Свет

Польшча, Брытанія і Украіна ствараюць новы ваенна-палітычны саюз. Што пра яго вядома?

1 лютага 2022 года ў Кіеў прыляцелі прэм'еры Польшчы і Брытаніі Маравецкі і Джонсан. Лідары гэтых краін сустрэліся з Зяленскім, каб абмеркаваць новы фармат ваенна-палітычнага супрацоўніцтва паміж краінамі. Гаворка ідзе аб прадастаўленні палітычнай, дыпламатычнай і ваеннай дапамогі Украіне на выпадак нападу Расіі. Фактычна, кіраўнікі дзяржавы заявілі аб новым еўрапейскім палітычным і абаронным альянсе. Расказваем, што гэта значыць для краін і рэгіёна.

Брытанскія аналітыкі візуалізавалі новы ваенна-палітычны альянс.

На фоне эскалацыі сітуацыі на мяжы Украіны і Расіі, сцягвання расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі і акупаваныя Расіяй украінскія тэрыторыі — Данбас і Крым — Варшава і Лондан актывізавалі падтрымку Кіева. 

Пра больш актыўнае развіццё трохбаковых сувязяў паміж краінамі расказала яшчэ 21 студзеня міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Ліз Трас. Галоўнымі задачамі рэгіянальнага альянсу павінны стаць як супрацьдзеянне расейскай пагрозе, так і сумесная праца дзеля будучыні еўрапейскай бяспекі.

«Крэмль не засвоіў урокі гісторыі. Яны мараць аднавіць Савецкі Саюз ці свайго роду «Вялікую Расію», падзяліўшы тэрыторыі па этнічнай і моўнай прыкмеце. Яны заяўляюць, што хочуць стабільнасці, у той час як працуюць над тым, каб запалохаць і дэстабілізаваць іншых», — заявіла яна.

Стварэнне новай восі Лондан — Варшава — Кіеў адбываецца на фоне істотнага абвастрэння сітуацыі бяспекі на ўкраінскіх межах і актыўнай пастаўкі Брытаніяй зброі Украіне.

Джонсан і Маравецкі прыехалі ў Кіеў 1 лютага, як раз у той дзень, калі аб стварэнні саюза афіцыйна сказаў Зяленскі падчас свайго выступу ў Радзе. 

Лідары таксама абгаварылі палітычную, дыпламатычную і вайсковую дапамогу Украіне на фоне пагрозы расейскага ўварвання. 

Брытанскі прэм'ер Джонсан і ўкраінскі прэзідэнт Зяленскі. Фота: прэс-служба прэзідэнта Украіны.

Напярэдадні візіту Джонсана ва Украіну, урад Вялікабрытаніі заявіў, што выдзеліць Украіне £88 мільёнаў. Брытанская фінансавая дапамога павінна быць накіравана на садзейнічанне стабільнаму кіраванню і забеспячэнне энергетычнай незалежнасці Украіны ад Расіі.

У студзені 2022 года Брытанія адправіла некалькі самалётаў з вайсковай дапамогай, яна вучыць украінскіх вайскоўцаў выкарыстоўваць супрацьтанкавыя комплексы NLAW і паслядоўна падтрымлівае краіну на дыпламатычным фронце.

Польскі прэм’ер расказаў пра гатоўнасць аказаць Украіне дапамогу ў энергетычнай, абароннай, эканамічнай і гуманітарнай сферы. У прыватнасць, палякі паабяцалі пастаўкі:

  • ваеннага абсталявання і тэхнікі;
  • некалькіх дзясяткаў тысяч патронаў і артылерыйскіх снарадаў;
  • супрацьпаветраных снарадаў;
  • лёгкіх мінамётаў;
  • дронаў.

Таксама прэм'ер-міністр Польшчы раскрытыкаваў Нямеччыну за «Паўночны паток — 2». «Нельга адной рукой выказваць салідарнасць з Украінай, а другой падпісваць сертыфікацыйныя дакументы Nord Stream 2», — заявіў Маравецкі.

Маравецкі казаў журналістам: Вялікабрытанія «з уласнага досведу ведае, наколькі доўгай і цяжкай можа быць рука Масквы». Ён згадаў атручэнне расейскага разведчыка Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі ў Солсберы і іншыя напады расійскіх спецслужбаў.

«Лондан і Варшава рэальна ацэньваюць маштабы гэтай пагрозы, падобны погляд збліжае нашы краіны і прымушае шукаць сумесныя рашэнні для абароны бяспекі і міру ў Еўропе», — сказаў ён.

