«О, гэтага са сцягам бяры. І патлатага з гітарай!» — вялікая гутарка з Аляксандрам Памідоравым
Толькі за апошнія месяцы легендарны беларускі рок-музыка пазбіраў подпісы ў перадвыбарную кампанію, паспяваў у падтрымку бастуючых, выступіў на дваровых канцэртах, адседзеў суткі ў Жодзіна, нарэшце, звольніўся з «Радыё Рокс». Чаша перапоўнілася, і мы сустрэліся з Аляксандрам, каб пагаварыць, як спявак «зламаўся», пра дзёрзкія размовы ў турме, пра музыкаў на баку ўлады, пра званні рокерам і тое, як улада сама пафарбавала грамадства ў бел-чырвона-белы.
— Сваё нядаўняе звальненне з «Радыё Рокс» вы патлумачылі дысанансам ад таго, што ў нашы часы даводзіцца весці забаўляльныя перадачы. А раней такога дысанансу не ўзнікала?
— Ён заўсёды ўзнікаў. Калі ўсе гэтыя рэчы пачаліся, я быў у адпачынку і не мог вярнуцца з Расіі. Уначы 9 жніўня мы з сябрамі фактычна і выступалі тымі каардынатарамі — сядзелі на Пакроўцы і паведамлялі сваім, дзе што адбываецца, куды ісці, а куды не ісці. У выніку мы нейкім чынам усё ж перасяклі мяжу, а тут высветлілася, што радыёстанцыя не працуе, і не працавала яна да верасня. Калі ўсё сцішылася, было нармальна, а потым ізноў пачалася ўся гэтая дурка. Я выйшаў з сутак — а турма накладае свой адбітак — і па-іншаму паглядзеў на тое, што рабіў у эфіры. Калі ты сядзіш, табе час ад часу ўключаюць радыё — у турме я слухаў тое, што на волі ставіў у эфір. Усё часцей я стаў задаваць калегам адпаведныя пытанні, а потым захварэў. Я разумеў, што з бальнічнага на працу не вярнуся — так яно і атрымалася. Шчыра кажучы, я не вельмі праз гэта пакутую. Пакутую хіба праз тое, што пазбавіўся магчымасці працаваць у жывым эфіры, бо гэта свайго роду нарката.
Для мяне гэта быў натуральны крок: цяпер я не пераймаюся тым, што забаўляю людзей, калі сядзяць Андрусь Такінданг, Ілья Чарапко, Уладзь Лянкевіч, Вольга Хіжанкова, Кацярына Барысевіч, калі збіваюць Алеся Дзянісава з «Дзецюкоў», калі да майго дома пад’язджае калона бусаў і сілавікі хапаюць суседзяў.
— Ёсць меркаванне, што забаўляльны складнік сёння наадварот неабходны, бо з ім мы можам адключыцца ад рэчаіснасці.
— Безумоўна, але нікога не цікавіць, што адчувае сам артыст, — слухач ці глядач хоча атрымаць сваю дозу забавы, таму мусіш заткнуць у сраку свае праблемы і ісці працаваць. Прычынай няяўкі на спектакль можа быць толькі смерць і тое не ў кожным выпадку — так нас вучылі. Хтосьці так можа, а я не магу, у гэтым сэнсе я трошачкі зламаўся. Так, мы ведаем пра прэм’еру 7-й сімфоніі Шастаковіча ў блакадным Ленінградзе ці пра тое, што падчас Другой сусветнай у нас іграліся спектаклі, а потым савецкая ўлада за гэта карала, але ёсць рэчы, якія пераступіць нельга.
— Вы казалі, сённяшнія часы даюць натхненне.
— Гэта рэакцыя на тое, што адбываецца, якая ўвасабляецца ў мастацкіх творах, — паглядзіце, колькі з’явілася вершаў, песен, карцін, дызайнерскіх рэчаў, ідэй. Гэты страшны час вымагае таго, каб пакуты ішлі ў творчасць. Нешта з гэтага знікне, як заўсёды бывае, але нешта ўвойдзе ў гісторыю. Прычым апошнія падзеі паўплывалі не толькі на нашу культуру, але і на суседзяў. Пра Беларусь зараз ведаюць усе, але, на жаль, не той у нас піяр-менеджар.
— Вашая песня ў гонар Рамана Бандарэнкі з’явілася ўжо на наступны дзень пасля яго смерці.
— Я напісаў яе, адразу дома найграў і выклаў у фэйсбук, таму што трымаць гэта ў сабе было немагчыма. Я не магу распавесці, як пішуцца песні — яна проста з’явілася. Ужо праз 3-4 гадзіны мне напісалі з прапановамі паўдзельнічаць, мы стэлефанаваліся з хлопцамі, закрыліся на ноч у студыі і запісалі песню. Акурат так атрымалася, што на дзявяты дзень пасля смерці Рамана, у дзень пахавання, мы яе аддалі. Але як у выпадку з «Крывавым святам», я не магу лічыць яе сваёй, гэта нешта большае.
