Літаратура33

Найбольшая частка выдадзеных кніг — пераклады, дзіцячая літаратура ў вялікім крызісе. Якім быў літаратурны 2024-ты

На падвядзенні вынікаў 2024 года, якое зладзіла Беларуская Рада культуры, літаратуразнаўца, галоўны рэдактар сайту bellit.info Ціхан Чарнякевіч паведаміў, што сёлета ягоны сайт адсачыў каля 140 выданняў «у розных праявах, жанрах і спецыфіках», што з’явіліся ў Беларусі і па-за межамі краіны. На аснове іх аналізу акрэсліваюцца і тэндэнцыі, піша Budzma.org.

Cichan Čarniakievič
 Ціхан Чарнякевіч. Фота: БРК

«Можна сказаць, што беларуская літаратура знаходзіцца ў больш-менш заўважным стане, таму што актараў вельмі шмат, кніг выходзіць не адна, не сем і не дзесяць. У той жа час, калі глядзець на магчымасці прыватных выдавецтваў Літвы, Польшчы, Эстоніі, Латвіі, то, канечне, нашы нібыта файныя лічбы глядзяцца досыць сумна ў параўнанні», — заўважае Ціхан Чарнякевіч.

Пераклады

«Найбольшая частка гэтых кніг — пераклады, што натуральна, бо гэта — сусветная тэндэнцыя, перакладаў выходзіць больш, чым арыгінальнай літаратуры.

35-40 кніг выйшла ў перакладзе на беларускую, яны сёлета маюць такі цікавы ўхіл у знакавыя кнігі эпасу, які ніколі яшчэ не перакладаўся на нашу мову. Гэта «Іліяда» Гамера, «Эпас пра Гільгамеша», эпас майя «Попаль-Вух: Кніга Супольнасці і Роду» (абодва пераклады Лявона Баршчэўскага), гэта скандынаўскія балады (пераклад Яўгена Папакуля).

Бачым арыентацыю на знакавыя імёны: Стывен Кінг, Джон Р.Р. Толкін, Агата Крысці, тут і наклады большыя. Найбольшая частка перакладаў — з англійскай мовы, нямецкай, польскай, некалькі кніг з літоўскай, што вельмі файна — у мінулым годзе была толькі адна. Рыхтуюцца яшчэ чатыры выданні літоўскіх кніг на наступны год», — расказаў Ціхан Чарнякевіч.

 «Ilijada» Hamiera
Фота: Pradmova

Цікавасць да літоўскай літаратуры Ціхан Чарнякевіч называе «абсалютна натуральнай», бо раней суседняй літоўскай літаратуры ў Беларусі перакладалася вельмі мала, «я думаю, што гэта яшчэ такі скарб, які да канца незразумелы многім беларусам».

У 2024 годзе выйшаў раман «Туўла» Юргіса Кунчынаса ў перакладзе Сяргея Шупы, адзін з самых яскравых твораў літоўскай літаратуры XX стагоддзя, а ў выдавецтве «Пфляўмбаўм» выйшаў раман Віргініі Кульвінскайце «Як я была малалеткай» у перакладзе Сюзанны Паўкштэлы.

«Tuŭła» Jurhisa Kunčynasa

Суадносіны прозы і паэзіі

Па інфармацыі Ціхана Чарнякевіча, прозы (15 кніг) і ў мінулым годзе, і сёлета было менш за паэзію (20 кніг).

«Вялікія жанры патрабуюць большай самааддачы ад аўтараў. І мы бачым пэўны крызіс у гэтым плане, бо ў Беларусі падтрымка прозы не вельмі высокая, дзяржаўныя выдавецтвы збольшага перадрукоўваюць класіку, новыя кнігі выходзяць вельмі рэдка, у тым ліку таму, што прыватных выдавецтваў засталося вельмі мала.

Можна гэта і пабачыць на прыкладзе прэміі Ежы Гедройця: было калісьці 50-60 кніг, што падаваліся на ўдзел, цяпер гэтая лічба не вышэй за 15 кніг трэці год запар. Гэта крызіс, канечне», — зазначыў літаратуразнаўца.

Альгерд Бахарэвіч, Сяргей Дубавец і Вінцэсь Мудроў выдалі па дзве кнігі кожны. У паэзіі заўважным заставалася выдавецтва Дзмітрыя Строцава hochroth Minsk у Берліне, з іх выданняў Чарнякевіч вылучае кнігу Сяргея Прылуцкага «Нічога нястрашнага» — аўтара, які да пачатку вайны жыў у той самай Бучы.

Kniha Siarhieja Pryłuckaha «Ničoha niastrašnaha»

Уласна беларускія выданні

«Калі браць уласна беларускія выданні, то чвэрць паэзіі выйшла ў Беларусі. У прозе — траціна. Пераклады — 50 на 50. Навукова-папулярных і нон-фікшн выданняў крыху больш выходзіць у Беларусі — 12 з 22 кніг.