«Побач з такім суседам, як Расія, ствараецца ўражанне, што мы жывём каля вулкана. І таму як ніхто ў Еўропе мы разумеем, якой каштоўнасцю з'яўляюцца бяспека, саюзы, супрацоўніцтва ў пытаннях бяспекі. Такую падтрымку, менавіта ў гэтым плане, мы хочам аказваць Украіне», — казаў польскі прэм’ер падчас прэс-канферэнцыі з украінскім прэм’ерам Шмыгалём.

Польскі і ўкраінскі прэм'еры Маравецкі і Шмыгаль. Фота: Укрінформ.

«Якая можа быць альтэрнатыва? Паглядзіце на Беларусь», — адзначыў Маравецкі.

Джонсан падчас сустрэчы з Зяленскім сазаў, што санкцыі, якія рыхтуе Вялікабрытанія з іншымі дзяржавамі на выпадак новай расейскай агрэсіі, будуць актываваныя «ў той самы момант, калі нага расейскага жаўнера наважыцца перайсці ўкраінскую мяжу і крочыць на ўкраінскую тэрыторыю».

Джонсан заявіў, што патэнцыйнае ўварванне Расеі ва Украіну стала б паразай Пуціна. Ён падкрэсліў, што апошнія тыдні правёў шматлікія перамовы з еўрапейскімі лідарамі і ўсе яны падтрымліваюць пазіцыю, што Украіна мае права сама вызначаць свой палітычны курс і да якой арганізацыі далучыцца.

Цікава, што перад сустрэчай з Зяленскім чакалася тэлефонная размова Пуціна і Джонсана, але гэтага не адбылося, яе перанеслі на пазнейшую дату. 

Навошта дзяржавам гэты альянс?

Кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба раскрыў дэталі новага аб’яднання. Паводле яго слоў, з ініцыятывай стварэння такога фармату выступіла Украіна ў кастрычніку 2021 года. 

Новы фармат з'яўляецца часткай украінскай стратэгіі малых альянсаў, што прадугледжана стратэгіяй знешняй палітыкі.

«Сутнасць у тым, што мы не можам чакаць бяспекі і росквіту калі-небудзь у будучыні, калі станем членамі ЕС і НАТА. Яны патрэбныя нам ужо сёння. Таму мы ўжо сёння дасягаем практычнага ўмацавання, гуртуючы сяброўскія і блізкія па духу краіны ў малыя альянсы. Мы ствараем пояс бяспекі і росквіту і ўзмацняем Балта-Чарнаморскую вось», — кажа міністр.

І гэта сапраўды не першы падобны альянс. Раней Украіна стварыла з Польшчай і Літвой «Люблінскі трохкутнік», «Квадрыгу» з Турцыяй, «Асацыяванае трыа» з Грузіяй і Малдовай.

Альянс, па словах украінскага міністра, грунтуецца не на лакальнай геаграфіі, а на агульных прынцыпах Украіны, Польшчы і Брытаніі, на імкненні ўмацоўваць бяспеку і развіваць гандаль.

Для Кіева стварэнне такога саюза з'яўляецца спробай знайсці апору ў крытычны момант. Украіна ў свой час спазніліся з уступленнем у НАТА, зараз гэтае акно магчымасцяў закрытае. Украіна сёння не з’яўляецца часткай сістэмы калектыўнай абароны, таму яна вымушаная шукаць падтрымкі асобных дзяржаў.

У паўночнаатлантычным альянсе няма адзінства адносна тэрмінаў членства Украіны. Хоць у НАТА так і не пайшлі на ўльтыматыўныя ўмовы Масквы адносна юрыдычных гарантый непашырэння блока за кошт Украіны, Грузіі і іншых усходнееўрапейскіх дзяржаў. Таму новы альянс можа стаць асновай для новай сістэмы еўрапейскай бяспекі, асабліва калі да яго далучацца іншыя краіны (кшталту Скандынавіі, Балтыі ці Румыніі).

Сам саюз гэтых краін выглядае лагічна. Брытанія дае Украіне адну з самых маштабных дапамог у сектарах бяспекі і абароны, а Польшча мае натуральны інтарэс, каб Украіна ўзмацняла свой абаронны патэнцыял. Краіны аб’ядноўвае тое, што яны сур'ёзна ставяцца да расійскай пагрозы і на сабе адчулі яе ў рознай ступені.

Такі саюз — частка стратэгіі Брытаніі па аднаўленні ўплыву ў свеце і рэгіёне пасля Брэксіту. Гэтыя тры краіны таксама аб’ядноўвае наяўнасць пытанняў і нават прэтэнзій да Бруселя. У НАТА далёка не ўсе краіны гатовыя рашуча процідзейнічаць расійскай пагрозе, таму Брытанія працягвае тактыку малых альянсаў для больш эфектыўнай працы ва Усходняй Еўропе.