— Вы памятаеце той дзень? Што вы адчулі, калі вечарам стала вядома, што Раман памёр?
— Калі ён памёр, проста ўсё — адчуў, што назад шляхоў няма, бо кожнага з нас могуць так забіць, мы ўсе ў групе рызыкі, таму не рабіць нічога ўжо нельга і гэта справа кожнага. За забойства чалавека, прычым забойства ў сваім двары, ніхто не нясе адказнасці — гэта нават уцяміць цяжка.
— Калі вас затрымлівалі пасля канцэрта, гэта было мэтанакіравана?
— Не ведаю, нас, можа, затрымалі выпадкова. Яны прыехалі на шасці ці сямі машынах і сталі ганяцца за людзьмі па парку, а народу было сапраўды шмат. Нас з Лэслі (Уладзіслаў Наважылаў — «НН») затрымалі ўжо на выхадзе. Бачу, бягуць на нас — і ў цывільным, і ў чорным, і ў зялёным, і без знакаў, і са знакамі, нехта яшчэ ў пагонах.
У Лэслі на плецаку быў павязаны сцяг: «О, этого с флагом бери. И патлатого с гитарой!» Нічога не мяняецца, усё, як у 1996-м, — «патлатага бяры».
А вось потым музыкаў сталі хапаць сапраўды мэтанакіравана. Хапалі артыстаў і дырыжораў Лятучага хора, хапалі хлопцаў у філармоніі — гэта 1937 год, калі з рэпетыцыі чалавека выклікаюць у аддзел кадраў, а ў аддзеле кадраў арыштоўваюць, выводзяць праз службовы ўваход і вязуць у РУУС. Калі мэтанакіравана хапаюць музыкаў, значыцца, музыка — гэта зброя, і яе баяцца.
— Да музыкаў з боку ўлады, здаецца, заўсёды было спажывальніцкае стаўленне.
— Ёсць старая прымаўка: «Як прыйшла бяда, дык бяжы да жыда, а як па бядзе, дык ідзі на х**, жыдзе». Стаўленне да музыкаў у гэтай краіне заўсёды было такое: «Ой, зайдзіце, паіграйце ў нас, калі ласка», а калі даходзіць да грошай, то «ну што ты там паіграў, я сам так магу».
Таму ў нас няма шоу-бізнеса, таму мы атрымліваем мізэрныя ганарары, прычым гэта тычыцца ўсіх артыстаў. Думаеце, ад добрага жыцця Аляксандр Антонавіч Саладуха пагаджаецца пець дзве песні за 200-300 даляраў? Ім прыходзіцца малаціць і малаціць, каб выжываць.
Гэта мы да пэўнага моманту можам выходзіць на сцэну ў джынсах, а там жа касцюмы, балет і сродкаў на гэта не ва ўсіх хапае. Думаеце, артысты выступаюць пад фанаграму, таму што іх рапуха душыць? Лёша Хлястоў — суперпрафесійны артыст — неяк сказаў, што зайздросціць нам, бо не можа дазволіць сабе жывы склад. Тым не менш хтосьці ідзе выступаць у Палац так званай незалежнасці, а хтосьці грае перад сістэмай «Рубеж» альбо на прахадной завода «Атлант» у падтрымку бастуючых. І ўлада помсціць тым, хто ад яе адмаўляецца, прычым жорстка. Ведаю, што адзін высокапастаўлены чыноўнік так і сказаў: «Мы будзем помсціць тым, хто звольніўся».
— Успомніўся сайт са зборам «Іуд» — тых, хто сышоў з дзяржаўных інстытуцый.
— Гэта нейкія патугі адказаць на тое, што сапраўды актуальнымі становяцца даныя пра сілавікоў, пра тых, хто хаваецца за маскамі. Іх гэта, безумоўна, палохае. Калі нас забралі і завезлі ў Заводскае РУУС, акурат была гісторыя: нас павялі на другі паверх, а калідор зачынены, падымаецца нейкі маёр з ключамі і так крыху нацягнута гыгыкае: «Ну че, бл*, видали, майданутые чё утворили, гыгы» — «А че такое? — «А они меня в базу внесли, бл***, и откуда, бл***, узнали мой телефон и телефон жены, с***». А я бачу, ён цэглы наваліў, вай-вай. Даныя чалавека, які выступаў на нашым судзе ў якасці сведкі, Лэслі знайшоў адразу пасля выхаду з турмы. Міліцыянт аказаўся невялікага розуму чалавекам — ён далучыўся да раённага тэлеграм-чата і спрабаваў там нешта прапагандаваць. Людзі не думаюць, прычым калі пачынаеш з імі размаўляць, бачыш па вачах, што пачынаецца працэс думання, то-бок там ёсць, чым думаць. А потым думаць становіцца страшна і балюча, таму яны кажуць: «Так, усё, хопіць, запаўняем паперку і пайшоў далей па калідоры».
