7 верасня ў Лідзе адбудзецца маштабны фестываль Lidbeer-2019, а разам з ім — доўгачаканае адкрыццё помніка князю Гедыміну. Ніжэй — 10 фактаў, што распавядаюць, як і дзякуючы каму гэта сталася магчымым.
Факт першы
У кастрычніку 2017 года Лідскі райвыканкам абвясціў конкурс на найлепшы эскіз скульптуры «Заснавальнік замка — князь Гедымін». Удзельнічалі 28 работ. У лютым 2018-га пасля падліку галасоў перамог эскіз скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава.
Вольга Нячай — мастачка, скульптарка, дызайнерка, магістарка мастацтвазнаўства. Працуе ў галіне манументальнай скульптуры, анімалістыкі, дробнай пластыкі, дэкаратыўнага мастацтва, жывапісу і дызайну. У сваёй творчасці апявае прыгажосць коней. Нарадзілася ў Мінску ў 1985 годзе.
Сяргей Аганаў — мастак, скульптар. Працуе ў жанры традыцыйнай скульптуры з выкарыстаннем керамікі, бронзы, каменя, дрэва. Нарадзіўся ў Лідзе ў 1974 годзе. Сярод яго самых вядомых работ — скульптура «Войт» у Мінску, прысвечаная атрыманню горадам магдэбургскага права, скульптура княгіні Анастасіі Слуцкай у Слуцку, помнік Давыду Гарадзенскаму ў Гродне.
Факт другі
Помнік паказвае князя Гедыміна ў дасканалых рыцарскіх даспехах, але без шлема. Князь у раскошных шатах з доўгім шлейфам едзе на кані — відавочна, гэта ўрачысты ўваход валадара ў свой замак. На галаве князя карона: Гедымін, як і Міндоўг, называў сябе каралём.
Сяргей Аганаў запэўнівае, што пры ўсёй мастацкай абагульненасці вобраза Гедыміна ў дадзенай трактоўцы ягонае аблічча адпавядае гістарычнай праўдзе. Гэтаму паспрыялі шматлікія кансультацыі.
Аўтары ўлічылі парады спецыялістаў па палітычнай гісторыі Вялікага княства, матэрыяльнай культуры і мастацтве таго часу. Не абышлі ўвагай нават пароду каня, на якім сядзіць князь. Былі спрэчкі і па тым, як правільна пісаць яго імя. Адпаведна, матэрыялы, якія зацвярджала кіраўніцтва Лідчыны, стала вынікам сумеснай працы мастакоў, архітэктара, навукоўцаў.
Факт трэці
У ліпені 2018-га эскіз помніка князю Гедыміну прайшоў усе этапы ўзгадненняў: і ў Адміністрацыі прэзідэнта, і на пасяджэнні Рэспубліканскай мастацка-манументальнай рады.
Факт чацвёрты
У верасні 2018-га Сяргей Аганаў і Вольга Нячай пачалі выраб дэталёвай рабочай мадэлі помніка ў маштабе 1:4. На аснове гэтай мадэлі скульптурны камбінат адліваў бронзавы помнік.
Паралельна вялася праца па напісанні праектна-каштарыснай дакументацыі па падрыхтоўцы пляцоўкі, дзе непасрэдна планавалася паставіць помнік, прадумвалася светлавое рашэнне.
Пастамент для помніка распрацаваў знакамiты беларускi архiтэктар Сяргей Багласаў, а кансультантам па гістарычнай дакладнасці і адпаведнасці ўсіх элементаў помніка стаў Мікалай Плавінскі.
Факт пяты
Помнік ствараўся за кошт пазабюджэтных і спонсарскіх сродкаў. Асноўным спонсарам стала прадпрыемства з замежным капіталам «Белтэкс Оптык», якое працуе ў Лідзе.
Рухавікамі працэсу стварэння і ўсталёўкі помніка Гедыміну сталі Лідскі райвыканкам, архітэктар Сяргей Багласаў, скульптары Сяргей Аганаў і Вольга Нячай, гісторык Мікалай Плавінскі.
Факт шосты
Агульнае рашэнне навукоўцаў, скульптараў і кіраўніцтва Ліды — што падрабязна распісваць тытул князя на помніку не мае сэнсу. Гедымін — ужо само па сабе брэнд беларускай гісторыі. Былі спрэчкі па напісанні: Гедзімін ці Гедымін.
Рэспубліканская мастацка-манументальная рада зацвердзіла на помніку надпіс «Гедымін», звыклы для большасці беларусаў.
Факт сёмы
Акрамя імя князя на помніку змешчаныя «Калюмны» — старажытны герб усяго роду Гедымінавічаў, адзін з галоўных сімвалаў Вялікага Княства Літоўскага. У чырвоным полі тры белыя слупы, злучаныя ўнізе. Падобны герб сустракаўся на манетах ВКЛ, а таксама з гэтым сімвалам на сцягах літоўскія харугвы змагаліся пад Грунвальдам.
Цікава, што ў сёлета ў лютым у Гродне на раскопках у Старым замку археолагі знайшлі цагліну з «Калюмнамі». Цагліна датуецца канцом 14 стагоддзя — часам, калі замак у Гродне перабудоўваў Вітаўт.
Факт восьмы
Восенню 2018 года дызайнер Макс Пякарскі намаляваў для Symbal.by аўтарскі прынт «Вялікі Гедымін».
На сайце Symbal.by і ў краме на пр-це Машэрава, 18 можна набыць гэтую цішотку ды новую серыю сувенірнай прадукцыі з выявамі элементаў скульптурнай кампазіцыі ў Лідзе.
Мерч Гедыміна будзе прадстаўлены на кірмашы рамеснікаў на фестывалі Lidbeer-2019 7 верасня. Акрамя гэтага ў межах фэсту Symbal.by плануе арганізаваць фотазону, прысвечаную Гедыміну, і аўтограф-сесію з аўтарамі помніка Вольгай Нячай і Сяргеем Аганавым, дзе вы зможаце атрымаць адказы на ўсе пытанні да вядомых скульптараў.
Шэрыя і чорныя цішоткі «Гедымін»
Тэкстыльныя торбы «Гедымін»
Драўляныя магніты «Гедымін» сіняга і пясчанага колераў
Кубкі «Гедымін»
Круглыя значкі і магніты «Гедымін»
Факт дзявяты
У 2017 годзе ў Лідзе на будынку, размешчаным недалёка ад замка, з’явілася графіці з выявай князя Гедыміна. Яго аўтар — мясцовы мастак Сяргей Русак.
Мурал знаходзіцца на сцяне шматфункцыянальнага гандлёвага комплекса на бульвары Гедыміна.
Факт дзясяты
Помнік Гедыміну ўсталявалі ў скверы на скрыжаванні вуліц Грунвальдскай і Замкавай каля паўночнай сцяны Лідскага замка 12 жніўня 2019 года. Замкавы мур за плячамі князя надае яго постаці яшчэ большую значнасць.
З 30 жніўня ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі (вул. Перамогі, 37а) працуе выстава скульптур Вольгі Нячай і Сяргея Аганава «Спадарожнікі».
-
У Гродне ў дзіўныя колеры памалявалі будынак першай на Беларусі медыцынскай акадэміі, заснаванай Тызенгаўзам
-
Ветраныя Дзяды: вось як выглядала сёння капліца Каліноўскага і магілы беларусаў у Вільні
-
Навукоўцы высветлілі, што людзі чытаюць Вікіпедыю абсалютна па-рознаму — усё залежыць ад узроўню адукацыі
Каментары