Гісторыя1717

Яна пайшла да канца. Эмілія Плятэр: гераіня, роўных якой няма

Добрая адукацыя праясніла яе светапогляд, выхаванне з хлопцамі паказала, што можна актыўна мяняць свет, але што ж насамрэч падштурхнула дзяўчыну з багатага роду са зброяй змагацца за свабоду роднага краю? 

Эмілія Плятэр. Партрэт Ігнаса Рудольфаса. Музей Вітаўта Вялікага, Літва

25 сакавіка 1831 года. Антузава пад Дынабургам, маёнтак Плятэраў. Каротка стрыжаная дзяўчына ў мужчынскім адзенні кранальна развітваецца на ганку з кабетай, захутанай у вялізную цёплую хустку. Пасля развітання дзяўчо спраўна ўскоквае на каня і разам з яшчэ адной вершніцай рушыць прэч, раскідваючы брудны веснавы снег конскімі капытамі. Гаспадыня вяртаецца ў дом, дзе на стале ў гасцёўні ляжыць спісаны аркуш паперы.

«Сведчу гэтым лістом маім, што да зробленага сёння кроку ніхто мяне не падбухторваў, наадварот, цётка мая, яснавяльможная Гасперава Плятэр, спрабавала мяне адгаварыць ад гэтага намеру. Я кіравалася любоўю да Айчыны. Акрамя таго, выхаваная ў самоце, нягледзячы на гэта, сілкуючы з дзіцячых гадоў тую думку, што калі-небудзь пайду на вайну, я прыняла гэта за нейкае натхненне, паколькі шмат гадоў гэтая незвычайная для маладых дзяўчат думка ўвесь час мяне займала. Антузава. 25 сакавіка. Эмілія Плятэр».

Цыдулка Эміліі Плятэр аб далучэнні да паўстання. 25 сакавіка 1831 года. ARCHIWUM GŁOWNE AKT DAWNYCH W WARSZAWIE

З рыцарскага роду

Эмілія Плятэр паходзіла са старажытнага роду. Яе продкі былі рыцарамі-крыжаносцамі з Вестфаліі (адной з земляў Германіі). У XV стагоддзі яны прыйшлі ў Інфлянты, сталі буйнымі землеўласнікамі — і аселі.

Сама Эмілія нарадзілася ў Вільні ў 1806 годзе ў сям’і Францішка-Ксаверыя Плятэра і Ганны з нямецкага роду фон Моляў, што стагоддзі таму аселі на Браслаўшчыне. Калі дзяўчынцы было дзевяць гадоў, бацькі развяліся. Віна тут, відаць, ляжала на бацьку, бо дзяўчынка і яе маці сталі жыць у маёнтку вельмі ўплывовай і багатай сям’і мужавых сваякоў, Зіберк-Плятэраў, у маёнтку Ліксна Дынабургскага павета Віцебскай губерні (цяпер сяло ў Латвіі). З дачкой тата стасункаў не падтрымліваў, нават калі памерла яе маці, і пра сябе добрай памяці ў гісторыі не пакінуў: ні пасадаў, ні пабудаваных мураванак, ні кніг. Відаць, жыў як набяжыць.

Разам з дзецьмі Зіберк-Плятэраў Эмілія атрымала добрую хатнюю адукацыю: цудоўна ведала нямецкую і французскую мовы, цікавілася матэматыкай і гісторыяй. А паколькі аднагодак-дзяўчат там не было, паненка расла са стрыечнымі братамі і стала выдатнай вершніцай, фехтавальшчыцай і стралком.

Старадаўні род — значыць, шмат шкілетаў у шафе, а гісторыя роду ў той час была важнай часткай адукацыі. Да ўсяго, Эмілія Плятэр вельмі любіла гісторыю. З таго, што магло моцна паўплываць на светапогляд дзяўчынкі, трэба згадаць падзеі Інфлянцкай вайны. У 1559 годзе Іван Жахлівы захапіў Дынабург (цяпер Даўгаўпілс у Латвіі) і паставіў ваяводам тутэйшага шляхціца — Людвіга Плятэра. Але ледзь толькі войскі Стэфана Баторыя наблізіліся да горада, Плятэр адчыніў перад імі браму. Пасля таго Плятэры сталі графамі.

Станіслас Плятэр-Зіберк — старэйшына роду Плятэраў. Фота з яго старонкі ў фэйсбуку

Плятэры

ўзгадваюцца ў хроніках з 1160 года. І хоць многія з іх былі рыцарамі і давалі зарок бясшлюбнасці, род дагэтуль жывы: у 2010 годзе ў ім было 80 мужчын. Галава роду, Станіслас Плятэр-Зіберк (на здымку зверху), жыве ў Бельгіі.

У 1729 годзе адзін з Плятэраў выкупіў у Яна Чапскага горад Краслаў (цяпер Краслава ў Латвіі) ды пабудаваў тут свой замак і шмат іншых будынкаў. Яго нашчадкі будуць валодаць горадам і ваколіцамі доўгія гады. Найлепш запомніцца Аўгуст Геранім Плятэр, які жорстка ўціскаў «сваіх» сялян: калі тыя бунтавалі, ён пазычаў у губернатара армію, а на працу літаральна заганяў дубцамі.

