Меркаванні

Ягор Лебядок: Да 2026-2028 гадоў верагоднасць вайны ў нашым рэгіёне складзе два з трох

Напярэдадні пачатку беларуска-расійскіх вучэнняў ваенны аналітык Ягор Лебядок падзяліўся назіраннямі і развагамі наконт напружанасці вакол Украіны, рызыкі пачатку вайны і ролі Беларусі.

«Вымусяць і НАТА, і Украіну прадпрымаць дадатковыя меры паблізу беларускіх межаў»

«Наша Ніва»: Хоць вы заўсёды асцярожны ў прагнозах, але ў адным з апошніх каментарыяў выказаліся даволі дакладна, маўляў, Беларусь штурхаюць у варонку эскалацыі з выхадам на вайну. Якая рызыка? Дадзіце ацэнку верагоднасці пачатку ваенных дзеянняў? Што можа паслужыць трыгерам?

Ягор Лебядок: Трыгер не важны, важныя працэсы, якія фармуюць умовы для пачатку вайны. І гэтыя працэсы — ад палітычнай рыторыкі да перамяшчэння войскаў — усё больш павялічваюць яе верагоднасць.

Таксама гэтаму спрыяюць ўнутрыпалітычныя працэсы ў краінах нашага рэгіёна, перш за ўсё ў Расіі і Беларусі. Я б сказаў, што да 2026-2028 гадоў верагоднасць вайны ў нашым рэгіёне складзе два з трох. 

«НН»: Вы адзначаеце наступныя маркеры напружанасці сітуацыі: перамяшчэнне С-400 на поўдзень Беларусі, ужыванне інжынерных сіл. Цяпер ёсць прыкметы гэтага?

ЯЛ: Гэтая напружанасць — вучэнні «Саюзная рашучасць-2022» — лакальная па часе і характары, але з'яўляецца адным з крокаў, якія зацягваюць Беларусь у такую варонку.

Пытанне ў тым, якія сілы РФ застануцца на тэрыторыі Беларусі. Натуральна, што пакіданне ў нашай краіне дадатковага дывізіёна С-400 да ўжо наяўнага, а тым больш, знаходжанне ў РБ пасля вучэнняў расійскіх ракетных комплексаў «Іскандэр-М», прыкметна ўзмоцняць напружанасць.

Вымусяць і НАТА, і Украіну прадпрымаць дадатковыя меры паблізу беларускіх межаў, што ў сваю чаргу Расіяй і Беларуссю будзе выкарыстана для абгрунтавання далейшага нарошчвання сіл. Гэта і ёсць тая варонка, якую спыніць на фоне палітычнай канфрантацыі складана.

Фота Міністэрства абароны

«НН»: Выказваецца меркаванне, што такія вялікія ваенныя сілы з Расіі немагчыма было хутка перакінуць у Беларусь, а значыць, маштабныя вучэнні планаваліся даўно. Атрымліваецца, правал перамоваў паміж РФ і ЗША быў перадвызначаны?

ЯЛ: Рашэнне аб правядзенні вучэнняў агучвалася 2 снежня 2021 года. Тэрмін для перакідвання, насамрэч, дастатковы, можна параўнаць з перакідкай расійскіх сіл у лютым-сакавіку мінулага года ў Паўднёвую вайсковую акругу Расіі да межаў Украіны. Тым больш, што расійскія войскі яшчэ працягваюць там знаходзіцца.

Перамовы працягваюцца, і складана казаць аб правале, дакладна не ведаючы сапраўдных мэтаў бакоў. Гэта будзе вядома праз некаторы час, як і ў мінулым годзе. Праўда, цяпер у параўнанні з сакавіком 2021 года, Расія істотна падняла стаўкі.

Можна сцвярджаць, што вучэнні сапраўды загадзя планаваліся менавiта пад гэты час — ультыматуму і перамоў.

«Колькасць вайскоўцаў з Расіі не абвяшчаюць наўмысна»

«НН»: Чым цяперашнія беларуска-расійскія вучэнні на тэрыторыі нашай краіны адрозніваюцца ад ранейшых?

ЯЛ: Колькасцю расійскіх вайскоўцаў на нашай тэрыторыі, а таксама тым, што гэтая колькасць не абвяшчаецца.

Нават па фота, відэа і афіцыйнай інфармацыі відаць, што расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі відавочна больш, чым на мінулых вучэннях «Захад-2021» (тады было 2,5 тысячы чалавек) і ва ўсіх іншых вучэннях пачынаючы з 2000-х гадоў.

На вучэннях мінулага года, як і на вучэннях «Славянскае братэрства-2020», колькасць расійскіх удзельнікаў загадзя паведамлялася. Цяпер колькасць вайскоўцаў з РФ не абвяшчаюць наўмысна.

Таксама вучэнні адрозніваюцца прыбыццём у Беларусь сур'ёзных расійскіх узбраенняў.

«НН»: Мяркуючы па паведамленнях Мінабароны РФ, у вучэннях задзейнічалі два дывізіёны С-400 і дванаццаць Су-35. Пра што гэта сведчыць?

ЯЛ: Прыбылі не толькі С-400 і Су-35, але і ракетныя комплексы «Іскандэр-М», комплексы РЭБ «Красуха-4», і іншыя сістэмы. 

Афіцыйна гэта адпрацоўка ўзмацнення рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) Саюзнай дзяржавы на выпадак вайны адначасова і з НАТА, і з Украінай.

То-бок гэтыя ўзбраенні, прызначаныя для прыкрыцця паветранай прасторы Беларусі ад ракетна-авіяцыйных удараў з боку Украіны і паражэння пунктаў кіравання войскамі на тэрыторыі Украіны для спынення агрэсіі.

