У Ізраілі памёр чалавек, які пакараў смерцю нацысцкага злачынцу Адольфа Эйхмана
Шалом Нагар, які выканаў смяротны прысуд у дачыненні да Адольфа Эйхмана, памёр ва ўзросце 86 гадоў. Эйхман — адзін з галоўных архітэктараў Халакоста — быў павешаны 31 мая 1962 года. Гэта адзінае ў сучаснай гісторыі Ізраіля прыведзенае ў выкананне смяротнае пакаранне. Асоба Нагара доўгі час трымалася ў таямніцы з-за пагроз помсты, піша Bild.
Агенты Масада затрымалі былога оберштурмбанфюрэра СС Адольфа Эйхмана ў Аргенціне ў 1960 годзе і таемна даставілі ў Ізраіль для суда.
Нагархавелі, яўрэйскі імігрант з Емена, быў прызначаны адным з 22 ахоўнікаў злачынцы. Яму, у прыватнасці, даводзілася спрабаваць ежу Эйхмана, каб выключыць магчымасць атручвання.
Рашэнне аб прызначэнні Нагара катам было прынята лёсаваннем, паколькі добраахвотнікаў не знайшлося. Падчас пакарання Эйхман адмовіўся ад павязкі на вочы, папрасіўшы толькі келіх віна.
«Я стаяў з ім сам-насам у пакоі ў апошні раз і, як заўсёды, глядзеў яму проста ў вочы», — успамінаў Шалом Нагар.
Пасля пакарання злачынцы смерцю ён пайшоў у адстаўку, прысвяціўшы астатняе жыццё рэлігіі. Нагар стаў рабінам і да канца жыцця займаўся вывучэннем Торы.
Каментары