Грамадства1111

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла

Пасля бурнага абмеркавання дамэтнасці аб’ёму сродкаў, якія пайшлі беларускаму бізнэсу з дапамогі Еўрасаюза, «Наша Ніва» вырашыла звярнуцца да кіраўніка ABBA (Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой) Яўгена Бурага, каб патлумачыць, як працуе фінансаванне ў выпадку дзейнасці іх арганізацыі, і чаму падтрымка камерсантаў — важны кірунак.

Яўген пагадзіўся даць пісьмовыя адказы на пытанні. Атрымаўся тэкст-знаёмства з ABBA для тых, хто не разумее, як канкрэтна асацыяцыя дапамагае айчынным бізнэсам.

Яўген Буры, фота з асабістага архіва.

Яўген Буры. Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (2005) і Акадэмію кіравання (2018). Працаваў у сістэме Міністэрства па падатках і зборах (1998-2014) і Радзе бяспекі (2014-2019), у 2019-2020 — у IT-кампаніі ў сферы фінансаў. У 2020 далучыўся да Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі. У 2021 стварыў ABBA.

«Праца над праектам АВВА пачалася задоўга да грантаў, без фінансаванняў»

«Наша Ніва»: Павел Латушка спачатку заявіў, што каля 30% сродкаў, выдзеленых ЕС беларускай грамадзянскай супольнасці, ішлі на бізнэс. Пасля былы спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў назваў лічбы 10-15%, пазней яшчэ менш: 4-7%. Ці вы ведаеце, якая з гэтых лічбаў карэктная і колькі з гэтага было вылучана на ABBA як профільную бізнэс-арганізацыю?

Яўген Буры: Гэта дакладна не пытанне АВВА. Мы ніколі не займаліся і не займаемся размеркаваннем сродкаў, якія атрымліваюць беларускія дэмакратычныя сілы або грамадзянская супольнасць. Мы маем уласнае фінансаванне, накіраванае выключна на падтрымку беларускага бізнэсу за мяжой. Мы не маем ніякіх фінансавых кропак перасячэння ні з кім з беларускіх палітычных або іншых структур.

Акрамя АВВА, ёсць яшчэ шэраг структур, значна старэйшых і з вялікай грантавай гісторыяй, у тым ліку міжнародных фінансавых арганізацый кшталту Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР), але падрабязнасці іх фінансавання і падтрымкі з боку Еўрасаюза мне невядомыя.

«НН»: Раскажыце, як уладкавана ваша фінансаванне?

ЯБ: Два гады таму быў створаны кансорцыум для падтрымкі беларускага бізнэсу за мяжой. Сярод яго ўдзельнікаў — Польская гандлёва-прамысловая палата (KIG), навукова-даследчы цэнтр CASE і Літоўская канфедэрацыя працадаўцаў (LDK).

У снежні 2022 года, АВВА разам з трыма еўрапейскімі ўдзельнікамі кансорцыума падпісалі кантракт з Еўракамісіяй на два гады ў памеры мільёна еўра — на падтрымку бізнэсу ў выгнанні і развіццё асацыяцыі. Амаль ⅓ бюджэту ад кантракту належыць іншым eўрапейскім партнёрам нашага кансорцыума.

Яшчэ ў красавіку 2023 разам з Еўракамісіяй мы рабілі публічную падзею, прысвечаную пачатку праекта [падтрымкі беларускага бізнэсу ў межах праграмы EU4Belarus на суму мільён еўра], дзе разам агучвалі, на што і як будуць выдаткаваныя сродкі.

У нас быў яшчэ адзін кароткатэрміновы малы грант ад Еўракамісіі летам 2022 года, скіраваны на кансультацыі па рэлакацыі бізнэсу пасля пачатку вайны (без згоды Еўракамісіі лічба не можа быць агучаная). Ніякага іншага фінансавання ад Еўрасаюза мы не атрымлівалі і не атрымліваем.

Праца над праектам АВВА пачалася задоўга да грантаў, яшчэ ў пачатку 2021 года, і працягвалася паўтара года. Без фінансавання быў праведзены першы Беларускі бізнэс-форум на пляцоўцы Варшаўскай фондавай біржы, якая дазволіла зрабіць яго бясплатна, другі Беларускі бізнэс-форум у Вільні ў ЕГУ. Адразу пасля пачатку вайны без аніякага фінансавання намі была арганізаваная «Гарачая лінія», дзе можна было атрымаць экстраныя кансультацыі па рэлакацыі. Шмат чаго яшчэ рабілася без фінансавання, за наш уласны кошт.

