Грамадства2222

Падпалкоўнік СК, які вёў справу Бяляцкага, сышоў у адстаўку і жорстка прайшоўся па падзеях у краіне

Павел Шабека — падпалкоўнік Следчага Камітэта ў адстаўцы. Пагоны насіў дваццаць год, працаваў у МУС, ДФР і СК. Звольніўся напачатку 2019-га з пасады следчага ўпраўлення працэсуальнага кантролю, кантраляваў расследаванне фінансавых крымінальных спраў. У свой час спрычыніўся да справы праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Цяпер Шабека заняўся бізнэсам, у яго свая юрыдычная кансультацыя.

Падпалкоўнік даў інтэрв'ю «Нашай Ніве», у якім жорстка прайшоўся па многіх момантах сацыяльнага і юрыдычнага жыцця краіны ў апошнія месяцы. 

«Наша Ніва»: Чаму вырашылі выступіць публічна? 

Павел Шабека: Бо я грамадзянін, гэта мая краіна і мая зямля, я па ёй хадзіў басанож, хаджу цяпер і буду катацца на вазку ў старасці таксама па ёй. Мне неабыякава, што тут адбываецца. І я не хачу, каб праз 5-10 год у мяне сын спытаў: «А чаму ты нічога не зрабіў ці хаця б не сказаў?»

Для мяне пагоны і форма — гэта вельмі важна, у мяне было шмат варыянтаў адвучыцца дзе заўгодна. Мой бацька быў нябедны чалавек, і яму было сорамна адказваць на пытанні сяброў, што сын вучыцца ў Акадэміі міліцыі. Але я гэты шлях прайшоў — 20 год з пагонамі, я ганаруся гэтым і нічога б не мяняў, калі б можна было. І мной ганарацца мае дзеці і бацькі. І я хачу, каб усімі людзьмі ў форме ганарыліся іх дзеці і бацькі.

І мяне не тое што раздражняе — мяне злуе, у мяне былі слёзы на вачах ад таго, што адбываецца ў інстытуцыянальных органах.

Я не магу глядзець на тое, што яны робяць. Я гавару са сваімі хлопцамі, з якімі служылі, мне кажуць усе: «Ой, у мяне эканоміка, а ў мяне хуліганства, як добра, што я не замяшаны ў палітычных справах і пратаколах». Мужыкі, гэта што, здзелка з сумленнем? Я хачу выказацца, бо ведаю, што мяне ведаюць і пачуюць.

«Наша Ніва»: Чым канкрэтна вы абураны? 

Павел Шабека: Паглядзіце, як паводзіць сябе міліцыя. Выбягаюць з аўтазака, аднаму локцем у сківіцу, бабку штурханулі, кашмар які!

Я не магу назваць гэтых людзей байцамі асаблівага прызначэння, у мяне ўражанне, што адкрылі клетку з галоднымі львамі.

Разумееце, ахоўнік грамадскага парадку не можа працаваць інкогніта. Я ведаю, што такое бэйджык, я яго насіў, мяне цешыла маё імя на ім.

Логіка ў тым, што мы плацім кожны месяц пэўную суму, каб нас ахоўвалі: міліцыянер павінен мяне абараняць, а я павінен ведаць, хто мяне абараняе. Калі я захачу, каб мяне пабілі, то я заплачу грошы баксёрскаму клубу.

А тут АМАП ператварыўся ў нейкі авангард бязмежжа: праца ў цывільным, балаклавы на тварах. Хлопцы, вы каранавіруса баіцеся? Не думаю — яны спадзяюцца на не-а-па-зна-ва-ль-насць. 

Калі б нейкі іншы чалавек бег і злёту нанёс удар локцем мінаку — гэта ўжо крымінальная справа. А тут мы што назіраем? Работнік выбягае са службовай машыны, б'е чалавека і бяжыць далей.

