Гісторыя

Сірыя: сакрэт Асадаў

Калісьці ў Сірыі кіраўнікі краіны мяняліся амаль штогод. А пасля да ўлады прыйшоў Хафез Асад. Ён заставаўся на пасадзе 30 гадоў, да самай смерці. Яго змяніў ягоны сын Башар, і кіруе ўжо 18 гадоў. Некалькі войнаў, некалькі ўзброеных паўстанняў — але яны ўтрымалі грамадства пад жорсткім кантролем, пішуць знаўцы Блізкага Усходу доктар паліталогіі Сяргей Богдан і кандыдат гістарычных навук Анжаліка Пабеданосцава Кая.

Расказваць пра сучасную Сірыю, як і пра іншыя ўсходнія краіны, прынята пачынаючы з Сярэднявечча. Наўрад ці гэта дарэчна. Бо ці шмат для тлумачэння беларускай сучаснасці дае расповед пра Полацкае і Тураўскае княствы? Нягледзячы на даўжэзную перадгісторыю, сучасная Сірыя, Сірыйская Арабская Рэспубліка, — гэта палітычнае ўтварэнне ХХ стагоддзя. Гэта відавочна нават па назве, якая спрабуе дапасаваць разнастайную, часта неісламскую, а часам і неарабскую спадчыну жыхароў Сірыі да абстракцыі «арабскага свету».

 

«Арабскі свет» стварылі праваслаўныя і ўніяты

Арабскі нацыяналізм адпачатку быў спробай рэлігійных меншасцяў пераадолець свае адрозненні ад мусульманскай большасці і гэтак знайсці сваё месца пад сонцам. Маўляў, якая розніца, хто тут якой веры, мы ўсе — арабы, ад Маўрытаніі да Ірака.

Гэта было своеасаблівай абарончай рэакцыяй ва ўмовах, калі доля хрысціян на Блізкім Усходзе няўхільна падала. Хрысціянства ўвогуле часткова паўставала і на землях гістарычнай Сірыі, і той самы Саул стаў апосталам Паўлам па дарозе ў Дамаск. Хрысціяне там жывуць самых розных кшталтаў, толькі асноўных канфесіяў каля дзясятка. Сярод іх і вядомыя беларусам праваслаўе і каталіцтва, і шэраг так званых уніяцкіх цэркваў, якія, праўда, адрозніваюцца ад нашых уніятаў. З нарастаннем міжрэлігійнай канфрантацыі, звязанай з умяшаннем замежных хрысціянскіх дзяржаў і пачаткам масавай эміграцыі хрысціян з Асманскай імперыі, хрысціянства паступова стала амаль госцем у сваім жа доме. Ужо да пачатку XX стагоддзя доля хрысціян у Сірыі упала да прыблізна 16%, а да 2000 года іх засталося ўвогуле толькі каля 7,8%.

Гісторыю арабскага нацыяналізму адлічваюць ад 1868 года, калі араб-уніят Ібрагім аль-Языджы заклікаў «абудзіцца» арабаў, што жылі тады пад Асманскай імперыяй.

А галоўным ідэолагам кіруючай у Сірыі арабскай нацыяналістычнай партыі «БААС» — у перакладзе Партыі арабскага сацыялістычнага адраджэння — стаў праваслаўны Мішэль Афляк.

Гэтая партыя імкнулася аб'яднаць арабскія дзяржавы ў адну, дзе грамадства будзе выбудавана ў адпаведнасці з прынцыпамі нацыяналізму і сацыялізму. Праўда, ідэі такога «арабскага свету» чамусьці зусім не спрыялі міжарабскай згодзе, і пакуль прыхільнікі «БААС» трымаліся пры ўладзе ў Сірыі і Іраку, гэтыя дзяржавы былі найзацяцейшымі непрыяцелькамі адна адной.

Партыя арабаў-барацьбітоў за аддзяленне ад Асманскай імперыі на Версальскай канферэнцыі.

