У Лідзе зрабілі пратэз бяздомнаму сабаку, які калісьці застаўся без задняй лапы
У Лідзе бяздомнаму сабаку ўжывілі біянічны пратэз замест задняй лапы. Гэта такая другая аперацыя, якую правялі беларускія ветэрынарныя дактары. Першым праапераваным быў кот Філя. Пратэзаванне, як і ў першым выпадку, праводзіў лідскі доктар Павел Жульпа, паведамляе «Лідская газета».
Бяздомнага сабаку па мянушцы Хоўп знайшлі ў Гомельскай вобласці і перадалі валанцёру з Навагрудка Вользе Шот. У сабакі была траўмаваная задняя левая галёнка — костка проста тырчала вонкі.
— Вольга прывезла сабаку ў Ліду, у нашу ветклініку, — успамінае Павел Жульпа. — Гэта было роўна год таму. Рэнтгенаўскае абследаванне паказала, што верхняя костка цэлая, таму канечнасць можна ампутаваць да паловы, а ў будучыні паспрабаваць пратэзаванне. Уласна, менавіта з Хоўпа і з яго выпадку пачалася вялікая і амбіцыйная прапрацоўка гэтага цалкам новага для нашай краіны напрамка.
Па замове Паўла Жульпы калега з Новасібірска Сяргей Гаршкоў - адзіны ў Расіі доктар, які праводзіць унікальныя аперацыі па пратэзаванні жывёл з ампутаванымі лапамі пры дапамозе 3D-прынтара — вырабіў біянічны пратэз. Выраб зрабілі з сплаву тытану і гідраксаапатыту. Важыць пратэз усяго некалькі грамаў. Ён індывідуальны — канкрэтна пад Хоўп, яго масу, замеры косткі.
Аперацыю Павел Жульпа праводзіў разам са сваім калегам з Гродна Андрэем Елісеевым.
Аперацыя складаная, як і падрыхтоўка да яе — аналізы, рэнтгенаўскі здымак, усталявалі ўнутрывенныя катэтары. Увесь працэс заняў амаль дзве гадзіны. А потым прыкладна столькі ж доўжылася аперацыя. Важна было правільна прасвідраваць костку, уставіць у лапку імпланты і ушыць кульцю так, каб потым не было ўскладненняў, — і ўсё атрымалася.
— Калі навіна аб зробленым упершыню ў Беларусі пратэзаванні канечнасці кату абляцела ўсю краіну, да нас пасыпаўся шквал званкоў - калегі з іншых гарадоў цікавіліся, што ды як. Гэта важны момант, так як пашырае межы ветэрынарыі ў цэлым, у тым ліку ў галіне траўматалогіі, артапедыі, індывідуальнага планавання аперацыі і шмат чаго іншага. У дадатак на нас выйшлі хлопцы, якія вырабляюць медыцынскія індывідуальныя пратэзы для людзей у нашай краіне, прапанавалі супрацоўніцтва. Нядаўна да нас паступіў коцік з траўмаванай лапкай. І калі раней гаворка ішла б выключна аб ампутацыі, то сёння я прапанаваў гаспадару пратэзаванне, тым самым палепшыўшы якасць жыцця жывёлы. Толькі падумайце: гэта стала магчыма ў нашай краіне, — эмацыйна кажа ветэрынар Павел Жульпа.
Першую такую сваю аперацыю лідскі ветэрынар і яго гродзенскі калега правялі два тыдні таму. Тады аперавалі ката Філю. І тады таксама ўсё прайшло паспяхова.
Пакуль Філя і Хоўп будуць абапірацца на сіліконавыя наканечнікі, але ўжо ў працэсе друк 3D-лапак, якія будуць нагадваць сапраўдныя.
Каментары