У Амстэрдаме ў тэставым рэжыме запусцілі лодкі-робаты: яны будуць перавозіць людзей і збіраць смецце
У сталіцы Нідэрландаў пачаліся выпрабаванні аўтаномных электрычных судоў пад назвай Roboats («робалодкі»). Дзякуючы модульнай канструкцыі яны трансфармуюцца і адаптуюцца пад розныя задачы, перадае tjournal.ru.
Так, робаты могуць перавозіць груз або пасажыраў, збіраць смецце па шляху руху і нават злучацца адзін з адным для фармавання плывучай інфраструктуры, напрыклад докаў або мастоў.
У аснове судна ляжыць электраплатформа з акумулятарам, рухальнай устаноўкай і сістэмамі кіравання, у тым ліку для аналізу вады ў рэальным часе. Арыентавацца ў прасторы дапамагаюць камеры з вуглом агляду ў 360° і лідары — як у беспілотных аўтамабілях.
Верхняя частка платформы ўзаемазамяняльная. Пасажырскі модуль абсталяваны сядзеннямі і змяшчае 5-6 чалавек. Час аўтаномнай працы — каля 10 гадзін, пры гэтым «робалодкі» падтрымліваюць бесправадную зарадку.
Праект распрацаваны лабараторыяй камп'ютарных навук і штучнага інтэлекту МТІ (CSAIL) у супрацоўніцтве з Амстэрдамскім інстытутам перадавых гарадскіх рашэнняў (AMS).
Па словах прафесара Карла Раці, прылады яшчэ знаходзяцца ў стадыі тэставання, але ў арганізацыі ўжо ёсць планы па іх запуску ў камерцыйную эксплуатацыю.
«На цяперашні момант гэта яшчэ прататып. Кіраванне будзе адбывацца з дапамогай сэнсарнага інтэрфейсу. Вы проста паказваеце пункт прызначэння, і лодка даставіць вас туды, куды трэба», — распавёў распрацоўшчык.
Каментары