Калі натхнёныя творамі Афляка баасісты і іншыя нацыяналісты прыйшлі да ўлады ў Сірыі, яны запрапанавалі іншым арабскім дзяржавам аб’ядноўвацца. У 1958 годзе сірыйцы нават стварылі сваю «Саюзную дзяржаву» з Егіптам.

 

Пераварот у «Саюзнай дзяржаве»

Праўда, адразу ж пасля ўзнікнення новай дзяржавы высветлілася, што супольнай спадчыны, пра якую так доўга гаварылі нацыяналісты, у дзвюх арабскіх краін няшмат. Ва ўсялякім разе, гэтага недастаткова, каб збудаваць адзіную дзяржаву. Вялізны Егіпет пачаў трактаваць Сірыю як яшчэ адну вобласць.

У выніку сірыйскія афіцэры-баасісты перадумалі і ў 1963-м зрабілі яшчэ адзін пераварот, гэтым разам каб аддзяліцца ад «Саюзнай дзяржавы». Сярод гэтых афіцэраў рэй вялі прадстаўнікі канфесійных меншасцяў, асабліва алавіты. Гэта не было наўмыснай змовай «іншародцаў», проста меншасці гістарычна былі больш прадстаўленыя сярод вайскоўцаў. Іх прадстаўнікі далучаліся да арабскага руху, абы неяк пераадолець свой статус «іншых». Натуральна, пасля перавароту, умацоўваючы ўладу, путчысты таксама абапіраліся на «сваіх», гэта значыць землякоў і сваякоў такой самай канфесійнай прыналежнасці. Гэтак і паўстала добра кансалідаваная дыктатура, якую яе нядобразычліўцы лёгка маглі абазваць «алавіцкай». Але насамрэч рэжыму важная была не «алавіцкасць», а захаванне ўлады.

У 1970-м ужо ўнутры сірыйскага алавіцкага рэжыму да ўлады прыйшоў Хафез Асад, бацька сённяшняга кіраўніка Сірыі. Ён замацаваў «сваіх» (алавітаў) на ключавых пасадах.

Па сённяшніх стандартах Хафез Асад кіраваў люта і бязлітасна. Але для таго часу і рэгіёна такі стыль кіравання быў тыповым. Цягам усяго панавання Асадаў у краіне захоўвалася надзвычайнае становішча, адсутнічалі выбары і нават мінімальна свабодныя СМІ. Ён проста жалезнай хваткай трымаў уладу, прыкрываючыся леванацыяналістычнымі лозунгамі БААС, якія рабілі акцэнт на адзінстве ўсіх арабаў, змаганні з сіянізмам, разбудове дзяржапарату, асабліва войска і органаў дзяржбяспекі, масавай мабілізацыі ў баасісцкія структуры. Палітычныя апаненты ўладароў сядзелі за кратамі.

Злева направа: Садам Хусэйн, Хафез Асад, міністр замежных спраў Алжыра і сірыйскі віцэ-прэзідэнт на пасяджэнні Лігі арабскіх дзяржаў у Багдадзе, 1978 год.

Па гаспадарчым развіцці, разбудове інфраструктуры і дзейных дзяржорганаў Сірыя сур’ёзна адставала ад суседняй Турцыі і нават Лівана. Зруйнаваны Ліван адбудаваўся нават пасля 14-гадовай грамадзянскай вайны, а Сірыя гібела ў застоі.

Асад-старэйшы ўстрымаўся не толькі ад ліберальнага рэфармавання, але і ад сур’ёзнай сацыялістычнай мадэрнізацыі, разграміўшы сілы, якія за яе выступалі, напрыклад камуністаў, якія хацелі перарабіць Сірыю ў стандартным стылі іншых краін прасавецкай арыентацыі — з радыкальным перадзелам зямлі, інтэнсіўнай індустрыялізацыяй, антырэлігійнай кампаніяй.