Прадвесніца беларускага Адраджэння

За стагоддзі бытавання ў Рэчы Паспалітай колішнія немцы апалячыліся, так што асяроддзе Эміліі было найперш польскамоўным. Літоўцы ў Вікіпедыі асцярожна пішуць, што паненка цалкам магла быць знаёмай з літоўскай мовай, але гэта толькі здагадкі. Затое няма ніякіх сумневаў, што Эмілія ведала і любіла мову беларускую.

Захаваліся ўспаміны Максімільяна Маркса, будучага паплечніка Кастуся Каліноўскага, які пазнаёміўся з Эміліяй яшчэ падлеткам. Маркс піша, што маладая жанчына «з запалам, уласцівым чуламу шляхетнаму сэрцу, аддалася душой беларускаму люду, добра бачыла яго бяду і спачувала яму, намагаючыся як толькі было можна палегчыць долю.

Яна збірала і спявала беларускія народныя песні, штодня плаціла тым, хто ёй напяваў іх. Слухаючы гэтыя песні, сама спрабавала складаць нешта падобнае. На фартэпіяна яна ўмела вельмі выразна перадаць і зухаватасць, і тугу народных матываў, і нават тэмбр сапрана-жалейкі і баса-дудкі». 

Максімільян Маркс. Rodovid.org

Максімільян Маркс (1816—1893). Удзельнік паўстання 1863—1864 гадоў, даследчык Сібіры. У 1888 напісаў мемуары «Запіскі старога», у якіх з цеплынёй апісваў асаблівасці беларускай мовы і людзей, што цікавіліся беларушчынай. 

Вось так Маркс занатаваў цытату з песні, якую спявала Эмілія:

Авой, авой, дзяцюк ты мой!
Не на радасць, не к шчасцю ты радзіўся!

Падчас свайго прыезду ў Віцебск паненка Плятэр спынялася ў іх доме, і менавіта тут Максімільян чуў, як Эмілія спявала. «Спеў гэты жаласны, тужлівы, горкі, выкліканы сардэчным болем, імправізаваны з канкрэтнай нагоды, падобны на выццё, якое нельга перадаць… Музыка рукамі выціраў слёзы, а я стаяў анямелы…» Відаць, гэта былі знакамітыя галашэнні беларускіх жанчын (звычайна над памерлымі сваякамі або з іншай сумнай нагоды). 

Беларуская мова ў Латгаліі

Хтосьці можа здзівіцца, што Эмілія Плятэр, большая частка біяграфіі якой, а перадусім дзяцінства і юнацтва, звязаная з тэрыторыямі, якія сёння не ўваходзяць у склад Беларусі, а з’яўляюцца часткай Латвіі, з дзяцінства ведала і любіла, акрамя сямейнай польскай, менавіта беларускую, а не якую іншую мову. 

Але на самай справе аніякай супярэчнасці тут няма. Частка тэрыторыі цяперашняга латвійскага рэгіёна Латгалія ў ваколіцах гарадоў Дзвінск (Дынабург, Даўгаўпілс), Краслаўка (Краслава), Рэжыца (Рэзекнэ), Ілукста (Ілукстэ), Люцын (Лудза) уваходзіла ў зону распаўсюджання беларускіх гаворак, у многіх мясцовых вёсках, акрамя тых, дзе жылі латышы ці рускія-стараверы, сяляне гаварылі па- беларуску. 

У 1920-я гады, калі гэтыя землі ўвайшлі ў склад незалежнай Латвіі, тут дастаткова актыўна дзейнічалі беларускія нацыянальныя арганізацыі, працавалі беларускія школы. Першы агульналатвійскі перапіс насельніцтва, праведзены 14 чэрвеня 1920 года, засведчыў у Латвіі больш за 75 тысяч беларусаў, што складала каля 4,25% ад усяго насельніцтва краіны і 14% насельніцтва Латгаліі.

Дзеці на пляцоўцы ў Дзвінскім парку. Фота: Наша Ніва

Тут у той час працавалі такія вядомыя беларускія дзеячы, як Канстанцін Езавітаў, Іван Краскоўскі, Паўліна Мядзёлка, Сяргей Сахараў і іншыя.

Агульны ход гісторыі ў ХХ стагоддзі, аднак, зусім не спрыяў захаванню на гэтых тэрыторыях беларускасці. Як пры дыктатуры Карліса Улманіса (1934—1940), так і падчас савецкай акупацыі Латвіі любыя формы беларускай нацыянальнай актыўнасці былі тут фактычна забароненыя, у выніку чаго нашчадкі беларускамоўных бацькоў пераходзілі ў побыце на рускую ці латышскую мовы і не набывалі беларускай свядомасці.

Тым не менш рэшткі колішняй беларускамоўнасці яшчэ часткова захоўваюцца ў рэгіёне і сёння. Мовазнаўца Міраслаў Янковяк, правёўшы сацыялінгвістычнае даследаванне аднаго з раёнаў Латгаліі, у 2009 годзе нават выдаў кнігу «Беларускія гаворкі ў Краслаўскім раёне Латвіі».

