала грамадства ад рэальнасці. Шмат хто на Захадзе і ва Украіне не можа зразумець вось што. У нацысцкай Германіі была татальная прапаганда, але там было дужа складана атрымаць доступ да альтэрнатыўных крыніц інфармацыі. У Расіі была магчымасць глядзець такія крыніцы, але тут важна ўлічваць адзін фактар.

Пуцін і тыя, хто займаецца прапагандай, вельмі добра вывучылі расійскае грамадства. Гэта грамадства аўтакратычнага, азіяцкага тыпу, схільнае давяраць лідару і нават яго абагаўляць, схільнае зачароўвацца ўласнай веліччу і веліччу сваёй дзяржавы. Такое грамадства, дзе на першым месцы дзяржава, а не чалавек, фарміравалася ў Расіі на працягу стагоддзяў.

68-гадовы Андрэй Ганчарук, член тэратарыяльнай абароны, у двары свайго дома, пашкоджанага ракетным абстрэлам, у Гарэнцы пад Кіевам, 2 сакавіка. Фота: АР.

Пуцін даў грамадству тое, чаго яно чакала — усё гэта «Расія ўстала з каленаў», «нас баяцца ва ўсім свеце», «мы вялікая дзяржава». З аднаго боку, закранаюцца струны «загадкавай рускай душы», з іншага, людзей максімальна напампоўваюць адпаведнай інфармацыяй. Напэўна, тут уключаецца механізм, які апісваў яшчэ Пушкін: «Ах, обмануть меня нетрудно, я сам обманываться рад».

Гэта феномен любой таталітарнай арганізацыі — інфармацыю, што не ўкладваецца ў навязаныя рамкі, людзі абвяргаюць. Яны маюць доступ да сапраўднай інфармацыі, але не хочуць яе чуць. Ім камфортней лічыць, што Пуцін — самы вялікі кіраўнік, што іх дзяржава — самая вялікая і мудрая, што яна захоўвае ўсе магчымыя і немагчымыя каштоўнасці, і адчуваць прыналежнасць да гэтага.

Бальшавікі ў свой час згулялі ў гэтую ж гульню з расійскім народам. Яны затаплялі Расію ў рэках крыві, але пераконвалі, што ўсё гэта трэба для выратавання ад капіталізму і што вельмі хутка ўсе мы будзем жыць нібыта ў зямным раі. Фіны, палякі, прыбалты з гэтым не пагадзіліся, а расійскае грамадства прыняло гэтую ідэю і апынулася на 70 гадоў у бальшавіцкім палоне.

Таму гэта праблема не толькі Пуціна і тых, хто вакол яго, гэта праблема Расіі. Мы бачым, што дагэтуль вельмі нязначная меншасць [расіян] разумее ўвесь жах таго, што адбываецца.

— Рускія і ўкраінцы — зараз брацкія народы?

— У гэтую нядзелю патрыярх Кірыл чарговы раз казаў на пропаведзі пра тое, што ўкраінцы і рускія — гэта брацкія народы, нават што гэта адзін народ. Тое ж самае можна чуць і ад Пуціна, але словы пра «брацкія» народы — гэта зараз апраўданне агрэсіі. То-бок калі мы не розныя народы, а адзін, то і дзяржава ў нас павінна быць адна, і існаванне Украіны — гэта нешта няправільнае. Пуцін сам пра гэта казаў: маўляў, Ленін зляпіў Украіну з нейкіх разрозненых кавалкаў.

Таму для ўкраінцаў у цяперашняй сітуацыі словы пра «брацкія» народы — гэта апраўданне бомбаў і ракет, якія кідаюць на нашы гарады і вёскі. Калі да 24 лютага нехта ва Украіне яшчэ і меў брацкія пачуцці да Расіі, цяпер, думаю, гэтыя брацкія пачуцці былі забітыя. Забітыя ў Харкаве, Марыупалі, Валнавасе, Ірпені.

У рэшце рэшт, першае забойства, пра якое мы ведаем са Свяшчэннага Пісання — гэта забойства брата братам. Каін падняў руку на Авеля і забіў яго. Калі зараз і казаць пра брацтва, то толькі ў кантэксце Каінава граху, які зрабіла Расія ў дачыненні да Украіны.

«Не Пуцін сябе памнажае, каб запоўніць стадыён у Лужніках — усё гэта робяць расіяне»

— Як зараз ва Украіне ставяцца да беларусаў?