Тлумачыцца гэта тым, што навука, гуманітарыстыка ў тым ліку, мае інстытуцыі, якія працуюць у Беларусі, яны маюць выдавецкія планы, навукоўцы і нон-фікшн аўтары яшчэ ёсць у Беларусі. Яны зараз бяруць тэмы, якія не будуць прыцягваць увагу кампетэнтных органаў, больш-менш дазволеныя тэмы, якія могуць прапусціць і дзяржаўная, і друкарская (а ёсць ужо пры кожнай друкарні адмысловы чытач) цэнзура.

Найбольш яркія выданні

Сярод найбольш яркіх выданняў, якія пабачылі свет у Беларусі, Ціхан Чарнякевіч называе кнігу мемуараў пра Алеся Разанава — «Праз сябе — да Сусвету», што выйшла ў «Тэхналогіі», кнігу Ганны Севярынец «Савецкая Беларусь пад рэдакцыяй Міхася Чарота».

З замежных выданняў літаратуразнаўца адзначае альбом пахаванняў беларусаў у свеце «Кніга могілак» Наталлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча, што выйшаў у беластоцкім «Камунікаце», фотаальбом этнаграфічнай экспедыцыі Вацлава Ластоўскага на Случчыну і Мазыршчыну ў 1928 годзе, які падрыхтавалі сумесна выдавецтва Czabor Publishing і Skaryna Press.

«Kniha mohiłak» Natałli Hardzijenki i Lavona Jureviča

Шматмоўная літаратура

Літаратуразнаўца таксама звяртае ўвагу на ўсплёск выданняў шматмоўнай літаратуры Беларусі: выйшла кніга на палескай гаворцы, на ідышы, выдавецтва «Мяне няма» заняло нішу рускамоўнай літаратуры ў Беларусі, там выйшла ўжо 7 кніг, напісаных рускамоўнымі беларускімі аўтарамі, выйшлі пераклады рускамоўнага пісьменніка Сашы Філіпенкі.

Дзіцячая літаратура

А вось з дзіцячай літаратурай справы не вельмі. Няшмат выйшла кніг — 14 арыгінальных і 7 перакладных.

«Бачна, што пераклады неяк сталі менш падтрымлівацца. У прыватных выдавецтвах іх выходзіць вельмі мала. І гэта таксама крызісная з’ява, таму што дарагая папера, дарагое выданне, плюс дасяжнасць дзіцячай кнігі для тых жа мігрантаў павінна быць таксама не на апошнім месцы, — кажа Ціхан Чарнякевіч. —

 Ёсць яшчэ што тут падтрымліваць, спадзяюся, у наступным годзе сітуацыя зменіцца бо тут яўны недахоп, 14 кніг сваіх і 7 перакладных — гэта вельмі мала. Для дзяцей відавочна трэба больш. Дзіцячая літаратура ў вялікім крызісе».

Каментары3

  • Ноўнэйм
    20.12.2024
    Калі цябе прыціснуць вялікім камянём, ці засунуць у мех, у якім амаль няма паветра, каб дыхаць, наўрадці цябе гэта натхніць на актыўную і выніковую творчасць..
  • Колхозно-пролетарский рай
    21.12.2024
    Пролетариям книжки не нужны.
  • Шлак
    25.12.2024
    Ніводнай кніжкі пра змаганне

Паўлу Вабішчэвічу, якога абвінавацілі нібыта ў спробе падрыву пасажырскага цягніка, далі 23 гады калоніі1

Паўлу Вабішчэвічу, якога абвінавацілі нібыта ў спробе падрыву пасажырскага цягніка, далі 23 гады калоніі

Усе навіны →
Усе навіны

У мінскім парку Горкага адкрылася кавярня з незвычайным дызайнам

«Не прапускае мышэй без дакументаў». На беларуска-польскай мяжы з'явіўся кот, якога, магчыма, хтосьці згубіў7

Пачалася праца па стварэнні археалагічнага музея пад адкрытым небам на Менцы5

Старшыням райвыканкамаў дадуць права ўзгадняць кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў27

Паліна Шарэнда-Панасюк выехала з Беларусі13

Мірны план Трампа не прадставяць на наступным тыдні7

У Віцебску перайменавалі факультэт, назву якога Лукашэнка назваў «мацернай»7

У Рэчыцы кіроўца аўтобуса даведаўся, што забыў пасажырку — і з поўным салонам людзей паехаў яе забіраць4

У Беларусі можна ўзяць у арэнду самую сапраўдную партызанскую зямлянку. Цана пытання?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Паўлу Вабішчэвічу, якога абвінавацілі нібыта ў спробе падрыву пасажырскага цягніка, далі 23 гады калоніі1

Паўлу Вабішчэвічу, якога абвінавацілі нібыта ў спробе падрыву пасажырскага цягніка, далі 23 гады калоніі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць