Азаронак выпусціў «расследаванне» пра смерць Рамана Бандарэнкі. Што з ім не так?
На канале СТБ выйшла «расследаванне» Рыгора Азаронка пра смерць Рамана Бандарэнкі.
У сюжэце няма ніводнага новага слова пра прычыны або абставіны забойства. Хто людзі, што цягнулі Рамана ў машыну? У якім стане яго даставілі ў міліцыю? Хто выклікаў хуткую дапамогу? Падрабязнае расследаванне тыдзень таму анансаваў Аляксандр Лукашэнка, а наўзамен тэлегледачы атрымалі толькі танцы Азаронка вакол аналізу на алкаголь.
Прапагандыст паведаміў, што Бандарэнка нібыта «атрымаў траўму ў дваровай бойцы, паступіў з алкагольнай інтаксікацыяй у Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі».
У сюжэце былі паказаны дакументы аб стане Рамана Бандарэнкі, дзе было пазначана пра нулявую колькасць этанолу ў арганізме Бандарэнкі. Нагадаем, дакументы апублікаваў Tut.by.
«Адна цікавая дэталь: аперацыя 11.11.2020 — пацыент паступіў у прыёмнае аддзяленне бальніцы 12.11.2020 у 00:03 і прабыў там паўгадзіны, пасля гэтага яго адправілі ў рэанімацыю. Стоп. Але ж на другой старонцы мы чыталі, што аперацыю яму зрабілі ўжо 11 лістапада. Сам дакумент без пячаткі і подпісу. Атрымліваецца, доктар вельмі спяшаўся адправіць фэйк журналістам?» — паведамляе гледачам Азаронак.
Азаронак называе дакументы з 0 праміле алкаголю «фэйкам», аднак «сапраўдных» дакументаў гледачам не паказалі.
У сюжэце паказалі і зварот Арцёма Сарокіна, доктара, які, як мяркуецца, перадаў журналістам дакументы аб стане здароўя Рамана Бандарэнкі. Сарокін праходзіць падазраваным у межах крымінальнай справы.
У звароце доктар паведаміў, што прызнаў сваю віну.
«Гэта мая памылка, неабдуманы крок, што я паддаўся на ўгаворы дзяўчыны, якая прадставілася журналісткай, і перадаў ёй інфармацыю з медыцынскай дакументацыі», — сказаў Сарокін.
У сваёй прамове доктар Сарокін прызнае віну, але для чагосьці асобна згадвае, што ў яго ёсць адвакат, «якога ён выбраў сам». Арыштаванаму чалавеку складана выбраць адваката самому — альбо юрыста знаходзіць сям’я, альбо прызначаецца дзяжурны адвакат. Тым не менш Сарокін кажа гэтыя словы.
«Хачу сказаць усім, хто мяне ведае: не палітызуйце гэтую сітуацыю ў адносінах да мяне. Тут няма ніякай палітыкі, гэта быў мой зусім неабдуманы крок. Сам я не рэвалюцыянер, не ўдзельнічаю ні ў якіх акцыях, маршах. Адзінае, чаго я хачу, гэта вярнуцца ў сям'ю да жонкі, дзяцей, на любімую працу», — сказаў лекар.
У сюжэце прапагандыст Азаронак звярнуўся да медыцынскай супольнасці: «Калі вы пад уздзеяннем эмоцый забываеце вашы абавязкі і пачынаеце гуляць у палітычныя гульні, чаго вы дабіваецеся?»
Адметна, што ніводзін з дактароў Бальніцы хуткай дапамогі не дае каментар па тэме — з людзей у кадры ёсць толькі намеснік генеральнага пракурора. Ну і фонава гучыць маналог вядучага Азаронка.
У сюжэце быў паказаны каментар намесніка генеральнага пракурора Генадзя Дыско наконт затрымання журналісткі TUT.BY Кацярыны Барысевіч.
Дарэчы, ніякай прамовы журналісткі Кацярыны Барысевіч і ніякага відэа допыту з яе ўдзелам няма. Таму што ад яе так і не змаглі атрымаць ніякіх паказанняў і «раскаянняў»?
Пракурор нагадаў, што рашэннем Міністэрства інфармацыі прыпыненая дзейнасць Tut.by ў якасці сродку масавай інфармацыі. Таксама пракурор паскардзіўся, што Барысевіч не стала звяртацца па інфармацыю да афіцыйных органаў і арганізацый.
Сцвярджаецца, што «такія дзеянні прывялі да актыўнага абмеркавання і чарговага канфлікту ў грамадстве, накіраванага на падрыў даверу грамадзян і афіцыйнай інфармацыі і ў цэлым праваахоўным органам і органам дзяржаўнай улады».
Намеснік генпракурора таксама паведаміў, што па выніках судова-хімічнай экспертызы ў аналізах Рамана Бандарэнкі нібыта быў знойдзены алкаголь.
«Кожны мог звярнуць увагу, што ў адным з апублікаваных дакументаў адсутнічаюць вынікі даследавання іншых біялагічных сродкаў на колькасць этанолу, у тым ліку мачы. Па выніках судова-хімічнай экспертызы ў біялагічных асяроддзях Рамана Бандарэнкі, узятых медпрацаўнікамі тады ж у Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, знойдзены алкаголь», — кажа пракурор.
«Апублікаваныя ў сетцы інтэрнэт копіі дакументаў аб выніках адсутнасці этылавага спірту ў крыві Рамана Бандарэнкі аформленыя ва ўмовах тэрміновага аказання медыцынскай дапамогі, не ўлічваюць ўвесь спектр неабходных даследаванняў для высвятлення стану пацыента», — паведамляе генпракурор.
У эфіры СТБ прагучаў запіс тэлефоннай размовы, як сцвярджаецца, маці Бандарэнкі з невядомым.
Дзяржава не хавае, што сваякоў Бандарэнкі праслухоўвалі, і без аніякіх ваганняў выдае гэтыя незаконна атрыманыя аўдыязапісы ў эфір.
Каментары