— Тут нашмат больш складана, чым у выпадку з рускімі. Украінцы разумеюць, што беларускі народ зараз знаходзіцца ў палоне той таталітарнай сістэмы, якую беларусы дазволілі пабудаваць, калі дапусцілі да ўлады Лукашэнку на папулісцкіх лозунгах і чаканні нейкай стабільнасці ад яго кіравання. Мы шчыра спачувалі беларускаму народу, калі ён паўстаў супраць дыктатара. На жаль, гэтае паўстанне скончылася паразай.

Нованароджаныя браты-блізняты спяць у падвале дзіцячага шпіталя ў цэнтры Кіева, 28 лютага. Фота: АР.

Зараз ёсць падзел паміж тым, што кажа і робіць Лукашэнка, і пазіцыяй беларускага народа. Але шмат будзе залежаць ад таго, ці дазволяць беларусы ўцягнуць сваю дзяржаву, то-бок рэгулярныя часці беларускай арміі, у расійскую вайну супраць Украіны. І нават калі гэтыя часці будуць задзейнічаныя ў вайне, пытанне ў тым, будуць яны выконваць загады Лукашэнкі і Пуціна ці будуць пераходзіць на бок Украіны.

Думаю, зараз такі крытычны момант, які будзе вызначаць будучыя адносіны Украіны і Беларусі як мінімум на бліжэйшае дзесяцігоддзе.

Пры гэтым, што датычыцца рускіх, украінскае грамадства не згоднае з тым, што гэта вайна выключна Пуціна, а рускі народ не мае да яе дачынення. Людзі кажуць, што гэта не Пуцін скідае бомбы на Чарнігаў і Харкаў, не Пуцін націскае кнопку на ракетных пультах, не Пуцін сябе памнажае, каб запоўніць стадыён у Лужніках — усё гэта робяць расіяне.

Але што тычыцца беларускага народа, украінскае грамадства не лічыць, што беларусы падзяляюць разам з Лукашэнкам віну за агрэсію. Шмат што будзе залежаць ад далейшых дзеянняў беларускага народа.

-- Наконт патрыярха Кірыла, якога вы ўзгадалі. Пра што ён думае, калі кажа пра тое, што ва ўсім вінаватае нежаданне Данбаса прымаць заходнія каштоўнасці, калі апраўдвае агрэсію рыторыкай пра брацкія народы? Ён сапраўды не ведае, што адбываецца ва Украіне?

— У яго ў галаве панічны страх, які яго скоўвае. У кнізе пра Маўглі была сцэна, калі пітон Каа гіпнатызіруе бандэрлогаў. Так і Кірыл загіпнатызіраваны Крамлём, ён — палонны, у якога развіўся стакгольмскі сіндром у дачыненні да Крамля.

Але ў той жа час Кірыл не столькі ахвяра, колькі саўдзельнік таго, што адбываецца. Ідэалогія рускага свету, што стала асновай для цяперашняй вайны, — гэта і яго ідэалогія. Ён адзін з тых, хто шмат гадоў яе паслядоўна прасоўваў, ён сааўтар сучаснага расійскага нацызму.

Адпаведна, ён разумее, што пройгрыш Пуціна — гэта і яго пройгрыш. І калі да 24 лютага Кірыл яшчэ неяк спрабаваў балансаваць, пасля ён ужо адкінуў усе ўмоўнасці. Кірылу абсалютна пляваць на тое, як яго словы ўспрымаюць ва Украіне.

Трэба разумець, што Маскоўская патрыярхія як інстытуцыя — гэта не зусім царкоўнае ўтварэнне. Гэта інстытуцыя, створаная ў 1943 годзе ўрадам Сталіна, прызначэнне якой — кіраваць Рускай праваслаўнай царквой. Таму трэба аддзяляць саму Царкву ад яе кіраўнічага органа, Маскоўскай патрыярхіі — чыноўнікаў у расах, што кіруюць Рускай праваслаўнай царквой.

Гэтыя чыноўнікі пад кіраўніцтвам патрыярха Кірыла — частка ўрадавага апарата Расіі. У пачатку ХХ стагоддзя, калі яшчэ існавала сінадальная форма кіравання рускім праваслаўем, у афіцыйных дакументах пачалі называць царкву «ведамства праваслаўнага веравызнання». Дык вось патрыярх Кірыл — гэта міністр ведамства праваслаўнага веравызнання Расійскай Федэрацыі.

Эвакуацыя з ускраіны Кіева, 2 сакавіка. Фота: АР.

