Sola gratia: Нямеччына адзначае 500-годдзе Рэфармацыі
Піша Юрась Бачышча.
Удалося наведаць Нямеччыну праз удзел у інфармацыйным туры «Рэфармацыя і адзінства свету — спадчына Рэфармацыі ў Нямеччыне», які быў арганізаваны нямецкай амбасадай у супрацы з Інстытутам Гётэ 30 кастрычніка — 5 лістапада 2016. Вандроўка пакінула незабыўныя уражанні.
Тур складаўся з некалькіх дзён у Берліне з далейшым наведваннем мясцінаў, звязаных з жыццём Марціна Лютэра — Айзенага, Эрфурта і Вітэнберга. Паралельна адбываліся сустрэчы з даследчыкамі спадчыны Рэфармацыі і самога яе пачынальніка — Марціна Лютэра.
У першы дзень па засяленні ў гатэль мы мелі крыху вольнага часу, што быў выкарыстаны мной дзеля кароткай праходкі па горадзе. Нягледзячы на навіны аб тэрактах, якія даволі часта з'яўляюцца ў беларускіх інтэрнэт-СМІ, нямецкая сталіца выглядала досыць спакойнай. І хаця пазней нам давялося сустрэць начуючых на вуліцах уцекачоў з арабскіх краін, было заўважна, што сацыяльнай службай праводзіцца значная праца па іх доглядзе і размеркаванні паміж рэгіёнамі. Асноўны клопат у гэтым бяруць на сябе нямецкія цэрквы, якія апякуюцца рознымі сацыяльнымі пытаннямі і шчыльна супрацоўнічаюць у пытанні мігрантаў і іншай сацыяльнай дапамогі з дзяржавай.
У першы вечар нас чакала прыемная сустрэча з прафесарам Універсітэта Гумбальта Даратэяй Вендэнбург. Яе выступ увёў удзельнікаў тура ў праблематыку Рэфармацыі. Прафесар слушна заўважыла, што Рэфармацыя — гэта не толькі Лютэр, але і мноства іншых лідараў з розных краін, якія зрабілі працэс, распачаты ў Вітэнбергу, сусветнай з’явай. Далей даследчыца засяродзілася на асаблівасцях Рэфармацыі ў Германіі, падкрэсліўшы, што значэнне Рэфармацыі мае не толькі гістарычны характар, але яе сутнасць застаецца актуальнай і сёння.
Духоўная сутнасць вучэння Лютэра заключалася ў тым, што ён звярнуў асаблівую ўвагу на асобу Ісуса Хрыста, які з’яўляецца адзіным Збаўцам (Solus Christus), бо толькі праз веру (Sola fide) у збаўленчую місію Ісуса чалавек атрымлівае збаўленне. У апошнім няма ніякай заслугі чалавека, але толькі «ласка Божая» (Sola gratia), аб чым мы даведваемся з Бібліі — дасканалага, боганатхнёнага і беспамылковага Слова Божага (Sola scriptura). Гэтыя прынцыпы, успрынятыя спачатку студэнтамі і знаёмымі вітэнбергскага прафесара, шырока пашырыліся ў грамадстве, ведучы да ўсебаковага абнаўлення жыцця паводле біблійнага вучэння.
3 1 кастрычніка мы сталі ўдзельнікамі святочнай праграмы з нагоды Дня Рэфармацыі, які шырока адзначаўся ў Нямеччыне. У царкве Святой Марыі ў цэнтры Берліна адбылося ўрачыстае набажэнства.
Пад хрысціянскія гімны, створаныя самім Марцінам Лютэрам, адбылося падсумаванне «дэкады Лютэра» — дзесяцігадовага пралогу да адзначэння 500-гадовага юбілею Рэфармацыі. У межах дэкады адбылося і адзначэнне 450-й гадавіны смерці Філіпа Меланхтона ў 2010 годзе і 500-й гадавіны нараджэння Лукаса Кранаха ў 2015 годзе.
Вынікі такой сур’ёзнай падрыхтоўкі да юбілею Рэфармацыі ўражваюць. Гэта і мноства музеяў і адмысловых тэматычных кампазіцый ва ўсіх гарадах, звязаных з Лютэрам. Найперш, спансараваныя ўрадам тры тэматычныя выставы ў Берліне («The Luther Effect», Нацыянальны гістарычны музей, 12.04.2017—05.11.2017), Айзенагу-Вартбургу («Luther and the Germans», 04.05.2017 — 05.11.2017) і Вітэнбергу («Luther! 95 Treasures — 95 People», 13.05.2017—05.11.2017).