У выніку Сірыя заставалася залежнай ад параўнальна невялікай нафтаздабычы, слыннай у рэгіёне тэкстыльнай прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Пры канцы 2000-х Сірыя перажыла найгоршую за апошнія пяць стагоддзяў засуху, якая змусіла больш як мільён чалавек пераехаць з вёсак у гарады. Але пры той заганнай эканамічнай структуры, якая склалася за папярэднія гады, уладкаваць гэтых людзей дзяржава не змагла.

Удзельнік дэманстрацыі супраць Башара Асада ў 2011 годзе на турэцка-сірыйскай мяжы. Фота Thomas Koch.

Прыйшоўшы да ўлады ў 2000 годзе, цяперашні прэзідэнт Башар Асад сам прызнаў, што траціна насельніцтва жыве за рысай беднасці. Пры гэтым працягваўся імклівы дэмаграфічны рост, і калі ў 1990-м сірыйцаў было 12,1 млн чалавек, то ў 2003-м — ужо 17,4 млн, а перад вайной — ажно каля 23 млн чалавек. Пры гэтым валавы ўнутраны прадукт дзесяцігоддзе перад вайной амаль не рос.

Таму незадаволенасць у краіне нарастала.

 

Калі не Асад, то хто?

Сярод унутраных праціўнікаў Асадаў заўжды хапала экстрэмісцкіх групаў. У Сірыі і яе наваколлі розныя кірункі ісламу і хрысціянства зацята дзялілі між сабой душы, землі і рэсурсы. Гаворка тут не пра сярэднявечныя крыжовыя паходы, а пра тое, як французскія і брытанскія ўлады дзялілі землі гістарычнай Сірыі і Палесціны пасля Першай сусветнай вайны, жанглюючы канфесійнымі і этнічнымі раскладамі. Гэтае перакройванне межаў і перадзел улады падштурхоўвалі этнічныя і канфесійныя супольнасці да самага прымітыўнага разумення сваіх інтарэсаў.

Дзеці ў Эбле (цяпер Тэль-Мардзіх пад Алепа). Эбла — старажытны семіцкі гандлёвы горад-дзяржава, заснаваны ў III тысячагоддзі да н. э., закінуты ў VII стагоддзі н. э. Фота Анжалікі Пабеданосцавай Кая.

Адна з аўтараў гэтага нарыса дагэтуль памятае, як падчас паездкі па Сірыі яе і ейных спадарожнікаў спачатку гасцінна прынялі, а пасля выгналі з хрысціянскага кляштара, даведаўшыся, што сярод хрысціянскіх гасцей ёсць мусульмане. За доўгія гады працы на Блізкім Усходзе аўтарам рэдка даводзілася такое бачыць.

Варта зазначыць, што канфесійная і этнічная прыналежнасць жыхароў не звязаная і ніяк не ўплывае на ступень развіцця і заможнасці рэгіёна. Рэжым у Сірыі хоць і абапіраецца на алавітаў ды іншыя меншасці, але сур’ёзнымі прывілеямі ў параўнанні з суніцкай мусульманскай большасцю яны не карысталіся. Таму пры дэмакратычным падыходзе можна было б сабе ўявіць апазіцыйную надканфесійную альтэрнатыву Асаду. Але сталася інакш.

Радыкальныя апаненты Асада пастараліся, каб меншасці ды і ўвогуле незацікаўленыя ў экстрэмісцкіх ідэях сірыйцы цярпелі і нават падтрымлівалі ўладу, якая магла іх крыўдзіць, але забяспечвала выжыванне і магчымасць застацца тымі, кім яны ёсць.

Дамаск. Пекар за працай. Сірыйскі хлеб — тонкі лаваш. Фота Анжалікі Пабеданосцавай Кая.

Гэтая тэндэнцыя склалася вельмі рана, на пачатку ўладарання Асада-старэйшага. Ужо падчас задушэння ісламісцкага паўстання ў 1976—1982 гадах стала зразумела, што экстрэмісты гатовыя рэзаць іншаверцаў.