Калі да 23 лютага Крэмль яшчэ дазваляў у стратэгічных ці тактычных мэтах мець трохі розныя погляды, то пасля нападу ён паставіў строгія ўмовы: або ты з намі, або ты супраць нас. Ты не можаш проста падтрымліваць мір — або ты за вайну, або ты вораг дзяржавы. Патрыярх Кірыл урос у гэтую сістэму, ён разумее, што ніякай будучыні за яе межамі ў яго больш няма, і яму няма чаго губляць. Таму ён адкрыта заняў бок рэжыму і Пуціна і цалкам сябе дыскрэдытаваў як рэлігійны дзеяч, стаў саўдзельнікам усяго таго, што зараз адбываецца ва Украіне.

У дадатак, патрыярх Кірыл — гэта рэлікт савецкай эпохі. Ён зрабіў у той час паспяховую кар’еру, якую пачынаў як прадстаўнік РПЦ пры Сусветным савеце цэркваў з рэзідэнцыяй у Жэневе. У той час нават каб трапіць у сацыялістычную краіну на адпачынак, трэба было прайсці ідэалагічны кантроль. Паехаць на адказную працу ў капіталістычную краіну без праверкі і ўстанаўлення лаяльнасці было тым больш немагчыма. Усё гэта — паказчык, што чалавек урос у сістэму КДБ. Таму як чакаць ад яго чагосьці іншага, нават простага спачування яго ж пастве? З кожнай новай пропаведзю і заявай ён будзе ўсё больш прабіваць маральнае дно.

«Тое, што зараз робіць Расія, — гэта ўвасабленне абсалютнага зла»

— Чаму нам усім дадзена гэтая вайна?

— Напэўна, кожнае пакаленне вымушанае здаваць экзамен на ўсведамленне дабра і зла. Мінулы раз гэта было падчас Другой сусветнай вайны. Паміж людзьмі можа быць непаразуменне, розныя погляды, але ёсць і больш экзістэнцыяльны ўзровень, усведамленне таго, што ёсць абсалютнае дабро і абсалютнае зло.

Прыходзіць час, калі трэба вызначыцца, калі нельга казаць, што ёсць адценні шэрага і што ў кожнага свая праўда. І кожнае пакаленне вымушанае праходзіць выпрабаванне таго, на якім ты баку. Тое, што зараз робіць Расія — гэта ўвасабленне абсалютнага зла, знайсці ў гэтым нешта добрае абсалютна немагчыма.

Калі некаму гэтыя дзеянні ўсё ж такі падабаюцца, гэта сведчыць пра маральную ненармальнасць чалавека.

Думаю, гэта такое агульначалавечае маральнае ўзрушэнне. Людзі, асабліва на Захадзе, пачалі ўспрымаць адносіны паміж людзьмі больш у катэгорыях эканомікі, выгады, разуменне дабра і зла пачало размывацца. Магчыма, гэта якраз адна з прычын таго, што такая вайна стала магчымай, бо заходнія палітыкі не маглі паверыць, што вар’яцкія ідэі Пуціна — гэта не загадкавасць рускай душы і варыянт нормы, а абсалютнае зло, такое ж, якім некалі быў нацызм.

— Украінцы здолеюць некалі дараваць рускім?

— Тут я магу толькі спаслацца на гістарычны вопыт прымірэння народаў, якія ваявалі ў Другой сусветнай вайне. 

Украінскі пажарнік уваходзіць у склад прадуктаў харчавання, які быў разбураны падчас авіяўдару, ускраіна Кіева, 13 сакавіка. Фота: АР / Vadim Girda.

Ёсць рэчы, якія, думаю, ніколі не будуць ранейшымі. Даверу да Расіі і адчування брацтва больш не будзе ніколі. Тым, каго забівалі, у каго разбурылі дамы і жыцці, будзе вельмі цяжка гаварыць пра прымірэнне.

Некалі канцлер ФРГ Вілі Брандт стаў на калені перад помнікам ахвярам Варшаўскага паўстання і папрасіў прабачэння ад імя германскага народа за ўсё зло, зробленае Польшчы. Калі кіраўнік Расіі вось гэтак жа стане на калені і папросіць прабачэння, думаю, нейкая старонка перагарнецца.

Гістарычна мы асуджаныя да канца часоў быць блізка, як суседнія народы, якія б ні былі паміж намі адносіны, і благі мір лепшы за добрую вайну. Але без адпаведных крокаў, у тым ліку маральных, без усведамлення, пераасэнсавання і пакаяння наўрад ці будзе магчымае рэальнае прымірэнне. Прычым пакаянне прадугледжвае яшчэ і перамену ва ўчынках, і плады пакаяння.

