Новыя стаўкі падаткаў у 2025 годзе. Колькі і за што давядзецца плаціць?
Апублікаваны праўкі ў Падатковы кодэкс. Паглядзелі на асноўныя змены, якія закрануць уласнікаў кватэр, дарагіх аўто, іпэшнікаў і іншых.
Змены для разліку падаходнага падатку
Вырасце сума «ўзроўню багацця» для разліку падаходнага падатку. Стандартная стаўка падаходнага падатку складае 13%, калі беларус за год заробіць больш за 220 тысяч рублёў (18 333 рублі ў месяц), то на суму перавышэння будзе прыменяцца стаўка памерам 25%. Раней парог быў у 200 тысяч рублёў.
Цягам 2025 года без падаткаў можна будзе атрымаць падарункаў на суму да 11 516 рублёў (цяпер ліміт — 10 431 рубель). Пасля гэтай сумы давядзецца плаціць 13% падатку.
Адзіны падатак для ІП
Таксама з Новага года вырастуць стаўкі адзінага падатку для ІП і самазанятых. Больш за ўсё стаўка адзінага падатку вырасце для ІП, якія гандлююць у розніцу «іншымі харчовымі таварамі» — з 1561 да 1654 рублёў у Мінску і 1020 замест 968 рублёў у абласных цэнтрах.
Павышэнне ставак адзінага падатку абгрунтоўваюць іх карэкціроўка з папраўкай на інфляцыю.
Падатак на кватэры
Скарэктаваны разліковы кошт квадратнага метра розных відаў нерухомасці, ад якога ў тым ліку залежыць і падатак на першую кватэру. За кватэру на 50 «квадратаў» у сталіцы давядзецца заплаціць 51 рубель за год, а ў абласных цэнтрах — 42,5 рубля. Раней гэта было 48,4 і 40,3 рубля адпаведна.
Таксама з 2025 года зменяцца стаўкі падатку на здачу жытла. У Мінску замест 47 рублёў за пакой будзе 50, а ў абласных цэнтрах 46 рублёў замест 44.
За дарагія аўто давядзецца плаціць больш
Крыху падрастуць стаўкі аўтамабільнага падатку.
Для фізічных асоб на легкавыя аўтамабілі масай:
- да 1,5 т — з 66 рублёў да 70 рублёў;
- больш за 1,5 т, але не больш за 1,75 т — з 87 да 92 рублёў;
- больш за 1,75 т, але не больш за 2 т — са 110 да 116 рублёў;
- больш за 2 т, але не больш за 2,25 т — са 131 да 138 рублёў;
- больш за 2,25 т, але не больш за 2,5 т — са 153 да 161 рубля;
- больш за 2,5 т, але не больш за 3 т — са 174 да 183 рублёў;
- больш за 3 т — з 240 да 253 рублёў.
Скасавалі 3-гадовы ўзроставы цэнз для аўто падвышанай камфортнасці, за якія трэба плаціць падатак у 10-кратным памеры. Узрост аўто, у дачыненні да якіх будуць прымяняць павялічаныя стаўкі (х10), будзе прыведзены ў пераліку, які вызначыць урад.
Тытунь і алкаголь
Вырастуць акцызы на тытуневыя і алкагольныя вырабы. Больш за ўсё прыбавяць у цане цыгарэты першай катэгорыі (NZ, Minsk, ФЭСТ) — плюс 11,9%.
З поўным тэкстам зменаў можна пазнаёміцца па спасылцы.
Каментары