Дзяўчына ў Расіі пакінула водгук пра касіра, які пахне як скунс. А пасля закруцілася — псіхбальніца, хэйт, вэбкам-мадэль і нават суіцыд
Гісторыя адбылася яшчэ ў мінулым годзе, але па нейкіх прычынах завірусілася цяпер.
Па розных сацыяльных сетках у апошнія дні разышлася гісторыя, падзеі якой адбыліся ў Расіі яшчэ летам 2023 года.
Дзяўчына пад нікам «Кацярына К.» пакінула водгук аб сваім наведанні крамы «Магніт». Дзяўчына паставіла супермаркету тройку — і паскардзілася на касіра. «Ад яго смярдзіць, як ад скунса, адзенне нямытае, пах поту, валасы тлустыя, абслугоўвае вельмі доўга». Яна просіць кіраўніцтва «зрабіць што-небудзь».
Ці карэктны такі водгук? Меркаванні інтэрнэўтаў падзяліліся. Аднак знайшліся цікаўныя, якія вырашылі разабрацца ў сітуацыі.
Яны знайшлі імя касіра. Аказалася, гэта Дзімітрый Беражной, які ў сацсетках падпісваўся як Дзмітрый Волкаў. Да таго, як пайсці працаваць у краму, малады чалавек выкладаў у Маскоўскім авіяцыйным інстытуце. Студэнты яго характарызавалі як «надта неардынарнага» выкладчыка. Расказваў, што раней служыў у разведцы, але гэта магла быць яго хваравітая фантазія.
На працу ў «Магніт» малады чалавек уладкаваўся пасля таго, як выйшаў з псіхіятрычнай бальніцы. Там ён месяц лячыўся ад дэпрэсіі. Сцвярджаецца, што нервовы зрыў у яго адбыўся пасля смерці маці. З часам псіхалагічны стан толькі пагоршыўся, у выніку ён не змог працягнуць працу ва ўніверсітэце.
На момант публікацыі гнеўнага паста Дзімітрый працаваў на касе ўжо некалькі месяцаў. Інтэрнаўты знайшлі яго жонку. Яна расказала, што мужчына жыў асобна ад сям'і ў кватэры, у якой рабіў капітальны рамонт. Яго псіхалагічны стан не быў добрым.
Больш за тое, выявілася, што праз 20 дзён пасля таго, як водгук з'явіўся ў інтэрнэце, Дзімітрый кінуўся пад цягнік. Аднак няма ніякіх сведчанняў аб тым, што ён увогуле ведаў пра скаргу на сябе.
Пасля інфармацыі пра смерць Дзімітрыя гісторыя набыла дадатковы розгалас у інтэрнэце. Інтэрнаўты заняліся асобай аўтаркі водгука. Яе клічуць Кацярына Барадуліна, яна працавала журналісткай у музычным медыя. Нехта нават апублікаваў інфармацыю пра тое, што раней яна была вэбкам-мадэллю і стаў посціць яе аголеныя фота. Зрэшты, дзяўчына запэўнівала, што гэта фэйкавыя здымкі.
Урэшце за дзяўчыну заступілася нават удава Дзмітрыя — яна папрасіла спыніць пераслед і запэўніла, што яе муж з верагоднасцю 99% не бачыў негатыўнага каментарыя, бо і да дэпрэсіі не вельмі цікавіўся меркаваннем людзей аб сабе.
Каментары