— Якія ў вас назіранні за сілавікамі падчас сутак?
— Зусім розныя. У турме ёсць тыя, хто ўсё робіць ідэйна, а ёсць тыя, хто працуе, таму што працуе. Месца, яго энергетыка чалавека таксама мяняе. На Акрэсціна — мы абменьваліся меркаваннямі — сніліся вельмі цікавыя сны, а ў Жодзіна ўжо не. З адной парай ахоўнікаў у Жодзіна можна было дамовіцца, запатрабаваць тое-сёе, яны разумелі гумар і самі пра нешта пыталіся. А былі людзі кшталту «закрыли пасти, бл***, уничтожу нахрен», якія атрымліваюць асалоду ад таго, што могуць здзекавацца з іншых. Праз жалезныя дзверы ты жартуеш: «Ага, канечне, апроч палкі і х** нічога ў жыцці не трымаў, можа ў рот сабе яе засунеш» — «Козлы, бл***, выведу вас всех на коридор» — «Ды выводзь, хоць паветрам падыхаем» — «Придурки, бл***».
— Гэта рэальная размова?
— Там такія размовы былі. «Я счас вас поставлю, будете стоять у меня и держать матрасы на вытянутых руках» — «Ой, хлопцы, у нас выхавальнік з піянерскага лагера апынуўся, ты з якога атраду збег?» — «Придурки, бл***». Нас не разумелі, калі мы патрабавалі анучу і швабру, маўляў, дурныя нейкія. Калі я выходзіў і забіраў рэчы, кажу афіцэру: «Можа, у вас кніга скаргаў і прапаноў ёсць? — «А че такое?» — «Падзяку б вам напісаў». Там чалавек трохі гумар разумеў і сказаў: «У вуснай форме будзе дастаткова». Лэслі ўвогуле востра сябе паводзіў, яго ўжо менты называлі Фёдаравічам і казалі: «Федорович, ну вот это вот ты зря счас сказал, вот это было обидно». Альбо мы сядзім, пра культуру размаўляем, а міліцыянт заводзіцца: «Што вы, бл***, все такие умные? У вас, может, еще и высшее образование есть?» — «Ёсць» — «И у тебя есть?» — «Ёсць» — «А у тебя?» — «Ёсць» — «*б вашу мать», — і смутак на твары. Нехта проста не думае: адпрацаваў змену, прыйшоў дадому, павесіў форму, паеў баршчу, форма ёсць, пайка ёсць, крэдыт плоціцца, машына коціцца.
— У вас быў даволі аптымістычны настрой пасля вызвалення, але сёння вы сказалі, што суткі ў турме накладаюць пэўны адбітак. Што гэта за адбітак?
— Ты ў нечым пераасэнсоўваеш жыццё і людзей. Я мог іранізаваць, што нарэшце адасплюся і намаўчуся — ніфіга, там увесь час пра нешта размаўляеш. Такая інтэлектуальная практыка — гэта супер, але з іншага боку стамляешся ад святла круглымі суткамі, а ўсведамленне таго, што ты знаходзішся ў чатырох сценах, можа стаць сур’ёзнай псіхалагічнай траўмай.
Людзі могуць харахорыцца, але назад не хочацца зусім, абсалютна не хочацца. Увогуле ўся сітуацыя ад пачатку перадвыбарнай кампаніі не спрыяе здароўю і добраму настрою, можна рэальна з глузду з’ехаць, калі не знаходзіць ва ўсім гэтым нейкі гумар. Ведаю людзей, якія пасля адседкі адрасна ідуць да псіхолага. Трэба мець пэўную моц, і нашы людзі маюць моц.
— А якія рэчы пераасэнсоўваюцца?
— Тое, што табе насамрэч патрэбна, што варта ўвагі, а што не. Ты разумееш, што такое сябры, і што нечага для кагосьці не зрабіў, хаця мог. Ужо па-іншаму будуеш адносіны з людзьмі, камунікуеш з незнаёмымі на вуліцы. Усведамляеш каштоўнасць размовы, вагу слова, вартасць звычайнай папяровай кнігі, важнасць падтрымкі, кошт свежага паветра, нават калі цябе вывелі пагуляць у каменную турэмную банку без даху і ты чуеш, што недзе ідзе цягнік, брэшуць сабакі, адчуваеш пах чыгуначнага мазуту. Разумееш важнасць таго, каб падтрымаць суседзяў і загнаць праз баландзёра перадачку з каморы ў камору і атрымаць у адказ удзячны стук.