Консульства Беларусі ў Дзвінску. Фота: Наша Ніва

Пакаранне за надпіс 

А між тым у 1817 годзе студэнты Віленскага ўніверсітэта ствараюць таемнае Таварыства філаматаў (ад грэч. «аматары навук»). Таемнае для ўладаў, бо, здаецца, пра філаматаў ведала моладзь па ўсім колішнім Вялікім Княстве Літоўскім: у якасці філіялаў таварыства з’явіліся Саюз сяброў, Гурток прамяністых, Таварыства філарэтаў і Таварыства паэтаў, і ва ўсіх удзельнікаў былі сябры ды сваякі, да якіх ляцелі ў лістах крамольныя думкі.

Ланкастэрскія школы

Рухавіком распаўсюджання крамолы былі «ланкастэрскія школы» — гэта такая форма вучэбнай працы, сутнасць якой складалася ў навучанні больш старэйшымі і дасведчанымі вучнямі малодшых паводле ўзросту. 

Асноўнай перавагай гэтай сістэмы было стымуляванне самаадукацыі — а менавіта самаадукацыю ставіла вышэй за ўсё прагрэсіўная моладзь. У першай чвэрці XVIII стагоддзя ў Беларусі адкрылі 13 такіх школ: у Гомелі, Мінску, Стоўбцах і іншых гарадах.

Але хутка ўрад занепакоіўся ростам і дзейнасцю «таемных» таварыстваў і ўзяў ланкастэрскія школы пад кантроль, запатрабаваў весці навучанне па табліцах, выдадзеных дэпартаментам народнай адукацыі, абмежаваў такія школы адмысловым статутам — і ўрэшце яны самі пазачыняліся.

Пра тое, як шырока распаўсюдзіліся ідэі філаматаў, можна меркаваць па тым, што ўжо ў 1823 годзе 108 студэнтаў аддалі пад суд — гэта быў найбуйнейшы студэнцкі працэс у Еўропе! Арыштаваных трымалі ў будынках кляштараў, а пасля прысудзілі да турмы (як Яна Чачота і Тамаша Зана) або адразу выслалі ў глыб Расіі (як Адама Міцкевіча).

Эміліі было 17 гадоў, калі аднаго з яе стрыечных братоў за надпіс крэйдай на дошцы віленскай гімназіі «Віват Канстытуцыя 3 мая!» саслалі салдатам на Каўказ, на вайну. А тым часам сцяну над ложкам у пакоі, дзе жыла Эмілія, упрыгожваў партрэт Тадэвуша Касцюшкі… 

Але дзяўчат тады ва ўніверсітэтах не вучылі. Дзяўчатам належала ісці замуж, апраўдаць чаканні родных, суцешыць трывогі старой маці. Прыгажуняй была Эмілія ці не, яна была Плятэр — і выбар у яе быў. Ды хіба пра шлюб марыць дзяўчына, якая захапляецца Жаннай д’Арк і грачанкай Бабалінай, што ў 1821 годзе ахвяравала ўсё сваё багацце на паўстанне супраць туркаў і сама ўдзельнічала ў баях, нават камандавала караблём? 

Магчыма, гэта партрэт Эміліі Плятэр. Мастак Тадэвуш Лукашэвіч, 1830 год. Wikimedia Commons

У Плятэраў бываў камендант Дынабургскай крэпасці, расійскі генерал Міхаіл Каблукоў, прасіў рукі, але атрымаў адмову. Можа, таму, што быў грамадзянінам дзяржавы, што «грэбуе свабодай Літвы», як пішуць адны даследчыкі, можа, справа ў тым, што яна кахала іншага, свайго настаўніка матэматыкі барона Дальвінга, як пішуць іншыя. Але, найхутчэй, каханне тут ні пры чым, проста Эмілія марыла пра змаганне і не прымала шлях пакоры. 

Эмілія адчувала, што нешта насоўваецца. У 1829-м яны з маці наведалі Варшаву і Кракаў — і паўстанне ўжо на ўласных землях стала перспектывай, з якой трэба было лічыцца.

У 1830-м маці Эміліі памерла. Але падзеі, якія адбыліся напрыканцы лістапада, захінулі боль. У першыя снежаньскія дні прыйшлі навіны з Польшчы: палякі паўсталі супраць імперыі! 

Захапіць Дынабург

Праз тры месяцы, у першыя дні сакавіка 1831 года, на Масленіцу, якую звычайна святкавалі цэлы тыдзень, Эмілія наведала сваіх сваякоў у Дынабургу. У мясцовай фартэцыі размяшчалася юнкерская школа, тут вучыліся яе стрыечныя браты Люцыян і Фердынанд Плятэры. 