З прапановай прафінансаваць нашу дзейнасць да нас звярнуліся непасрэдна самі донары — Еўракамісія — ужо пасля таго, калі былі дасягнутыя самастойныя вынікі працы. АВВА не была створаная пад адзіны праект альбо пад донарскую падтрымку.

«13 бізнэсаў атрымалі ад нас па пяць тысяч еўра на развіццё»

«НН»: Можаце распавесці падрабязней, куды па выніку пайшлі вылучаныя грошы?

ЯБ: У нашым выпадку гэта бізнэс-конкурсы з міні-грантамі ў памеры пяць тысяч еўра, кансультацыі, правядзенне бізнэс-форумаў і семінараў, даследаванні патрэб бізнэсу, навучальныя туры і сустрэчы бізнэсу з мясцовымі ўладамі, адвакатаванне інтарэсаў бізнэсу з беларускімі каранямі праз сустрэчы з чыноўнікамі еўрапейскіх краін і ў самой Еўракамісіі, удзелы ў экспа, трэнінгі каманды АВВА, офіс асацыяцыі, заробкі каманды АВВА.

Напрыклад, ужо 13 бізнэсаў, выйграўшы конкурс, атрымалі ад нас па пяць тысяч еўра на развіццё (так, адным з пераможцаў стала Алена Карчэўская — заснавальніца сямейнай рамеснай вытворчасці натуральнай касметыкі Shesaidlyn у Варшаве — НН).

Трэба адзначыць, што ўсё фінансуецца асобнымі траншамі, і без выканання прадугледжаных кантрактам этапаў праекта і дасягнення запланаваных паказнікаў немагчыма атрымаць наступны транш. Цяпер, выканаўшы ўсе запланаваныя дзеянні і этапы і зрабіўшы справаздачыў за выдзеленыя сродкі, мы атрымалі перадапошні транш, неабходны для завяршэння праекта. Гэта важна для разумення, што ўсе сродкі АВВА выдаткоўваюцца на заяўленыя мэты і кантралююцца донарам.

Дадам, шмат чаго АВВА рабіла і робіць больш, чым тое прадугледжана грантавым пакрыццём. Бо гэта праект самой бізнэс-супольнасці, а не донараў.

«Спадзяемся на запуск інвестыцыйнага фонду, які будзе выдзяляць крэдыты беларускаму бізнэсу за мяжой на льготных умовах»

«НН»: Што наконт эфектыўнасці — ёсць траты, якія не апраўдаліся?

ЯБ: Вельмі складана казаць пра эфектыўнасць «у моманце», бо ў бізнэсе так не працуе: прыйшоў на форум або атрымаў кансультацыю — і адразу рост. Гэта трэба глядзець у часе. Але што можна сказаць дакладна: конкурсы бізнэсаў прыносяць вельмі шмат карысці за адносна кароткі прамежак часу. Бо там мы бачым, на што ідуць атрыманыя бізнэсам грошы, і чуем водгукі, як канкрэтна гэтыя грошы дапамаглі ў развіцці. Згадаем тых жа Shesaidlyn. Наш грант пайшоў на новае дадатковае абсталяванне і пашырэнне іх цэха. Як вынік — рост заказаў і продажаў, пашырэнне вытворчасці.

Дзякуючы нашым кансультацыям, беларусы рэгіструюць новыя бізнэсы і ствараюць працоўныя месцы. Нашы размовы з чыноўнікамі з еўрапейскіх краін і іншымі еўрапейскімі бізнэс-асацыяцыямі паляпшаюць стаўленне да беларускага бізнэсу і да беларусаў агулам. Мы мэтанакіравана працуем з пытаннямі дыскрымінацыі і дапамагаем тым, у каго ёсць праблемы, напрыклад, з банкаўскім абслугоўваннем.

Адным з самых істотных вынікаў праекта мы спадзяемся, будзе запуск у бліжэйшым часе інвестыцыйнага фонду са сродкаў Еўракамісіі, які будзе выдзяляць крэдыты беларускаму бізнэсу за мяжой на льготных умовах.