Асаблівы розгалас мела забойства 35 курсантаў-алавітаў у артылерыйскай вучэльні Алепа ў чэрвені 1979-га. Курсантаў забіў іх выкладчык Ібрагім аль-Юсуф. Ужо тады, у 1980-я, гэткія метады сірыйскага крыла «Братоў-мусульманаў» і групаў, што ад яго адкалоліся, выклікалі шок і пратэсты нават ва ўласных шэрагах.

Улады пры задушэнні паўстання паставілі на тыя адзіныя інструменты, якімі ўмелі карыстацца: сілу і тэрор. Загінулі многія тысячы вінаватых і невінаватых, у тым ліку падчас жорсткай зачысткі горада Хама. Але, па сутнасці, сірыйцы ўжо тады аказаліся перад незайздросным выбарам паміж кепскім і яшчэ горшым.

Дамаск. Традыцыйны сняданак: аліўкі, молаты смажаны кунжут, амлет, свежая гародніна, хумус, ёгурт, чай.

І ў часе грамадзянскай вайны, што пачалася ў 2012 годзе, сярод праціўнікаў Асада хапала экстрэмістаў. Увосень 2013 года ўвесь свет абляцела відэа, у якім Абу Сакар, адзін з камандзіраў «Сірыйскага свабоднага войска», арганізацыі, што ніколі не лічылася радыкальнай, есць сэрца забітага ворага. Камандаванне «Войска» асудзіла ўчынак, але не больш за тое. Самога Абу Сакара нават апісвалі як «памяркоўнага».

 

Шматвектарнасць па-дамаску

Няма нічога надзвычайнага ў доўгажыхарстве рэжыму Асадаў.

Асады ўмела лавіравалі між рознымі спонсарамі. Грошы бралі не з адной крыніцы, а адусюль. Сірыйская запазычанасць перад СССР перавысіла 13 мільярдаў даляраў. Але і багатыя нафтай арабскія краіны плацілі за «ўтрыманне фронту з Ізраілем». А пад канец 1970-х Сірыя пачала атрымліваць грошы і ад так званых радыкальных рэжымаў рэгіёна, кшталту Лівіі, але найперш Ірана. Гэтыя сродкі дазвалялі сірыйскаму ўраду выжываць.

У той жа час прысутнасць экстрэмістаў у шэрагах апазіцыі палохала значную частку шматканфесійнага сірыйскага грамадства. І тыя мінімальныя гарантыі выжывання і стабільнасці, якія рэжым Асадаў даваў меншасцям і нерэлігійным грамадзянам, гарантавалі яму падтрымку з іх боку.

Каментары

«Калі ты не ў гэтым спісе, то будзеш у другім». Як у Беларусі збіраюць подпісы за Лукашэнку1

«Калі ты не ў гэтым спісе, то будзеш у другім». Як у Беларусі збіраюць подпісы за Лукашэнку

Усе навіны →
Усе навіны

На вайне загінуў чарговы расійскі генерал. Ён датычны да катавальняў у Данецку і забойства амерыканскага Z-блогера2

Праўладны палітолаг заявіў, што Польшча робіць з Беларусі ворага, бо ў яе няма касманаўтаў7

Цапкала расказаў, што на грэчаскай мяжы яго абвінавацілі ў крадзяжы аўтамабіля10

Спектакль ад Лукашэнкі: Баскаў у бомберы «СССР», Сямёныч і «ўнучка Леніна» ВІДЭА16

Памілавалі яшчэ 31 палітвязня5

WSJ падзялілася дэталямі плана Трампа наконт вайны ва Украіне33

Пустыя рамы ў залах. У Мастацкім музеі навочна паказалі драматычныя страты беларускага мастацтва ў час вайны4

На таргі выставілі дзве запраўкі, якія належалі Юрыю Чыжу

Прапагандысткі перад Лукашэнкам білі дровы патэльнямі ВІДЭА9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Калі ты не ў гэтым спісе, то будзеш у другім». Як у Беларусі збіраюць подпісы за Лукашэнку1

«Калі ты не ў гэтым спісе, то будзеш у другім». Як у Беларусі збіраюць подпісы за Лукашэнку

Галоўнае
Усе навіны →