Відаць, народныя гулянні беларусаў, якіх тут была большасць, іншым разам парадавалі б апантаную збіральніцу беларускіх звычаяў і фальклору. Але гэтым разам было не да народных спеваў. Непадалёк, у Двеце (цяпер Двіеце, Латвія), дзе жыла адна з цётак Эміліі, мела адбыцца сустрэча тых, хто спачуваў паўстанню. Маладая жанчына не магла не прысутнічаць. 

Таемная рада прайшла па-юнацку рамантычна, але планы, якія разглядаліся там, былі сур’ёзныя: пастанавілі захапіць Дынабургскую крэпасць. Эмілія запэўніла, што збярэ тысячы людзей і прывядзе іх пад муры Дынабурга. Хлопцы, у сваю чаргу, паабяцалі падрыхтаваць мяцеж унутры крэпасці і адкрыць інсургентам вароты. Галоўнай мэтай быў захоп зброі і рыштунку. 

Так сёння выглядае Дынабургская крэпасць, якую марыла захапіць Эмілія Плятэр. На яе тэрыторыі, дарэчы, стаіць помнік яшчэ аднаму Плятэру — Леану, аднаму з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў. VisitDaugavpils.lv

Удзельнікі таемнай рады прысягнулі адно аднаму на вернасць, а Эмілію пасвяцілі ў рыцара-панну. Мяча, якім па традыцыі трэба было б падпаясаць новага рыцара, не знайшлося, таму замест рыцарскай зброі Эмілія атрымала ад хлопцаў у падарунак невялікую паляўнічую стрэльбу.

Аляксандр Рыпінскі (крайні злева) з сябрамі па Дынабургскай школе падхаружых, сярод якіх (другі злева, у акулярах) Люцыян Плятэр, стрыечны брат Эміліі. Літаграфія з працы Юзафа Страшэвіча «Lеs Polonais еt lеs Polonaisеs ou 100 portraits et biographies des personnes, qui ont figurè dans la dеrnièrе guеrrе» (Парыж, 1832—1837). 

Аляксандр Рыпінскі

Сярод дынабургскіх змоўцаў быў таксама Аляксандр Рыпінскі (1809—1886). Ён паходзіў з-пад Віцебска, цікавіўся беларускім фальклорам, з юнацтва збіраў фальклорныя беларускія запісы. Калі стала ясна, што паўстанне прайграла, са сваім атрадам перайшоў у Прусію. Жыў у Парыжы і Лондане, выдаваў польскія і беларускія кнігі (менавіта ён, дарэчы, увёў у лацінскі шрыфт літару ŭ, каб пазначаць «у нескладовае»). Пасля амністыі ў 1859 годзе вярнуўся на радзіму, працаваў над гісторыяй беларускай літаратуры.

Літва паўстала!

Таемныя атрады тым часам выспявалі ў розных месцах — і 26 сакавіка 1831 года пачалося. Невялікі гарнізон расійскай арміі пасля кароткага бою капітуляваў і быў абяззброены атрадамі паўстанцаў, якія з трох бакоў увайшлі ў мястэчка Расейны Віленскай губерні (цяпер Расейняй у Літве). 

Урачыста было аб’яўлена аб далучэнні горада да Царства Польскага. Насельніцтву гарантаваліся свабода, роўнасць і братэрства. «Літва паўстала!» — напішуць у тагачаснай польскай перыёдыцы. У беларускую гістарыяграфію гэты дзень увойдзе як пачатак антырасійскага паўстання ў Жамойці і Літве-Беларусі. 

А 29 сакавіка Эмілія Плятэр з ад’ютанткай Марыяй Прушынскай конна ўехалі ў мястэчка Дусяты (цяпер Дусетас на паўночным усходзе Літвы).

Выгляд дзяўчат быў эпатажна-ваяўнічы. Эмілія, узброеная двума пісталетамі і апранутая па-мужчынску, несумненна прыцягвала ўвагу. Яна дачакалася завяршэння імшы ў касцёле і выступіла з палымянай прамовай аб пачатку паўстання перад месцічамі, якія стоўпіліся на плошчы. За спінай жанчыны трымцела на ветры вынесеная з храма харугва з выявай Маці Божай Вастрабрамскай: яе шанавалі і каталікі, і праваслаўныя. 

Хутка ў Эміліі быў даволі буйны партызанскі атрад колькасцю 280 стралкоў, 60 вершнікаў і некалькіх соцень сялян, узброеных косамі. Ёй значна дапамог дваццацігадовы стрыечны брат Цэзары Плятэр, які далучыў да яе сваіх паўстанцаў. Але тут, у Дусятах, менавіта Эмілія першай узняла штандар і гукнула: «Пара!» 

Прыгоды атрада Плятэранкі

Эмілія не забылася пра свой амбіцыйны план — захапіць Дынабургскую фартэцыю. Ад Дусятаў да Дынабурга — 50 кіламетраў, два дні пешшу, але ў гэтым азёрным краі нельга было ісці напрасткі. Атрад рушыў на поўдзень, да дарогі. А на дарозе трэба ваяваць.

Схема Дзвінскай крэпасці 1830-х гадоў.