Чым больш будзе доўжыцца гэтая вайна, чым больш людзей будзе забіта, тым больш часу спатрэбіцца на тое, каб перагарнуць гэтую старонку.

— Што вы можаце зараз сказаць беларусам?

— За нашу і вашу свабоду. Упэўнены, што наша перамога ў гэтай вайне будзе азначаць і свабоду для Беларусі, бо параза Пуціна прывядзе да паразы Лукашэнкі. Тады Беларусь здолее вярнуцца ў тую цывілізацыйную прастору, да якой беларускае грамадства першапачаткова належала.

Спадзяюся, сярод беларусаў ёсць шмат тых, хто памятае пра слаўную гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, пра тое, што землі Беларусі былі не нейкай шэрай зонай паміж Польшчай і Расіяй, а тэрыторыяй, дзе квітнела асвета, царкоўнае і культурнае жыццё, дзе развіваліся эканамічныя і грамадскія адносіны. Для дзяржавы гэта былі зусім іншыя часы, чым тыя, што пачаліся пасля падпарадкавання беларускіх земляў Расійскай імперыі і, пазней, Савецкаму Саюзу.

Шматкватэрны дом у Кіеве, разбураны падчас выбуху, 15 сакавіка. Фота: АР.

Мы цвёрда верым, што не можа зло, цемра перамагчы дабро, святло, таму не можа Пуцін перамагчы Украіну. Наша перамога будзе перамогай і для беларускага народа, які здолее вызваліцца ад дыктатара і вярнуцца ў Еўропу як у свой родны дом.

Там мы разам з Польшчай і краінамі Балтыі, з якімі мы мелі агульны гістарычны шлях, будзем будаваць новае мірнае жыццё і па меры магчымасці дапамагаць Расіі ператварыцца з цёмнай таталітарнай аўтакратыі ў нешта больш цывілізаванае, каб будучыя пакаленні не жылі са страхам расійскіх абстрэлаў.

— Чым бы вы хацелі скончыць нашу размову?

— Як вернік і святар, жадаю заклікаць усіх, хто верыць у Бога, маліцца. Вельмі шмат людзей ва ўсім свеце, калі яны даведваюцца пра падзеі ва Украіне, адчуваюць бяссілле. Маўляў, як я магу паўплываць на сітуацыю, калі я далёка і я не палітычны лідар? Вернік можа зрабіць вельмі важны ўнёсак у мір для Украіны — памаліцца за мір ва Украіне, за бежанцаў, за спачын душ тых, у каго адабралі жыццё ў гэтай вайне, за абарону для безабароненых, тых, хто пакутуе ў Чарнігаве, Харкаве, гарадах і вёсках у аблозе ці ў акупацыі. Гэта вельмі важная частка барацьбы дабра са злом.

«Толькі дзеянне ратуе». Спыталі ў вядомых беларусаў, як перажыць гэтыя часы

«Прабачце нас». Былая прапагандыстка НТВ Лілія Гільдзеева — пра звальненне, ад’езд з Расіі і працу на дзяржканале

Каментары

Што запісана афіцыйнай прычынай смерці адзінага сына Ярмошынай?9

Што запісана афіцыйнай прычынай смерці адзінага сына Ярмошынай?

Усе навіны →
Усе навіны

«Грабуць вазкамі». У Віцебску прадпрымальнікі са згарэлага гандлёвага цэнтра прадаюць выратаваны тавар на вуліцы19

У Пружанскім раёне выпадкова застрэлілі паляўнічага4

У аграгарадку пад Маладзечнам з-за перабояў з электрычнасцю загараюцца ацяпляльныя катлы?6

Вялікабрытанія ўпершыню пратэсціравала радыёхвалевую сістэму супрацьпаветранай абароны. Што гэта такое?3

У якія еўрапейскія краіны ездзілі беларусы ў 2024 годзе?3

Азербайджанскі дэпутат: Расія павінна выбачыцца за атаку на самалёт Баку — Грозны10

Халезін: «Бяляцкі — добры кандыдат у прэзідэнты. Ён такі чалавек, які хацеў бы сузіраць Беларусь»9

Разведка Паўднёвай Карэі: УСУ ўзялі ў палон паўночнакарэйскага салдата2

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмешыць вас толькі канцоўка19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што запісана афіцыйнай прычынай смерці адзінага сына Ярмошынай?9

Што запісана афіцыйнай прычынай смерці адзінага сына Ярмошынай?

Галоўнае
Усе навіны →