Пётра Рудкоўскі: У Беларусі армія вялікая ў колькасным плане, але пры гэтым самая бедная пасля малдаўскай
Акадэмічны дырэктар BISS Пётра Рудкоўскі пракаментаваў у сябе ў Фэйсбуку інфаграфіку Міжнароднага дыскусійнага клуба «Валдай» са звесткамі аб вайсковых выдатках і колькасці войскаў у краінах былога СССР.
У Беларусі армія вялікая ў колькасным плане, але пры гэтым самая бедная пасля малдаўскай. Гэта добра відаць з інфаграфікі Валдая, — піша Рудкоўскі.
Найбольш інфарматыўнае тут супастаўленне зялёнага кружочка і чалавечка. Калі чалавечак і кружочак блізкія па памерах, то значыць, армія добра фінансуецца: хапае і на харошыя зарплаты, і на пастаянную мадэрнізацыю арміі. А пастаянная мадэрнізацыя — гэта і прэстыж, і матывацыя, і эфектыўнасць.
Калі чалавечак гігант, а кружочак маленькі — значыць, фінансаванне арміі жабрачае. Зарплаты мізэрныя, любая нават дробная мадэрнізацыя — гэта эпахальная падзея. Ніякага прэстыжу, слабая матывацыя, слабая эфектыўнасць.
У дапратэсную эпоху «Военно-политическое обозрение», неафіцыйны сайт беларускіх вайскоўцаў, ад душы наракаў на жабрацкае фінансаванне беларускай арміі. Не без зайздрасці фіксаваліся доўгатэрміновыя планы ў суседніх краінах па павелічэнні фінансавання.
«На протяжении последних почти 30 лет Вооруженные силы Беларуси жили практически на голодном пайке, — пісала «Обозрение» пад канец 2019 года. — То, что при недостаточном финансировании белорусская армия очень активно ведет учения и считается одной из наиболее боеспособных и подготовленных в Восточной Европе, не может продолжаться долго при таком количестве выделяемых денежных средств».
Цяпер БелВПО такога не піша. Заціснуўшы зубы, маўчаць афіцэры пра тое, як іх трактуе рэжым. Але што сядзіць у душы, можна здагадацца.
Каментары