Паўстанцы перамаглі расійскі атрад ля паштовай станцыі Даўгелі, выстаялі ў сутычцы з адной з калон (ахоўнай часткі) корпуса расійскага генерала Фёдара Шырмана, далі бой пад Уцянамі (цяпер літоўскі горад Уцяна). Ужо на паўдарозе да Дынабурга, 4 красавіка, атрад Эміліі ўзяў мястэчка Езяросы (цяпер горад Зарасай у Літве) — і жанчына ўласнай рукой упісала акт паўстання ў гарадскую і судовую кнігі. Засталося 20 км — там, у Дынабургу, чакаюць!

Але паўстанцаў спынілі казакі. Давялося ўцякаць. Недзе недалёка ваяваў сам Караль Залускі, якога яшчэ ў сакавіку абралі кіраўніком паўстанцкага ўрада, — і Эмілія прывяла сваіх людзей найперш да яго. Гэты манеўр заняў два месяцы. 

У пачатку чэрвеня Эмілія Плятэр далучаецца да рэгулярнага войска польскага генерала Дэзідэрыя Хлапоўскага. Тут служыў і малады выпускнік Віленскага ўніверсітэта Ігнат Дамейка, які пакінуў нам цікавыя ўспаміны: «Да нас далучыўся даволі шматлікі, добра абмундзіраваны, узброены пікамі і палашамі кавалерыйскі атрад пад камандаваннем Плятэранкі. З ёю былі паўстанцы Цэзары і Уладзіслаў Плятэры, шмат цывільнай моладзі і пешых самаахвотнікаў».

Як выглядала Эмілія Плятэр, дакладна невядома. Таму мастакі малююць яе па-рознаму. Паводле ўспамінаў Ігната Дамейкі, яна была бялявай з блакітнымі вачыма. Prabook.com

Нягледзячы на жахі вайны, баявыя няўдачы і побытавыя нязручнасці, маладая графіня трымалася надзіва годна.

Нават ва ўмовах ляснога партызанскага лагера Эмілія паказвала «адпаведнае найвышэйшаму свету выхаванне і абыходжанне». Зноў дамо слова Ігнату Дамейку: «Плятэранцы (так ён называў у сваіх успамінах Эмілію Плятэр, такой формай падкрэслівалася, што яна незамужняя дзяўчына) ніяк не было больш за 24 гады, невысокая, бялявая, круглатварая, з прыемным, сімпатычным тварам, з блакітнымі вачыма, зграбная, але слабага целаскладу. Сур’ёзная, у абыходжанні больш суровая, чым прыветная, негаваркая, ужо позіркам яна давала зразумець, што патрабуе адпаведнага стаўлення і прыстойнасці. І ніхто ў табары не дазволіў сабе ў яе прысутнасці сказаць якоесь недарэчнае слова ці жарт. Кожны з нас у абыходжанні з ёю паводзіў сябе ветліва і далікатна. Плятэранка была апранута ў шарачковы да кален сурдуцік з чырвоным каўняром і карункавым каўнерыкам вакол шыі (ён быў ёй вельмі да твару), у шырокія і доўгія шаравары, валасы коратка падстрыжаныя, на галаве мужчынская шапка, за поясам кінжал, збоку кароткая шабля, на боціках сярэбраныя шпоры. Сціплая, без ненатуральнай прэтэнзіі, на кані трымалася стройна. З ёю была неадлучная, такой жа, як і яна, статнасці яе прыяцелька, прыстойная, вясёлая, усім сімпатычная паненка Рашанавічанка».

Клемаціс сорта Эмілія Плятэр. Roblepair.wordpress.com

Апошні баль

У польскім войску Эмілію прынялі і залічылі ў склад штаба: яе смеласць і рашучасць выклікалі павагу. Жанчыну прызначылі ганаровым камандзірам роты 25-га пяхотнага палка. Акрамя таго, яна атрымала званне капітана. 

Вайсковыя званні для жанчын

тады ўжо не былі нечым неймаверным: афіцэрамі ў час паўстання 1830—1831 гадоў сталі дзве кракавянкі, Дэмбіцкая і Дэмбінская. З нашых земляў паходзілі ўдзельніцы паўстання, кампаньёнкі Эміліі Марыя Прушынская і Марыя Рашановіч, а таксама сваячка Эміліі Габрыэля Агінская.

Яе любілі. Магчыма, былі і таемныя паклоннікі. Але нагоды заляцацца яна не давала. Не вылучаючыся надзвычайнай прыгажосцю твару (калі верыць суб’ектыўнаму меркаванню аднаго з яе сучаснікаў), Эмілія зачароўвала прыгажосцю ўнутранай. У баях старалася не ствараць клопату для сваіх аднапалчан, якія ўсяляк абаранялі сваю «паненку Плятэр».