Акрамя таго, Вялікабрытанія — адна з еўрапейскіх краін, якая паслядоўна спрабуе ўкараняць найбольш сур'ёзную санкцыйную палітыку ў дачыненні да Крамля на фоне ваеннай эскалацыі Расіі ля межаў з Украінай.

Брытанія, атрымліваючы новага саюзніка ва Усходняй Еўропе, пашырае свае сферы ўплыву і ў доўгатэрміновай перспектыве павышае свой геапалітычны статус як асноўнага партнёра па бяспецы на ўсім ўсходнім флангу НАТА. І такім чынам перахоплівае ініцыятыву ў Германіі і Францыі як асноўных гарантаў еўрапейскай бяспекі.

А Польшчы саюз патрэбны, бо, нягледзячы на спрэчкі па гістарычных пытаннях, яна застаецца стратэгічным партнёрам Украіны. Акрамя таго, падобны альянс стане дадатковым аргументам Польшчы ў дэбатах краіны з кіраўніцтвам ЕС. 

Польшча будзе дапамагаць Украіне зброяй, рэсурсамі і абсталяваннем, акрамя непасрэднай адпраўкі сваіх вайскоўцаў. У гэтым альянсе палякі ўскосна прадстаўляюць ЕС, які таксама пэўным чынам становіцца актарам бяспекі.

Таксама Польшча імкнецца замяніць Германію і стаць галоўнай сілай, якая выпрацоўвае знешнюю палітыку на ўсходнім флангу ЕС.

Акрамя таго, у выпадку шырокамаштабнага наступу на Украіну, менавіта Польшча адчуе на сабе наступствы значнай хвалі ўкраінскіх бежанцаў.

Таксама Польшча цяпер мае самую дынамічную эканоміку з гэтых трох краін, таму яе моцна турбуе пытанне энергетычнай дыверсіфікацыі. Яна непакоіцца праз з'яўленне газаправода «Паўночны паток — 2» і ўзмацненне супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы паміж Расіяй і Германіяй.

Брытанска-польска-ўкраінскі альянс у першую чаргу з’яўляецца інструментам ціску на Расію, рэакцыяй на прарасійскую палітыку асобных заходнееўрапейскіх дзяржаў. Для Заходняй Еўропы пагроза з боку Расіі даволі абстрактная, яна не тычыцца іх непасрэдна. Таму яны аддаюць перавагу неяк з гэтай Расеяй камунікаваць і дамаўляцца. А вось для Усходняй Еўропы гэта больш балючае пытанне.

Ці падтрымліваюць звычайныя ўкраінцы такі саюз?

Па выніках студзеньскага сацыялагічнага апытання групы «Рэйтынг» 61% украінцаў падтрымліваюць ідэю стварэння ваенна-палітычнага саюза ў складзе Украіны, Польшчы і Вялікабрытаніі.

Адмоўна ставяцца да гэтай ініцыятывы 21%, абыякава — 12%.

Найбольш падтрымліваюць ідэю стварэння такога аб'яднання жыхары заходніх і цэнтральных рэгіёнаў Украіны, а таксама Кіева (узровень падтрымкі ад 65% да 76%).

У паўднёвых абласцях падтрымліваюць — 51%, не падтрымліваюць — 31%, А на ўсходзе — 40%, не падтрымліваюць — 38%.

Найбольш падтрымліваюць ідэю стварэння саюза выбаршчыкі праеўрапейскіх і нацыяналістычных партый.

Каментары

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла18

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла

Усе навіны →
Усе навіны

Дабрацца маршруткай з Гродна ў Віцебск можна будзе без перасадак — гэта адзін з самых доўгіх маршрутаў у краіне4

У Магілёве на пераходзе насмерць збілі двух пешаходаў1

Падатковая злавіла таксіста, які вазіў ад вакзала ў Мінску да Ждановіч за 105 рублёў. Ён трапіў на 180 тысяч9

У дзень выбараў у Мінску грамадскі транспарт будзе бясплатным4

У Мінску рабочыя затрымалі кур'ера махляроў3

У заходняй навуцы расце цікавасць да Беларусі. Але з перашкодаў не толькі матрошкі ды чабурашкі37

У Варшаве напалі на дырэктара праграмы Каліноўскага18

Больш за 100 сайтаў за 12 хвілін. Hoster.by расказаў пра масавую атаку на беларускія сайты

Вольга Лойка: Усё ідзе да таго, што Беларусь не давядзецца далучаць сілай — яна сама ўпадзе ў рукі Расіі16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла18

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла

Галоўнае
Усе навіны →