Мужыкі, вы самі ведаеце тэрміны даўніны па такіх злачынствах, вы сапраўды думаеце, што гэтая ўлада пратрымаецца яшчэ 10 год і зможа вас прыкрываць?

Шакаваў ганцавіцкі даішнік: замест таго, каб пасыпаць галаву попелам і папрасіцца ў іншы РУУС, ён не выказаў прабачэнні, не напісаў рапарт.

Мяне раздражняе поўная беззаконнасць, рэакцыя ўлады па ўсіх сегментах: чаму з мяне робяць «майданутага», робяць «фашыста», не паважаюць мае правы? 

Паглядзіце, за тры месяцы ўжо сакралізаваўся дзень тыдня: наступае чацвер — і ўсе чакаюць, што сёння кагосьці паб'юць, схопяць, справу завядуць, прыйдуць з вобшукам. Гэта што за накаты на грамадства?

Я проста ў шоку. Намеснік міністра МУС кажа: «Давайце сыдзем ад прававой ацэнкі!» Перад тым, як такое казаць, ты павінен зняць форму! Таму што сэнс службы ў міліцыі — у дачы прававой ацэнкі дзеянням грамадзян. 

А заўтра доктар нам скажа: «Давайце сыдзем ад методыкі аперацыі на сэрца, дайце мне кансервавы нож і інструкцыю да халадзільніка». Ну гэта не анекдот ужо, гэта прававая шызафрэнія.

Кожны міліцыянер ведае, што ў МУС ёсць такая святая карова: «прафілактыка правапарушэнняў». Дык вось, я бачу, што прафілактыкі ператвараюцца ў правакатараў — я і пра выпадак з Ціханоўскім у Гродне тут кажу. Адбываецца дэвальвацыя права. 

Раўкоў нас палохае войскамі, але я б параіў глядзець на граніцы і абараняць ад знешняга ворага, а не ад унутранага. Бо ў нас жа паўсюль ворагі, як нам кажуць. Толькі пытанне, калі паўсюль ворагі, то чаму ў вайскоўцаў такі маленькі бюджэт — лепш гэтым пытаннем займіцеся.

А прэзідэнцкая газета? Мукавозчык, ты — ******. Яны палохаюць нас Украінай, а самі распальваюць сацыяльную варожасць, абражаюць публічна і палохаюць трупамі ў кожнай сям'і.

Ну і я супраць таго, што з беларусаў робяць нейкіх цярпілаў: нічога нідзе не можаш даказаць, нават відавочнае — вечар у хату.

«Наша Ніва»: Як думаеце, чаму асобным служыцелям закона не агідна абараняць беззаконнасць, як вы кажаце?

Павел Шабека: Я думаю, што многія ўжо раз'юшаныя.

Па-мойму, тут ужо выбар такі: або ты сам злачынца, або не. Бо кожны, хто «пакуе», піша лжывыя рапарты, ілжэсведчыць, хто афармляе тыя паўтары тысячы адміністратыўных вытворчасцяў, выносіць прысуды, можа быць, яшчэ не разумее, што ўсе гэтыя адміністратыўкі ператворацца ў крымінальныя справы супраць вас. І акажацца, што тыя, каго вы забіралі, проста грэлі вам месца, Севярынец вам грэў месца.

І ацэнка дзеянняў абавязкова будзе. Будзе спытана, за што тая жанчына правяла ў карцары 27 сутак з літрам вады, за што сядзелі іншыя?

Але я выступаю супраць папулізму накшталт «разагнаць міліцыю!». Трызненне. Аператыўнікі па забойствах, эканоміцы — якія да іх прэтэнзіі? Калі разагнаць органы, то мы ўсе завыем, я не пра гэта. 

Але да ўнутраных войскаў пытанні, я думаю, што яны не патрэбны. У нас тут што, з фавэлаў страляюць у міліцыю, што трэба тысячы чалавек трымаць на ўсялякі выпадак? Мы адна з самых адукаваных нацый, і злачыннасць невялікая не таму, што шмат унутраных войскаў. 