Гэта і запоўненыя ўсялякімі кнігадрукамі на тэму Рэфармацыі паліцы кнігарняў (ад навуковых даследаванняў Рэфармацыі і шматлікіх біяграфій вядомых рэфарматараў да публіцыстыкі, коміксаў, скульптур, магнітаў і адмысловых Lego-цацак — скульптуры Лютэра з Бібліяй).
Гэта і выставы дзіцячых малюнкаў на тэму Рэфармацыі на вуліцах Вітэнбэрга, і цудоўная Панарама Азізі, якая перадае амаль ужывую жыццё горада XVI ст.
Гэта і адрэстаўраваная замкавая царква ў Вітэнбергу, да брамаў якога Лютэр прыбіў свае знакамітыя «95 тэзісаў» і якія сёння выгравіраваны там на жалезнай браме, пачынаючы са словаў першага тэзіса, што «… ўсё жыццё верніка мусіць быць пакаяннем…».
Гэта і адмысловае юбілейнае выданне нямецкамоўнай Бібліі ў перакладзе Лютэра, дзе зведзены ў адно некалькі яго перакладаў з навуковымі каментарамі.
Пасля святочнага набажэнства ўдзельнікаў чакаў святочны канцэрт з удзелам федэральнага прэзідэнта Нямеччыны Ёахіма Гаўка (былога лютэранскага пастара), які звярнуўся да ўдзельнікаў з пасланнем пра свабоду і асабістую адказнасць за яе кожнага чалавека.
Паводле слоў прэзідэнта Гаўка, свабода і годнасць чалавека даравана яму самім Творцам і таму не можа нікім быць забранай.
Асабістая свабода чалавека ў той жа час не з’яўляецца абсалютнай і анархічнай і пры адказным карыстанні вядзе да палітычнай свабоды ўсяго грамадства, у якім паважаюцца асабістыя і палітычныя правы кожнай асобы. Прэзідэнт адзначыў, што нямецкую дзяржаву без Рэфармацыі нават уявіць немагчыма. Свабода сумлення і веравызнання, якімі сёння карыстаюцца жыхары Нямеччыны — не толькі пратэстанты, і не толькі хрысціяне, але розных канфесій, — з’яўляецца дасягненнем Рэфармацыі, на думку кіраўніка дзяржавы.
Побач з шэрагам іншых цікавых сустрэч, удзельнікаў тура чакала некалькі фантастычна цікавых дзён наведвання месцаў, звязаных з жыццём слаўнага рэфарматара, — Эрфурта з невялікім аўгусцінскім кляштарам, дзе адбываліся духоўныя пошукі будучага рэфарматара; Айзэнага з Вартбургскім замкам, дзе «выкрадзены» манах зрабіў пераклад Бібліі на нямецкую мову, які закладзе традыцыю літаратурнай нямецкай мовы і аб’яднае шэраг дагэтуль разрозненых нямецкіх земляў і княстваў; і, нарэшце, Вітэнберга, дзе вітэнбергскі прафесар напісаў і прыбіў свае славутыя тэзісы.
У горадзе адзначаны і памятныя месцы, дзе пражывалі сябры і паплечнікі Марціна Лютэра — тэолаг і адзін з лідараў Рэфармацыі Філіп Меланхтон і сусветнавядомы мастак Лукас Кранах (малодшы), дзякуючы якому мы маем шэраг карцін з выявамі Лютэра і яго жонкі Катарыны фон Бора.
Філіп Меланхтон — адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Марціна Лютэра, аўтар Аўгсбургскага вызнання веры лютэранскай царквы.
Марцін Лютэр і яго жонка Катарына фон Бора. Мастак — Лукас Кранах-малодшы.
Нарэшце, кідаецца ў вочы турысту і цудоўная выстава школьных малюнкаў на тэму 500-годдзя Рэфармацыі ўздоўж вуліцы, якой Лютэр ішоў да замкавай царквы.
Увесь наступны год Нямеччына і ўвесь свет будзе адзначаць 500-годдзе Рэфармацыі, яе святкаванне адбудзецца на дзяржаўным узроўні таксама ў Літве і Украіне, а беларусы адзначаць яшчэ і 500 год выдання беларускай Бібліі Францішкам Скарынам, якая паспрыяла пашырэнню рэфармацыйных ідэй у Вялікім Княстве Літоўскім, нашай супольнай былой дзяржаве.
Каментары