Нам падаецца, у грамадскасці сёння слабае разуменне, навошта ўвогуле падтрымліваць прыватны сектар — маўляў, «яны і так багатыя, давайце гэтыя грошы лепей выдаткуем на культуру або палітзняволеных». Вядома, гэта неабходна рабіць, і гэта робіцца. Але і падтрымка прыватнага сектару — гэта стандартная практыка дэмакратычных дзяржаў. Простымі словамі:

кожны выдаткаваны еўра цяпер можа прынесці некалькі еўра карысці праз некалькі год у выглядзе ўнёску ў развіццё эканомікі, новых працоўных месцаў, заплачаных падаткаў, новых крэдытаў, выдаткаў на дабрачыннасць і гэтак далей. Менавіта падтрымка бізнэсу сёння можа заўтра стаць падмуркам для новай незалежнай Беларусі. Шлях развіцця праз падтрымку малога і сярэдняга прадпрымальніцтва абіралі ўсе краіны, якія прайшлі праз дыктатуру і падзенне рэжымаў.

Агулам жа, партнёрства АВВА з Еўрапейскай камісіяй і Дэпартаментам гандлю ЗША — гэта паказнік таго, што нашая арганізацыя выконвае крытэры строгай справаздачнасці і празрыстасці. Нашую фінансавую справаздачу можна паглядзець у польскім рэестры. На нашым рэсурсе ў адкрытым доступе апублікаваныя нашы і донарскія структуры, да якіх мы маем дачыненне, і толькі праз іх мы атрымліваем фінансаванне.

«На сённяшні момант у ABBA больш 120 сяброў з 14 краінаў свету»

«НН»: Колькі сяброў у самой ABBA сёння?

ЯБ: На сённяшні момант у нас больш 120 сяброў з 14 краінаў свету. Польшча займае першае месца паводле колькасці, ЗША — другое, Літва — трэцяе. У сваёй большасці гэта мікра– і малы бізнэс. Больш буйны бізнэс далучаецца з ЗША і Канады.

На сайце АВВА пазначаныя сяброўскія пакеты. На сённяшні момант большасць сябраў абірае базавы сяброўскі пакет, бо тыя, хто да нас звяртаецца, часцей за ўсё, яшчэ не стаяць моцна на нагах (базавы план сяброўства на год каштуе 250 еўра — НН). Ёсць сярод сябраў і тыя, хто мае бізнэс сусветнага ўзроўню (Яўген Буры не можа назваць кампанію без яе згоды — НН). І яго ўладальнікі выказваюць жаданне дапамагаць. Развівацца малому бізнэсу, у тым ліку праз АВВА.

Цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу бізнэс-праектаў

«НН»: А колькі ў самой арганізацыі супрацоўнікаў і якія заробкі яны маюць?

ЯБ: На падставе дамовы аб працы ў АВВА занята 6 чалавек. [Яшчэ] адзін пастаянна працуе на падставе кантракта па выкананні паслуг. Гэта ўсё беларусы, якія не па сваёй волі апынуліся за мяжой.

Тут варта адзначыць, што донар ніколі не пакрывае 100% заробкаў, звычайна гэта складае ад 25% да 50%, рэшту мы мусім знаходзіць самі. Ёсць перыяды калі гэта не атрымліваецца зрабіць. З этычных меркаванняў я не магу агучваць заробкі працаўнікоў.

«НН»: Вы самі звычайна прыходзіце да бізнэсаў ці яны да вас?

ЯБ: АВВА дапамагае і тым, хто не з’яўляецца нашымі сябрамі. Напрыклад, слухачы трэнінгаў і семінараў — гэта шырокае кола зацікаўленых асоб. Значна часцей менавіта бізнэс прыходзіць да нас: мы маем статус «экстрэмісцкай арганізацыі», таму клапоцімся пра бяспеку людзей.

Сябрам АВВА можа стаць юрыдычная асоба, зарэгістраваная за мяжой Беларусі (акрамя Расіі і іншых недэмакратычных краін), заснавальнік якой (або адзін з заснавальнікаў) мае (або некалі меў) беларускае грамадзянства, і які падзяляе нашы каштоўнасці, прапісаныя ў Кодэксе бізнэс-этыкі і Статуце АВВА.

«НН»: Назавіце топ дасягненняў вашай арганізацыі за час дзейнасці, чым вы сапраўды можаце пахваліцца?

ЯБ: Найперш гэта сама супраца з Еўрасаюзам, бо гэта вялікі давер да нас і, каб гэта стала магчымым, трэба было зламаць шмат шаблонаў і алгарытмаў. Таксама — падпісанне дарожнай мапы і пачатак супрацы з Дэпартаментам гандлю ЗША.

Гэта стварэнне сістэмы акрэдытацыі АВВА, якая дазваляе адрозніваць сумленны бізнэс, і дапамагае ў барацьбе с дыскрымінацыяй беларусаў. Ну, і само стварэнне АВВА, якая перарасла ў сапраўдную міжнародную арганізацыю са сваёй унікальнай і экспертнай камандай.