«Наша Ніва»: А што скажаце пра серыялы дзяржТБ пра Бабарыку? Вы ж таксама працавалі ў ДФР.

Павел Шабека: Ведаеце, з таго, што я ўбачыў — я таксама глядзеў відэа, справы ў руках не трымаў, — гэта звычайная калгасная схема: здымалі грошы і аддавалі. Даказвацца гэта будзе раздрукоўкамі, паказаннямі, праслухоўкамі. 

Але пытанняў вельмі шмат застаецца. Раскрылі таямніцу следства, пры гэтым пабралі з адвакатаў падпіскі, слова самому Бабарыку не далі — гэта што? Людзі сапраўды прызнаваліся ці агаворвалі сябе? У мяне няма адказаў на гэтыя пытанні, як і незразумела, чаму Бабарыку не затрымлівалі, калі ён яшчэ быў кіраўніком банка.

Ну і зноў жа: як гэта ўсё адбывалася? Проста людзі ў масках прыйшлі, паўскрывалі ячэйкі, потым прызначылі сваю адміністрацыю — гэта як? 

Я таксама праводзіў выманне з банкаўскіх ячэек, таксама без прысутнасці ўласнікаў, але там гісторыя іншая была — яны ўжо ў Кыргызстан уцяклі. А тут высвятляецца, што ўскрылі чужыя ячэйкі, іх уласнікі былі ў краіне, цяпер яны выстаўляюць прэтэнзіі.

Гэта настолькі гіганцкі ўдар па банкаўскай сістэме і інвестарах, што цяжка ўявіць. Хто цяпер будзе тут грошы захоўваць? Бо сёння гэты банк, заўтра нейкі іншы. Але я перакананы, што мы хутка даведаемся дэталі справы, будзе яе поўны перагляд.

«Наша Ніва»: Але вы і самі былі задзейнічаны ў справе Алеся Бяляцкага. 

Павел Шабека: Там была вялікая група, трэба было зрабіць шмат следчых дзеянняў: нехта ў банкі паехаў, нехта на вобшук, канфіскаваць дакументы і гэта далей. Сапраўды, я быў задзейнічаны ў справе першыя тры дні і праводзіў першыя допыты. 

«Наша Ніва»: І як вы цяпер ацэньваеце гэтую справу, якая ў грамадстве лічыцца палітычнай? 

Павел Шабека: Я ведаю, што прыйдзе час, гэтая справа таксама адкрыецца. Я спадзяюся, што незалежныя эксперты пагодзяцца, што персанальна я рабіў усё карэктна.

Тых матэрыялаў, што ў мяне былі, хапала для пачатку крымінальнага пераследу. Ці хапала іх для прысуду? Не ведаю.

Канечне, я ведаў, на што ішлі гэтыя грошы. Я падтрымліваю гэта? Так, дзейнасць «Вясны» важная. Сродкі ішлі на падтрымку незаконна затрыманых, але вось механізм атрымання гэтых сродкаў на той момант утвараў склад злачынства. 

«Наша Ніва»: Як Бяляцкі трымаўся на допытах? 

Павел Шабека: Ён таксама ўсё разумеў. Гэта мужны чалавек з разуменнем таго, чаму ён знаходзіцца ў кабінеце следчага, што ён рабіў і што будзе далей рабіць, калі выйдзе адсюль. Думаю, праваабаронцы маглі б не падставіцца тады так, ісці супраць сістэмы, не выходзячы за рамкі. Калі б мы сустрэліся, я ўсё гатовы расказаць пры ім. Я яго вельмі паважаю, але я павінен гэта гаварыць пры ім.

[Алесь Бяляцкі адмовіўся сустракацца па рабочых прычынах, але папрасіў спытацца пра ролю КДБ у справе — Шабека кажа, што ў час яго ўдзелу ў справе ціску з боку дзяржбяспекі не былоРэд.]

«Наша Ніва»: Калі далі рэальны прысуд Бяляцкаму, як вы ўспрынялі? 