Але ў той жа час гэта дадатковае застрашванне ўладаў Украіны і НАТА ў бягучых перамовах.

Фота Міністэрства абароны

«НН»: Звяртае на сябе ўвагу стан тэхнікі, якая накіроўвалася праз Беларусь. Здалося, што выкарыстоўваюцца старыя савецкія рэсурсы. Ці так гэта?

ЯЛ: Гэта тычыцца, хутчэй, тэхнікі тылавога забеспячэння.

Адно з пытанняў, якія адпрацоўваюцца на вучэннях, гэта якраз праверка лагістычных магчымасцяў і ваеннай інфраструктуры Беларусі па прыёме і забеспячэнні дзейнасці дадатковай групоўкі войскаў.

Па расійскіх мерках тэхніка стандартная, яна адносіцца да Усходняй вайсковай акругі. Яна ўзброеная не так добра, як войскі Заходняй ваеннай акругі, але знаходзіцца на сярэднім расійскім узроўні.

«Фармальнасці можна абысці, як рабілася шмат разоў у гісторыі, з дапамогай той жа правакацыі»

«НН»: Асноўная пагроза сканцэнтраваная вакол Украіны. Ці магчымы напад на яе з боку Беларусі праз Палессе? Наколькі імаверным вам падаецца гэты варыянт развіцця падзей?

ЯЛ: Гэты варыянт цалкам верагодны. Але гаворка не пра бягучыя вучэнні, а ў прынцыпе, калі Расія вырашыць маштабна пачаць вайну супраць Украіны. Такі варыянт магчымы ў выпадку нападу ўкраінскіх вайскоўцаў на нашу тэрыторыю або правакацыі такіх дзеянняў. А калі Беларусь проста прадаставіць сваю тэрыторыю для нападу расійскіх войскаў на Украіну — гэта з'яўляецца агрэсіяй у дачыненні да Украіны.

У планаваных зменах у Канстытуцыю, дарэчы, ёсць такі пункт «Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў дачыненні да іншых дзяржаў». То-бок фармальна гэта будзе забаронена. Але ўсе фармальнасці можна абысці, як рабілася шмат разоў у гісторыі, з дапамогай той жа правакацыі. Ды і «часам не да законаў».

«НН»: Ці не з'яўляюцца вучэнні адцягненнем увагі ад іншых напрамкаў, якія пагражаюць Украіне, напрыклад, ад акваторыі Чорнага мора? А беларускі фактар патрэбны для стварэння напружанасці. Груба кажучы, наша краіна непасрэдна ў ваенных дзеяннях не будзе ўдзельнічаць, але вымусіць рэагаваць ўкраінскія сілы?

ЯЛ: Беларускі фактар — гэта ў тым ліку і стварэнне напружанасці для пераразмеркавання ўкраінскіх сіл абароны і, значыць, для паслаблення на іншых кірунках магчымага ўдару.

Напад Расіі будзе, хутчэй за ўсё, з усіх бакоў, у тым ліку і знутры Украіны (ССА, спячыя ячэйкі і г.д.). Менавіта падрыхтоўкай маштабнага нападу з усіх бакоў Расія і займаецца апошнія тры гады.

«НН»: Якая роля палітыкаў і якая вайскоўцаў у гэтым напружанні?

ЯЛ: Калі казаць пра рэгіянальную бяспеку, то, вядома, асноўнымі дарадцамі палітыкаў, якія прымаюць рашэнні, павінны стаць адэкватнае кіраўніцтва ўзброеных сіл і генеральныя штабы (не абавязкова ў публічных заявах, хутчэй, нават без публічных заяў).

Паколькі ваенныя валодаюць ведамі аб сваіх узброеных сілах і разведвальнай інфармацыяй аб патэнцыйным суперніку, то могуць адэкватна ўспрымаць перамяшчэнне розных войскаў і сіл. Яны разумеюць на што трэба рэагаваць сур'ёзна і рашуча, а на што наогул можна не рэагаваць, хоць для іншага назіральніка нейкае дзеянне можа выглядаць як вялікая пагроза.

Палітыкі ж па няведанні, для зарабляння ачкоў, утрымання ўлады могуць неадэкватна рэагаваць на розныя ваенныя перамяшчэнні і тым самым толькі падсілкоўваць эскалацыю. Гэта тычыцца ўсіх краін нашага рэгіёну.

Чытайце яшчэ:

Чаго хоча Расія і якім будзе вялікае ўварванне РФ ва Украіну. Апублікаваныя сцэнары

«Лукашэнка пачаў апошнюю гульню ў сваім палітычным жыцці». Вялікая гутарка з гісторыкам і палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам

Польшча, Брытанія і Украіна ствараюць новы ваенна-палітычны саюз. Што пра яго вядома?

Каментары

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску рабочыя затрымалі кур'ера махляроў3

У заходняй навуцы расце цікавасць да Беларусі. Але з перашкодаў не толькі матрошкі ды чабурашкі32

У Варшаве напалі на дырэктара праграмы Каліноўскага18

Больш за 100 сайтаў за 12 хвілін. Hoster.by расказаў пра масавую атаку на беларускія сайты

Вольга Лойка: Усё ідзе да таго, што Беларусь не давядзецца далучаць сілай — яна сама ўпадзе ў рукі Расіі16

У Беларусі ловяць усё больш нарказакладчыкаў з Расіі1

Расійскі анархіст атрымаў 16 гадоў калоніі і скончыў жыццё самагубствам у той жа дзень

Пільны рыэлтар у Мінску пераканаў пенсіянерку не прадаваць кватэру махлярам1

Расійскі вайсковец, які атрымаў тыдзень адпачынку, сустрэўся з сям'ёй, зарэзаў дачку і пакончыў з сабой8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла

Галоўнае
Усе навіны →