Частка каманды ABBA з Анджэем Шумоўскім, намеснікам кіраўніка Рады Нацыянальнай гандлёвай палаты Польшчы (KIG) — злева.

«НН»: А якая практычная карысць ад вашага прадстаўніцтва ў Штатах? Чым ABBA можа быць карысна беларускім камерсантам у ЗША?

ЯБ: Як мы не раз казалі, задача АВВА — закласці падмурак для крывяноснай сістэмы эканомікі вольнай Беларусі. Каб менавіта бізнэс з беларускімі каранямі быў асноўным інвестарам у эканоміку новай Беларусі. Для гэтага мы павінны будаваць масты паміж бізнэсам беларусаў на розных кантынентах ужо сёння —маецца на ўвазе магчымае фінансаванне супольных праектаў у будучыні, інвестыцыі, правядзенне супольных івэнтаў і нетворкінга і гэтак далей. І вялікую ролю ў гэтым адыгрываюць нашы амбасадары ў штатах (іх ужо чатыры) і наша прысутнасць у Каліфорніі.

Мы правялі першы бізнэс-форум у сакавіку ў Вашынгтоне. Ён вельмі паспрыяў росту іміджу беларусаў сярод федэральных структур. Калі тлумачыць: там пабачылі ўзровень беларускага бізнэсу. У нашых бізнэсоўцаў з’явіліся прамыя кантакты з профільнымі амерыканскімі асацыяцыямі, пачалося вырашэнне канкрэтных пытанняў. Мы самі нават сталі выдаваць рэкамендацыі на атрыманне віз і палітычнага прытулку ў ЗША.

Другі форум разам з Дэпартаментам гандлю ЗША плануем у Крэмніевай даліне ў наступным годзе.

Падпісанне дарожнай мапы з Дэпартаментам гандлю ЗША

«НН»: Не маглі не запытаць пра чуткі вакол кампаніі Connect GMN Non Profit, якой нібыта належыць бар у Варшаве, у якім праводзіцца нэтворкінг ABBA. Існуе меркаванне, што кампанія атрымлівае выплаты за кейтарынг з грантавых грошай ABBA, і так вы абкэшваеце гранты — пераводзіце ў наяўныя грошы — праз бар сваёй жонкі. Як можаце гэта пракаментаваць?

ЯБ: Гэта нейкі жарт. Раней мы чулі, што не можам кіраваць бізнэс-асацыяцыяй, бо не маем уласнага бізнэсу. Цяпер, калі ў аднаго з чальцоў праўлення гэты бізнэс ёсць, адразу пачаліся прэтэнзіі ў іншы бок.

Гэты бар быў заснаваны Марынай Гірын разам з партнёркай, не звязанай працоўнымі адносінамі з АВВА. У Польшчы існуе шмат форм вядзення сацыяльна адказнай дзейнасці, адной з іх з’яўляецца Spółka z o.o. non profit. На дзейнасць гэтага бара частка фінансавання была прыцягнутая з боку польскага фонду падтрымкі бізнэсу. Умовай яго атрымання было працаўладкаванне людзей, якія маюць статус палітычных уцекачоў.

Гэта сацыяльна адказны бізнэс, які стварае працоўныя месцы для іншых беларусаў. Ён працуе каля двух з паловай месяцаў. То-бок ён быў адкрыты тады, калі наш праект з Еўрасаюзам амаль скончыўся. І ні ў якім разе не ствараўся пад патрэбы АВВА або пад нейкую яе грантавую дзейнасць. Ніякага кэйтарынгу бар не робіць, ніякага «абкэшвання», як вы кажаце, ці іншых незаконных рэчаў там не адбываецца. У бары сапраўды праводзіцца нэтворкінг для сябраў АВВА, але ў межах звычайнай камерцыйнай дзейнасці. У асноўным праца скіраваная на польскі рынак і турыстаў.

«НН»: Якія ў вас планы па развіцці арганізацыі? Як вы плануеце быць карыснымі беларускаму бізнэсу, сыходзячы з яго патрэб? Які прагноз вашага бюджэту на 2025 год?

ЯБ: Асноўныя стратэгічныя задачы дзве: спрыяць паляпшэнню іміджу сумленнага беларускага бізнэсу і зрабіць АВВА ўстойлівай арганізацыяй, незалежнай ад вонкавых донараў або асобных людзей.

Мы імкнемся стварыць умовы, пры якіх самі беларусы будуць фінансаваць уласныя неабходныя ім структуры, такія як АВВА.