Калі аб’яднаныя ў корпус паўстанцкія атрады падчас вырашальнага паходу на Вільню занялі Коўна, у доме павятовага доктара па запрашэнні яго жонкі Караліны Кавальскай, дарэчы, вядомай сваім сяброўствам з Адамам Міцкевічам, быў арганізаваны баль у гонар Эміліі Плятэр. Многія танчылі на гэтай вечарыне апошні раз у сваім жыцці. Апошні раз кружылася ў танцы і наша гераіня. Цалкам верагодна, што падлога гэтага гасціннага дома страсалася і ад завадных скокаў беларускай «Лепятухі», якая выдатна выходзіла ў Эміліі: «Танцоры па-заліхвацку кідаліся ў розныя бакі, моцна тупалі нагамі, пляскалі ў далоні і час ад часу выкрыквалі «га-гу!»».

WIKIMEDIA COMMONS
У 2017 годзе ў Польшчы знялі 17-хвілінны фільм «Эмілія Плятэр у сутычцы пад Шаўлямі» паводле карціны мастака Войцеха Косака, напісанай у 1904-м (уверсе). На ёй Эмілія Плятэр ва ўпор адстрэльваецца з пісталетаў ад казакаў. На абоз, які яна ахоўвала, напалі знянацку. Жанчыну выратаваў маёр Пётр Павел Кекерніцкі, які аддаў ёй уласнага каня, а сам трапіў у палон. Wfdif.pl

А 19 чэрвеня паўстанцы біліся на Панарскіх вышынях за Вільню. Аб’яднанае войска партызан і салдат польскай рэгулярнай арміі налічвала каля 12 000 чалавек. Але ў расійскага боку было ўдвая больш войска і шмат зброі, так што паўстанцы панеслі цяжкае паражэнне. Найперш маральнае: згубіўшы 2 000 чалавек, паўстанцы страцілі веру ў сябе. 

Было прынята рашэнне перайсці ў Прусію і скласці там зброю. Ігнат Дамейка так апісваў размову падчас аднаго з начных прывалаў: «Шмат нас, ліцвінаў, сядзела каля раскладзенага ў полі вогнішча… Праз усю ноч доўжылася напераменку то сумная, няўцешная, то весялейшая размова, што ажыўляла надзею. Мы пыталіся адзін у аднаго: «Куды ідзём?»… У размовы не ўмешвалася Плятэранка, бледнатварая, спакойная. А калі яна бачыла весялейшых, казала: «Цешцеся, звядуць вас у Прусію на ганьбу народа»». 

Ордэн Virtuti Militari

заснаваны Станіславам Аўгустам Панятоўскім у 1792 годзе ў гонар перамогі над расійскім войскам у бітве пад Зяленцамі. Найвышэйшая ўзнагарода паўстанцаў 1830—1831 года.

7 лістапада 1831 года расійскі імператар Мікалай І зацвердзіў «свой» ордэн ваеннай доблесці Virtuti Militari, які адрозніваўся ад існуючага тым, што замест «1792» была выбіта дата «1831». Да 1808 года на аверсе крыжа Virtuti Militari быў змешчаны «Белы Арол», а на рэвэрсе — «Пагоня», але апошнюю па патрабаванні расійскага імператара Аляксандра І замянілі на надпіс Rex et Patria («Цар і Айчына»).
Гэты ордэн павінны былі атрымаць усе генералы, афіцэры і ніжнія чыны расійскай арміі, якія ўдзельнічалі ў задушэнні паўстання. У перыяд лістапад 1831-га — чэрвень 1835-га) было адбіта 100 тысяч знакаў. Такім чынам кавалерамі ордэнаў, якія мелі аднолькавую назву Virtuti Militari, сталі як самыя адважныя паўстанцы, так і іх праціўнікі.

Не пагадзіўшыся з загадам Хлапоўскага перайсці ў Прусію і скласці там зброю, бо «лепей загінуць з гонарам, чым скончыць такой ганьбай», Эмілія вырашыла самастойна дабрацца да Польшчы, каб працягнуць узброеную барацьбу.

У кастрычніку рушыла ў шлях па лясных дарогах разам з братам і сваёй неадлучнай ад’ютанткай. Паўстанне было амаль задушана, паўстанцаў, затрыманых са зброяй, расійская армія расстрэльвала на месцы. 

Стомленая ад нервовай напружанасці, голаду і холаду, Эмілія сур’ёзна захварэла. Яе прынялі ў сядзібе сям’і Абламовічаў у Юсцянаве тагачаснага Сейненскага павета (цяпер на паўднёвым захадзе Літвы, непадалёк ад мяжы з Беларуссю і Польшчай). Гаспадары з небяспекай для сябе хавалі яе пад выглядам настаўніцы шляхецкіх дзяцей, лячылі як умелі, але выратаваць не здолелі.

Эмілія Плятэр памерла 23 снежня 1831 года. Была пахавана непадалёк, на могілках у мястэчку Копцева каля Друскенікаў (цяпер гэта мястэчка Капчамесціс у Літве). Царскія ўлады пасмяротна залічылі яе да дзяржаўных злачынцаў першага разраду. Маёмасць канфіскавалі. Падчас ператрусаў бясследна зніклі дакументы, а таксама сшыткі з запісамі Эміліі, дзе, напэўна, значную частку займалі занатаваныя народныя спевы, а таксама яе беларускія вершы. 

