Салігорскія шахцёры знайшлі парэшткі ракаскарпіёна, якім 350 мільёнаў гадоў ФОТА
Каштоўная знаходка часоў палеазойскай эры зробленая ў Чырвонаслабодскім рудніку. На кавалку здабытай з шахтавага поля пароды работнікі заўважылі незвычайны малюнак, які аказаўся парэшткамі ракаскарпіёна, паведамляе БелТА.
Ракаскарпіён з'яўляецца пераходнай формай паміж марскімі і сухапутнымі членістаногімі. Навукоўцы ацэньваюць узрост такіх знаходак у 350-360 млн гадоў. Гэта значыць, яны адносяцца да атрада эўрыптэрыдаў, якія жылі ў дэвонскі перыяд палеазойскай эры, які працягваўся 60-61 млн гадоў, быў адзначаны першым выхадам жывёл на паверхню сушы. Лічыцца, што ракаскарпіёны маглі дасягаць 2 м і былі самымі буйнымі членістаногімі, што існавалі на Зямлі. У канцы палеазою іх выціснулі з воднай стыхіі буйныя драпежнікі — рыбы. На сушы нашчадкамі ракаскарпіёна сталі павукі і скарпіёны.
У месцы выяўлення знаходкі, па сцвярджэнні галоўнага геолага «Беларуськалія» Аляксея Клабука, знаходзілася старажытнае мора. Ракаскарпіён трапіў у ападкавыя адклады гліністых часціц без доступу кіслароду і іншых газаў. Так ён захаваўся на мільёны гадоў, пакуль не ўпаў на канвеер, патрапіўшы затым у самаходны вагон і ў рукі шахцёраў.
Каментары