Мы працягваем прытрымлівацца нашай місіі і з часам усё больш разумеем, наколькі яна слушная — дапамагаць, абараняць, развіваць, умацоўваць і памнажаць беларускі этычны бізнэс. Бюджэт АВВА на 2025 год будзе меншы, чым у 2024, але ўсе асноўныя кірункі дзейнасці і паслугі будуць захаваныя (Яўген удакладніў, што гэта будзе ўжо не кантракт з Еўрасаюзам, іншыя дэталі па бюджэце зараз раскрыць ён не можа — НН).

Мы працуем у складаных умовах. У адносінах мяне і праўлення АВВА рэжым завёў шматлікія крымінальныя справы, мы аб’яўленыя ў міждзяржаўны вышук.

За тры гады мы чулі шмат іншых абвінавачванняў у свой бок. Але яшчэ ніхто і ніводнага разу так і не здолеў падмацаваць фактамі хоць нейкія парушэнні або злоўжыванні з нашага боку.

Мы цяпер засяроджаныя на працы з тымі, хто нам давярае, хто, нягледзячы на ўсю рызыку, далучыўся да асацыяцыі. Мы спакойна і ўпэўнена працягваем сваю дзейнасць на карысць вольнай Беларусі. І можам шчыра казаць: «Дзякуй Богу, нам не сорамна нікому глядзець у вочы».

Каментары11

  • Крывасосная сістэма
    21.12.2024
    Дзякуй, пасмяяліся! Ён даў пісьмовы (!) адказ, во як!
    Дзе сапраўдныя пытанні пра кумаўство ў арганізацыі з жонкай? А ня хоча расказаць, што гэта за "партнёрка, не звязаная працоўнымі адносінамі з АББА", якая сузаснавала тую кавярную? Кажуць злыя языкі, што ейная дачка працуе ў АББА нейкім чынам... Ці плаціць АББА той кавярні за арэнду памяшкання пад івэнты і ці праводзіць тэндар пад выбар такога памяшкання? Хто даў ім права вызначаць, які бізнэс чэсны а які не? Дзе можна пабачыць аўдыт дзейнасці ўсіх юрасоб гэта структуры з гадавой справаздачай па расходванні публічных рэсурсаў і па дасягненнях? Чаму Ціханоўская лабіюе менавіта гэтую структуру, хаця беларускі бізнэс гуртуецца збольшага не вакол іх (ЗПП і гд)?
    Цягніце яго з жонкай і дарадцамі Ціханоўскай ў ТОК і давайце нармальную размову па фактах!
  • Тэма не раскрыта
    21.12.2024
    Мы спакойна і ўпэўнена працягваем сваю дзейнасць на карысць вольнай Беларусі".

    Не раскрылі тэму, а ў чым жа карысць для вольнай Беларусі ад таго, што высокапастаўленыя былыя чыноўнікі з Савета Бяспекі Лукашэнкі займаюцца бізнэсам за мяжой.
  • Ганьба
    21.12.2024
    Адказу па-сутнасці няма. Ці ўваходзіць падтрымка Асацыяцыі ад кснсорцыюма ў тыя агульныя грошы, што вылучаюцца ЕС?
    "Мы ніколі не займаліся і не займаемся размеркаваннем сродкаў, якія атрымліваюць беларускія дэмакратычныя сілы або грамадзянская супольнасць" - дапусцім, вы не займаецеся размеркаваннем, а атрыманнем вы займаецеся?

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла11

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла

Усе навіны →
Усе навіны

Дабрацца маршруткай з Гродна ў Віцебск можна будзе без перасадак — гэта адзін з самых доўгіх маршрутаў у краіне4

У Магілёве на пераходзе насмерць збілі двух пешаходаў1

Падатковая злавіла таксіста, які вазіў ад вакзала ў Мінску да Ждановіч за 105 рублёў. Ён трапіў на 180 тысяч9

У дзень выбараў у Мінску грамадскі транспарт будзе бясплатным4

У Мінску рабочыя затрымалі кур'ера махляроў3

У заходняй навуцы расце цікавасць да Беларусі. Але з перашкодаў не толькі матрошкі ды чабурашкі35

У Варшаве напалі на дырэктара праграмы Каліноўскага18

Больш за 100 сайтаў за 12 хвілін. Hoster.by расказаў пра масавую атаку на беларускія сайты

Вольга Лойка: Усё ідзе да таго, што Беларусь не давядзецца далучаць сілай — яна сама ўпадзе ў рукі Расіі16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла11

Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла

Галоўнае
Усе навіны →