Антырасійскае паўстанне 1830—1831 гадоў

Палякі называюць яго Лістападаўскім паўстаннем, расійскія гісторыкі — Польскім паўстаннем або Польска-расійскай вайной.

5 лістапада 1830 года ў Расіі ў сувязі з рэвалюцыйнымі падзеямі ў Францыі і Бельгіі выйшаў загад аб прывядзенні ў баявую гатоўнасць арміі Царства Польскага і Асобнага Літоўскага корпуса, якія планавалася выкарыстаць у якасці «жандараў Еўропы». Але задоўга да гэтага расійская адміністрацыя зрабіла шмат крокаў, каб гэтае паўстанне падрыхтаваць: парушала канстытуцыю, абмежавала дзейнасць мясцовага сейма, уціскала прэсу, судзіла студэнтаў.

Пачалося паўстанне 29 лістапада 1830 года з замаху на намесніка імператара ў Царстве Польскім вялікага князя Канстанціна Паўлавіча. Малодшыя польскія афіцэры вывелі свае падраздзяленні на вуліцы горада, дзе да іх далучыліся мясцовыя жыхары. Без бою была захоплена крэпасць Модлін, якая мела на ўзбраенні 60 гармат. Дыктатарам паўстання палякі абралі генерала Юзафа Хлапіцкага.

На Вільню! Лінарыт Міколы Купавы.

У студзені 1831 года пры падтрымцы эмісараў з Варшавы для кіраўніцтва паўстаннем у Жамойці і Літве-Беларусі быў створаны Цэнтральны Віленскі камітэт. Для сувязі паміж паўстанцкімі камітэтамі Вільні і Варшавы былі вызначаныя паролі: «Кейстут» — для тых, хто накіроўваўся ў Царства Польскае; «Баторый» — для тых, хто прыбываў у Літву.

Акрамя гэтага, эмісар павінен быў мець пры сабе медны грош 1824 года са сцёртай імперскай каронай.

25 студзеня 1831 года ў Варшаве на дэманстрацыі ў падтрымку дзекабрыстаў упершыню быў выкарыстаны дэвіз «У імя Бога, за нашу і вашу свабоду», прыдуманы Іаахімам Лялевелем. Ён хутка стаў папулярным і змяшчаўся на паўстанцкіх штандарах са знакам чырвонага крыжа з двух бакоў на польскай і рускай мовах, часта ў скарочанай форме: «За нашу і вашу свабоду».

На землях былога ВКЛ дзейнічала больш за трыццаць партызанскіх атрадаў, якімі камандавалі адстаўнікі-вайскоўцы, шляхцічы, мяшчане і студэнты. Але ні сярод прафесійных вайскоўцаў, ні сярод патрыятычна настроеных грамадзян не знайшлося моцнага лідара — таленавітага і аўтарытэтнага кіраўніка, які б здолеў аб’яднаць усе сілы і выпрацаваць адзіную стратэгію ваенных дзеянняў. Цэнтральны паўстанцкі камітэт у Вільні займаў даволі пасіўную пазіцыю і таму не адыграў значнай ролі ў ходзе паўстання, якое ў выніку пацярпела паразу.

Вялікая эміграцыя

Адным з вынікаў паўстання 1830—1831 гадоў стала «Вялікая эміграцыя». Каля 1700 былых паўстанцаў з беларуска-літоўскіх губерняў (Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай) пакінулі сваю радзіму і выехалі ў еўрапейскія краіны. 

Пасля разбору шляхты амаль 10 тысяч сем’яў былі пазбаўленыя шляхецкіх (дваранскіх) правоў і пераведзеныя ў саслоўе аднадворцаў або мяшчан. Частку былой шляхты гвалтоўна перасялілі ў Херсонскую і Таўрычаскую губерні Расійскай імперыі.

Еўрапейцы бачылі ў графіні Плятэр новую Жанну Д'Арк. Карціна нямецкага мастака Георга Бенедыкта Вундэра. POLONA.PL

10 снежня 1831 года ў Парыжы пачала сваю дзейнасць грамадска-палітычная арганізацыя «Таварыства літоўскіх і рускіх зямель». Таварыства, куды ўваходзілі ўраджэнцы Літвы-Беларусі, Жамойці і Украіны, узяло на сябе працу па зборы ўспамінаў удзельнікаў паўстання, а таксама падрыхтоўцы тэарэтычных прац, якія ў далейшым маглі б дапамагчы ў барацьбе за аднаўленне Рэчы Паспалітай. Узначаліў гэту арганізацыю Цэзары Плятэр, які напісаў: «ліцвіны… змушаныя да выгнання, сабраліся ў Парыжы і ўбачылі, што Еўропа не мае адпаведных рэчаіснасці ўяўленняў пра паўстанне ў Літве, а таксама і пра саміх ліцвінаў, таму… стварылі таварыства». Аб’яднанне эмігрантаў былога ВКЛ павінна было садзейнічаць захаванню гістарычнай памяці і іх самасвядомасці, адметнасці ад палякаў. Нават пачатак паўстання яны святкавалі 26 сакавіка (дзень выступлення ў Расейнах), а не 29 лістапада, як у Польшчы. Таварыства дзейнічала да 7 ліпеня 1833 года. 

