Пачаўся суд па справе аб наездзе BMW на сілавікоў 11 жніўня. Кіроўцу пагражае да 25 гадоў турмы
У Мінскім гарадскім судзе пачалі разглядаць крымінальную справу аб наездзе BMW на работнікаў міліцыі 11 жніўня мінулага года. Паводле версіі следства, падчас пратэснай акцыі кіроўца накіраваў аўтамабіль у групу вайскоўцаў унутраных войскаў МУС, у выніку пацярпелі пяць сілавікоў. Цяпер мінчуку пагражае да 25 гадоў пазбаўлення волі, паведамляе Tut.by.
Следства выявіла, што каля гадзіны ночы 24-гадовы кіроўца ехаў на BMW па вуліцы Прытыцкага і накіраваў свой аўтамабіль на групу супрацоўнікаў міліцыі. Пасля гэтага ён з'ехаў з месца здарэння. У выніку наезду пацярпелі пяць вайскоўцаў унутраных войскаў МУС ва ўзросце ад 23 да 29 гадоў.
— На наступны дзень хлопец звярнуўся ў міліцыю з заявай аб згоне аўтамабіля. Акрамя гэтага, будучы дапытаным у якасці сведкі па справе аб масавых беспарадках, ён увёў у зман следчых сваімі паказаннямі, спрабуючы такім чынам сысці ад адказнасці. Нягледзячы на гэта, следчыя ўстанавілі сапраўдныя абставіны здарэння і месцазнаходжанне аўтамабіля — транспартны сродак быў знойдзены ў вадаёме, — паведамілі ў СК.
У дачыненні да кіроўцы BMW была заведзена крымінальная справа па некалькіх артыкулах КК Беларусі.
У жалезнай клетцы суда — 25-гадовы Ціхан Восіпаў. Хлопец нарадзіўся ў Клімавічах, мае вышэйшую адукацыю, да ўзяцця пад варту працаваў інжынерам. Жанаты, дзяцей няма. Раней судзімы не быў.
У залу прыйшлі пяцёра пацярпелых — вайскоўцы ўнутраных войскаў МУС.
Зачытваючы абвінаваўчую частку, пракурор Антон Цюменцаў адзначыў, што Ціхан Восіпаў мае правы кіроўцы з 2013 года, за гэты час ён неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні ПДР. Пасля выбараў прэзідэнта ён паддаўся заклікам праз інтэрнэт аб непрыняцці вынікаў, удзеле ў масавых беспарадках, пагромах і падпалах.
Пасля гадзіны ночы 11 жніўня абвінавачаны кіраваў BMW 525 2003 года выпуску. У аўто знаходзіліся прадметы для ўдзелу ў масавых несанкцыянаваных мерапрыемствах: два хакейныя шлемы, ахоўныя акуляры, бел-чырвона-белы сцяг, ёд, бінт. Восіпаў ехаў па Прытыцкага, каля дома №56 ён спыніўся. Наперадзе была шарэнга вайскоўцаў з в/ч 5524 УВ МУС Беларусі.
— Патрабаванням супрацоўнікаў АУС Восіпаў не падпарадкаваўся: з аўто не выйшаў, транспартны сродак для надгляду не даў. <…> Абвінавачаны меў мэту пазбегнуць адказнасці. У BMW былі знятыя рэгістрацыйныя знакі, заблакаваныя дзверы, — паведаміў пракурор.
На думку абвінавачвання, Восіпаў бачыў супрацоўнікаў УУС, якія стаялі да яго спінай, і наўмысна пачаў рухацца на іх. Ад удару трое вайскоўцаў упалі на асфальт, яшчэ двое — на капот, а адтуль — на праезную частку. Пасля наезду кіроўца BMW паскорыўся і схаваўся з месца здарэння.
— Абвінавачаны меў мэту на забойства вайскоўцаў, у якасці прылады забойства ён выкарыстаў аўтамабіль. Восіпаў не змог давесці задуманае да канца, бо ўсе супрацоўнікі былі трэніраваныя і паспелі зрэагаваць. Таксама яны знаходзіліся ў ахоўных касцюмах.
На вуліцы Прытыцкага Восіпаў заехаў на аўтамабілі ў вадаём, а пасля паведаміў аб згоне BMW на лінію «102».
Мужчыну абвінавачваюць па некалькіх артыкулах КК: удзел у масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293), замах на забойства супрацоўнікаў АУС (ч. 1 арт. 14 і арт. 362) і лжывы данос (ч. 1 арт. 400).
Абвінавачаны прызнаў віну часткова.
Каментары