— Вы кажаце, што песня — гэта зброя. Ці засталіся добрыя ваяры на баку ўлады?
— Тое, што мы бачым, з музычнага пункту гледжання — гэта ніяк.
Я казаў, колькі твораў з’явілася з боку пратэстнага руху, а ці адбылося нешта падобнае з іншага боку? Я не бачыў, хоць, можа, і хацеў бы.
— А памятаеце песню «Любимую не отдают»?
— Фу, Божа мой, кожны, хто гэта чуе, разумее, што гэта фальшыва. Тым больш прыцягнутыя расійскія выканаўцы — што гэта за цырк? Значыць, сваім яны не давяраюць? Я хацеў зайсці да былога так званага міністра культуры Бондара з пытаннем, чаму б не заняцца званнямі для нашых рокераў, пакуль яны жывыя. Ведаю, шмат хто нават не прыняў бы ніякага звання, але дзяржава мусіла б паказаць павагу тым, хто стварыў гэтую культру. Беларускі рок пачаўся з гуртоў «Бонда» і «Мроя» альбо чаму не адзначыць Хаменку ці Кірчука — людзей, якія займаюцца народнай культурай, паэтаў Анемпадыстава і Строцава.
— Вам неяк у жыцці дапамагло, што вы легенда беларускага рока?
— Я нават не задаваўся такім пытаннем. Бывае, я раблю заказ, а мне: «За кошт установы». Кватэру мне ніхто не падарыў і машыну таксама. Дастаткова таго, што пасля пэўных падзей больш людзей вітаецца на вуліцы і такая гісторыя цяпер з усімі, хто грае, выступае і выказваецца. Раптам усе даведаліся, што ёсць беларускія музыкі, а не толькі «Тры чарапахі» ці што-небудзь ваярскае.
— Праз апошнія падзеі наша грамадства стала больш палярызаваным, а раней мяжа была не такой тлустай. Што вам дазволіла тады пайсці працаваць на «Спутнік» і ці пайшлі б вы туды ў сённяшніх умовах?
— На «Спутнік» я пайшоў, знаходзячыся ў безвыходнай сітуацыі, — гэта было адзінае месца, дзе мне прапанавалі нешта па маім профілі. Калі я прыехаў на размову, убачыў знаёмых, і гэта стала вырашальным. Цікавай была інфармацыйная хваля пра маё працаўладкаванне, галоўнае ў такіх выпадках не адказваць, што самае цяжкае. Гэта быў шыкоўны, хоць і няпросты, досвед. На «Спутніку» працавала моцная прафесійная каманда і толькі адзін ватнік. Лайна не рабіў ніхто, татальнай прапаганды таксама, я адразу сказаў, чаго рабіць не буду, у выніку ні за адну праграму на «Спутніку» мне не сорамна. Зараз, канешне, сітуацыя іншая — трэба разумець, што гэта так ці інакш замежная крыніца інфамацыі. Я неаднойчы і ў розных краінах — у Ізраілі або Польшчы — бачыў, як грамадства дзеліцца 50 на 50, да боек і развалаў сем’яў.
Нашая ўлада заўсёды спрабавала падзяліць нас на чэсных і нячэсных, а мы часам заглыналі гэтую нажыўку. Цяпер жа яна сама апранула народ у бел-чырвона-белы — крывёй памазала. Яна напалохана спрабуе правесці бар’ер ізноў праз лайно з вуснаў Азвяронка-малодшага да іншых тэлеканалаў, але цяпер ужо мы аб’яднаныя і можам самі вырашыць свае праблемы, нам не трэба, каб над намі стаяў нейкі дзядзька з пугай.
— У перадвыбарнай кампаніі вы збіралі подпісы за Алеся Таболіча. Я разумею, гэта была хутчэй аванцюра, але вы верылі тады ў будучыя перамены?
— Не, усё пачынаецца з малога. Зразумела, чорт ведае што мусіла здарыцца, каб Таболіч трапіў хоць бы ў першы тур, але было супер у гэтым паўдзельнічаць — мы праехалі ўсю краіну, я паглядзеў на людзей, паразмаўляў з імі, убачыў гэтыя чэргі і вось тады з’явілася асэнсаванне таго, што ўсё пачынае мяняцца. Я толькі раскладаю столік, падымаю вочы, а ўжо стаіць чалавек сто — усё, панеслася.
— За гэтыя месяцы што вас найбольш узрушыла?
— Людзі. Мы ўбачылі адно аднаго і зразумелі, што такое быць народам, што значыць людзьмі звацца. Праўда, не ўсе: хтосьці адпрацаваў суткі, зняў форму, паеў, усё нармальна. Цяпер увесь народ у зоне рызыкі — 23.34 і так далей, але цэлы народ за краты не загоніш, таму гэта проста смешна.
Каментары