У Варшаве імя Эміліі Плятэр носіць вуліца ў самым цэнтры горада. DEPOSITPHOTOS, BY MKOS83

Пагоны палкоўніка ад Адама Міцкевіча

Эмілія Плятэр загінула не ў баі — але ўсё адно стала легендай. Адам Міцкевіч, адзін з філаматаў, што некалі натхнялі яе, відаць, на вывучэнне фальклору, напісаў у 1832 годзе пра ліцвінскую Жанну Д’Арк верш «Смерць палкоўніка». Вялікі паэт «павысіў» у рангу ганаровага капітана — відаць, як даніну павагі. 

Ды чаму твар дзявочы ў байца? Два грудкі…
Хто мог знаць, што баёў завадатар
Быў… дзяўчына! Была — слёз не трэба, жанкі, —
То ліцвінка Эмілія Плятэр!
Пераклад Кастуся Цвіркі

Маладой графіні, якая кінула ў жорны паўстання асабістае жыццё, прысвяцілі свае творы польскія, французскія, нямецкія, англійскія, італьянскія, венгерскія і іншыя паэты і пісьменнікі. Еўрапейскія мастакі з захапленнем ляпілі вобраз бясстрашнай жанчыны-военачальніцы, кіраўніцы паўстання: «Эмілія Плятэр у перастрэлцы ў Шаўлях», «Эмілія Плятэр на чале сялян-касінераў», «Эмілія Плятэр падчас бітвы» і г. д. 

Помнік у Юсцянаве (цяпер Вайняжарыс у Літве). PRZEGLADBALTYCKI.PL

А насамрэч яна была звычайная і сапраўдная, з усімі сваімі жаночымі слабасцямі. Магла і прытомнасць страціць проста на полі бою, магла і паплакаць ад бездапаможнасці і адчаю.

Думаецца, гераічнае ваярства хутка засталося ў юнацкіх рамантычных снах. Але яна любіла сваю Айчыну і марыла пра яе свабоду. І зрабіла для яе больш, чым хто: яна стала легендай і прыкладам. Яна пайшла за ідэю да канца.

Каментары17

  • Жыве Літва!
    04.05.2024
    Слава героям, якія змагаліся за нашую вольнасць, за сваю годнасць, за нашую дзяржаву Літву!
    На жаль, яны змагаліся ды загінулі дарэмна. Але ж, мы, літвіны, сваё вернем! Вернем нашаму народу імя, кожнаму з нас годнасць, а нашае дзяржаве Вільню ды яе спрадвечную назву!
    Жыве Літва!
  • Григорий
    04.05.2024
    Польские страдания голове покоя не дают.
  • Cамотны вандроўнік
    04.05.2024
    Уся так званая беларуская літаратура, гісторыя -- не кліча да змагання! А заклікае да пакоры! Накшталт -- я, мужык, дурны мужык ... я мужык беларус, пан сахі і касы...
    Нажаль, у мяне няма такой ўлады, каб усіх гэтых гісторыкаў і літаратараў адправіць піліць расонскія лясы...
    З такой літаратурай і гісторыяй мы да канца свету не выберамся з балота!

    Вось вам Эмілія Плятэр -- шляхотная, хоць і рамантычная гісторыя! Яна не заклікала касіць, араць... Яна увасабленне змагання, пры гэтым любіла беларускі народ, яго фальклёр... Ну, так яна лічыла сябе літвінкай... І ўсе тады сябе лічылі літвінамі!

Губазікі спынілі аўто ў Брэсце, кіроўца спрабаваў уцячы і наехаў на аднаго з іх

Губазікі спынілі аўто ў Брэсце, кіроўца спрабаваў уцячы і наехаў на аднаго з іх

Усе навіны →
Усе навіны

Самалёт Баку-Грозны, падобна, быў падбіты з расійскага зенітна-ракетнага комплексу3

Міліцыянтка, якая выконвае песні нявесткі Лукашэнкі, — былая жонка палітвязня5

У Мінску адкрыўся яшчэ адзін кінатэатр — за 20 метраў ад метро і з шэзлонгамі3

Абуранаму кіроўцу, чый аўтобус дзеці загадзілі пасля экскурсіі, давялося выдаліць відэа — каб не нагнятаць4

Уладальнік расійскага судна, якое ішло ў Сірыю і затанула, заявіў, што гэта тэракт

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў8

Ядзерныя міжкантынентальныя балістычныя ракеты робяцца непрыдатнымі нашмат хутчэй, чым лічылася раней10

Праезд па МКАД падумваюць зрабіць платным

Што будзе з заробкамі ў 2025-м? І ці адключаць ютуб? Адказвае Чалы6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Губазікі спынілі аўто ў Брэсце, кіроўца спрабаваў уцячы і наехаў на аднаго з іх

Губазікі спынілі аўто ў Брэсце, кіроўца спрабаваў уцячы і наехаў на аднаго з іх

Галоўнае
Усе навіны →