Павел Шабека: Вельмі негатыўна. Там палітыкі было больш, чым эканомікі. Сыход ад сплаты падаткаў быў з падаходнага, а не ад дзейнасці кампаніі. Яго не трэба было саджаць. Я думаю, што рашэнне прымаў не суддзя.

«Наша Ніва»: Потым на ўсіх датычных Еўропа наклала санкцыі. Хоць неяк на вас яны паўплывалі? 

Павел Шабека: Так. Не змог прыехаць на перапахаванне Каліноўскага, памежнікі завярнулі. Я спытаў, ці магу заехаць праз Латвію, яны сказалі: «Можаш, але калі трапішся — пару тыдняў пабудзеш у нас». І я не паехаў. Крыўдна было, я вельмі хацеў.

«Наша Ніва»: А за каго падпісваліся ў час збору подпісаў? 

Павел Шабека: За Бабарыку, Ціханоўскую, Цапкалу, Дзмітрыева. 

«Наша Ніва»: За Лукашэнку чаму не падпісаліся? 

Павел Шабека: Я думаю, што калі правадыр зграі вядзе ваўкоў і кажа, што далей дзічыны будзе ўсё больш, а па факце — гушчар нейкі непралазны, а дзічына там-сям, як пойдзе, то гэта не ваўкам трэба сыходзіць, а трэба абіраць новага правадыра, каб ён вёў у патрэбны бок. 

Я думаю, у яго цяпер рэальная падтрымка працэнтаў 20%, але толькі таму, што 26 год запар з кожнага праса нахвальваюць. 

«Наша Ніва»: Нешта яшчэ калегам скажаце? 

Павел Шабека: Я прашу дзейных супрацоўнікаў міліцыі, якія маюць дачыненне да «суправаджэння масавых мерапрыемстваў: не біце людзей, не чапайце іх, ім, апроч абароны, нічога ад вас не трэба. Гэты народ наняў вас, плаціць вам заробак.

Не фальсіфікуйце справы. Вы ведаеце, што такое прынцып немінучасці пакарання. Сёлета здзелкі з сумленнем не будзе. Вы здзекуецеся з грамадзян, адмаўляйцеся гэта рабіць, а калі не адмовіцеся… Ну, потым не крыўдуйце тады.

Не знішчайце лёсы моладзі. Памятайце, каму і як вы служыць пакляліся пад сцягам на прысязе. Гэта галоўнае. Каб вашым дзецям і бацькам за вашы дзеянні да канца жыцця сорамна не было. Каб прозвішча кожнага з вас гучала з гонарам, каб міліцыя зноў стала народнай.

Крэпка абдымаю Вас, браты! Жадаю Вам стойкасці і мужнасці ў гэты цяжкі час. Ганаруся службай і кожным з вас!

Каментары22

Анёлы на столі, залаты ёршык і дызайн з вокладкі часопіса. Як выглядаюць кватэры ў элітных дамах Мінска ШМАТ ФОТА

Анёлы на столі, залаты ёршык і дызайн з вокладкі часопіса. Як выглядаюць кватэры ў элітных дамах Мінска ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

Вучоныя знайшлі сляды катаклізмаў на Сонцы. Іх паўтарэнне можа мець катастрафічныя наступствы для цывілізацыі10

Памёр акадэмік Віктар Парфёнаў

Аляксей Дзікавіцкі расказаў, дзе будзе цяпер працаваць8

Даляр апусціўся за адзнаку 3,5 рубля3

У жонкі беларускага тэнісіста ў Пецярбургу сцягнулі залаты ланцужок4

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы21

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы2

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Анёлы на столі, залаты ёршык і дызайн з вокладкі часопіса. Як выглядаюць кватэры ў элітных дамах Мінска ШМАТ ФОТА

Анёлы на столі, залаты ёршык і дызайн з вокладкі часопіса. Як выглядаюць кватэры ў элітных дамах Мінска ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →