Ежа2626

Якое беларускае крафтавае піва найлепшае? Аляксей Ластоўскі: «Я пакаштаваў 3800 гатункаў»

Якіх толькі сацыяльных сетак не стварылі за апошні час! Існуе нават піўная Untappd, дзе карыстальнікі фіксуюць выпітыя напоі, ставяць адзнакі, пакідаюць невялікія каментары. І мераюцца «чэкінамі» — колькасцю пакаштаваных гатункаў. Самі сябе такія людзі называюць «біргікамі» — піўнымі фанатамі. Рэкардсменам па колькасці чэкінаў у Беларусі і ва ўсёй СНД лічыцца кандыдат сацыялагічных навук, супрацоўнік Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Аляксей Ластоўскі.

Аляксей Ластоўскі: У мяне 3800 «чэкінаў»! Гэтай лічбы я дасягнуў менш чым за 2 гады.

«Наша Ніва»: Колькі ж гэта гатункаў на дзень?

АЛ: Гэта больш за 5 гатункаў піва на дзень. Але адразу хачу патлумачыць гэтую фантастычную лічбу. Чэкін — гэта дэгустацыя. Не абавязкова піць пляшкамі, куфлямі пад рыбку. Вельмі часта мы з сябрамі ладзім супольныя дэгустацыі, калі спрабуем шмат гатункаў піва. Аб’ёмы выпітага ў такім разе меншыя — 30—50 грамаў. У прынцыпе, гэтага хапае для адзнакі. Загартаваны чалавек можа адчуць прынцыповыя для піва рэчы з невялікай дозы. За такі дэгустацыйны вечар можна пакаштаваць і 20—30 гатункаў піва. Гэта зусім не значыць, што я кожны дзень спажываю велізарную колькасць піва. Натуральна, што без пастаянных выездаў за мяжу дасягнуць такой лічбы таксама было б немагчыма.

«НН»: Дылетанцкае пытанне: як добрае піва адрозніць ад кепскага?

АЛ: У крамах трэба арыентавацца на вытворцу. Ёсць вытворцы, якія клапоцяцца пра якасць, таму вараць цікавыя гатункі, думаюць пра спажыўца. Піва, што прадаецца ў Беларусі, — гэта збольшага традыцыйныя еўрапейскія лагеры. Гэта значыць, лёгкае светлае піва, якое вырабляецца па адпрацаванай гадамі тэхналогіі. І тут вельмі цяжка вызначыць, дзе піва добрае, а дзе кепскае, бо яно амаль аднолькавае, стандартызаванае. Большасць буйных беларускіх бровараў раскупленая гіганцкімі сусветнымі канцэрнамі.

Піва становіцца цікавым, калі варацца новыя гатункі, якія патрабуюць эксперыментаў, новых падыходаў. У такім выпадку сапраўды можна адчуць, ці ўдалося ў півавара атрымаць нешта нечаканае, свежае, ці выйшаў правал. Вялікія піўныя заводы не ідуць на эксперыменты, бо тыя могуць не апраўдацца.

«НН»: Калі гаворка зайшла пра новыя падыходы, то вы маеце на ўвазе крафтавае піва? Што ўвогуле такое крафт, пра які так шмат гавораць?

АЛ: У сусветнай піўной індустрыі ад 1970-х гадоў ідуць істотныя змены. Яны пачаліся ў ЗША, пасля перабраліся ў Еўропу. Цяпер гэта тэндэнцыя дайшла і да Беларусі. Гаворка ідзе пра так званае крафтавае піва.

Само слова «крафт», па сутнасці, можна перакласці як «рамесніцкае піва». Яго вырабляюць малыя бровары, што ідуць на смелыя эксперыменты і выкарыстоўваюць незвычайныя інгрэдыенты. Натуральна, што такое піва каштуе значна даражэй за канцэрнавае. З’явілася і адпаведная субкультура спажывання такога піва.

У любой краіне свету крафт складае не больш за 10% ад піўнога рынку краіны. Але крафт вабіць, бо гэта модна і цікава. Такая хваля падбівае нават вялікія заводы ісці на эксперыменты. Цяпер модна варыць крафт? Чаму б нам не паспрабаваць. Праўда, у выніку яны закідваюць нейкую хімічную мешаніну для таго, каб піва набыло незвычайны смак. І гэта потым называюць крафтам. Мода прыводзіць да скажэнняў.

У Беларусі з гэтым бяда, бо сапраўдных крафтавых бровараў у нас вельмі мала. А буйныя заводы, на маю думку, пачынаюць эксплуатаваць тэму не самым прыгожым чынам. Самы яркі прыклад — гэта «Калекцыя півавара» ад «Лідскага бровара». У серыі выйшла толькі адно прыстойнае піва— «Аўстраліян Бітэр». Жахлівая «крафтавая» серыя выйшла ад «Крыніцы». Але як прыклад сапраўднага беларускага трэшу ніхто не пераплюнуў віцебскі «Дзвінскі бровар», які выпусціў серыю Bumblebee. Гэта, я лічу, жудасная хімія, на якую ганарліва павесілі этыкетку «крафт».

«Аўстраліян Бітэр» —цікавы прадукт лідскагабровара

«НН»: То бок у крафце «хіміі» быць не павінна?

АЛ: Так, для крафту характэрна выкарыстанне не смакавых дадаткаў, а натуральных прадуктаў. Калі гэта, напрыклад, мангавае піва, туды дадаюць не канцэнтрат манга, а сапраўдныя фрукты. Гэта дарагая, цяжкая працэдура. Але менавіта так робіцца крафт.

«НН»: А якія самыя цікавыя гатункі беларускага піва, як сярод масавага, гэтак і рамесніцкага?

АЛ: Вялікія піўзаводы, як я ўжо казаў, цяжка ідуць на інавацыі. Як ні дзіўна, але я б хацеў адзначыць «Крыніцу», бровар, які мае ў Беларусі не самую добрую рэпутацыю. Яны аднавілі гатунак «Культ» — гэта цёмнае пшанічнае піва. Гэта адраджэнне лёгка цягне на званне найлепшага піва мінулага года ў Беларусі. Поспех нарадзіў падаўжальнікаў. Зусім нядаўна «Лідскае піва» выпусціла гатункі цёмнага і светлага пшанічнага. Таксама трэба добрым словам адзначыць «Аўстраліян Бітэр». І на гэтым спіс гатункаў, якімі б магла ганарыцца наша краіна, практычна сканчваецца..

Цёмны Kult трыумфальна
вярнуўся ў крамы пасля перапынку

Можна сказаць, што масавае піва ў Беларусі знаходзіцца ў стане стагнацыі. З іншага боку — яно задавальняе спажыўцоў. У нішы малых бровараў варта адзначыць дзве ініцыятывы. Перш за ўсё — гэта бровар «Сябры», што знаходзіцца на вуліцы Кульман у Мінску. Там вараць у высокай якасці як класічныя гатункі, гэтак і сезонныя. Іхнія эксперыменты вельмі ўдалыя: «Грызлі» — амерыканскі карычневы эль, «Ліён» — чырвоны эль. Там варылі нашумелае піва «Статут 1529» і зусім нядаўна з’явіўся «Статут 1566». «Статут 1529» выпілі літаральна за пару дзён, таму ў некаторым плане гэтае піва стала легендарным. Адзіны мінус — гэта сам рэстаран «Сябры». Вечарамі ён становіцца спецыфічным месцам, дзе гучна грае музыка, ліецца ракой гарэлка, усе танчаць. Мы ходзім папіць туды піва ў выходныя ў раёне абеду, каб можна было спакойна атрымліваць асалоду.

Таксама варта ўзгадаць кантрактную піваварню Brew Team (яны арэндуюць для сваёй вытворчасці розныя пляцоўкі). У гэтым праекце бярэ ўдзел і Аляксей Фадзеенка са «Стараместнага півавара», дзе таксама час ад часу вараць прыстойныя сезонныя гатункі. Найбольш нашумелы быў «Венскі АРА». Зусім нядаўна ў Беларусь трапіла піва, якое Brew Team варыла ў супрацы з літоўскім Dundulis, з назвай блізкай і беларускаму, і літоўскаму вуху — Duda.

«НН»: А дзе ёсць малыя бровары, апроч Мінска?

АЛ: У Мінску гэта «Бівер», «Талер» і іншыя. Пад Брэстам знаходзіцца бровар «13 Litar» — самая сур’ёзная з рэгіянальных браварняў. Яна вярнулася на рынак пасля пэўнага перапынку. Даўняя піваварня ёсць у Гомелі — «Бекер». «Нагорны Пасад» — у Магілёве. «Лямус» — у Віцебску. І зусім нядаўна адкрыўся рэстаран-піваварня «Данжон» у Наваполацку.

«НН»: Ці лёгка ў Мінску знайсці цікавае замежнае піва?

АЛ: Я адразу хачу вылучыць галоўную праблему, якая турбуе піўных аматараў. Існуе бар’ер на ўвоз у Беларусь піва, якое ўтрымлівае больш за 7 градусаў алкаголю. Гэта забарона была ўведзеная, каб спыніць імпарт у Беларусь няякаснага мацаванага расійскага піва накшталт «Доктар Дызель». Але існуе шмат гатункаў, што маюць высокі градус алкаголю — гэта і шматлікія бельгійскія стылі, гэта і расійскі імперскі стаўт. Гэта залаты фонд крафту, і ён становіцца недасяжны для беларусаў! На дадзены момант ніякіх зрухаў няма, хоць і пагроза расійскіх моцных гатункаў фактычна знікла.

Піва «Дуда» — сумесны прадукт беларускіх і літоўскіх півавараў.

«НН»: Нядаўна бачыў піўны рэйтынг краін Еўропы, дык Беларусь там на адной з апошніх пазіцый. У нас сапраўды ўсё так кепска?

АЛ: Калі казаць пра канцэрнавае піва, то яно нічым не горшае, але і не лепшае за аналагічныя гатункі ў суседніх краінах. Калі мы возьмем «Аліварыя Экстра» і «Швітурыс Экстра», якія робяцца ў розных краінах, але належаць аднаму канцэрну «Карлсберг», то па якасці яны прынцыпова не адрозніваюцца. Замежнікі, што прыязджаюць у Беларусь, таксама не адчуваюць падзення якасці. У нас канцэрнавае піва сярэдняй еўрапейскай якасці. Вядома ж, нельга параўноўваць з Бельгіяй ці Чэхіяй, але ў параўнанні з суседзямі ўсё не так кепска.

Калі ж казаць пра крафтавае піва, то Беларусь адстае ад Еўропы. І па колькасці бровараў, і па колькасці гатункаў… Зрэшты, для спажывання такога піва патрэбна існаванне сярэдняга класа. У Мінску сярэдні клас не такі вялікі.

У Беларусі ўсё рухаецца наперад, але не такімі высокімі тэмпамі. Апошнім часам у гэтым плане вельмі імкліва вырваліся наперад Польшча і Эстонія. Затое ў Літве ўжо некалькі гадоў нічога не змяняецца да лепшага. Украіна таксама існуе ў спецыфічным фармаце.

«НН»: А ў Расіі?

АЛ: Там ёсць такія гарады, як Масква і Санкт-Пецярбург, з вялізным рынкам спажыўцоў крафту. У іх ледзь не штодня адкрываюцца новыя бары і браварні. Гэта частка гарадской культуры.

«НН»: А ці існуе ў Беларусі такая з’ява, як хатнія бровары?

АЛ: Натуральна, вараць. Ёсць суполка хатніх бровараў «Бонда», ёсць конкурсы. Магу сказаць, што хатнія півавары — гэта тое, чым мы можам ганарыцца. Варыць піва дома для прыватнага ўжытку абсалютна легальна. У мяне ёсць сябры, якія набылі абсталяванне і вараць піва. Тут нават ёсць момант эканоміі. Адзіная праблема — інгрэдыенты. Можна выкарыстоўваць беларускі солад, а вось хмель — пераважна прывозяць з-за мяжы. Летась у Літве на конкурсе хатніх бровараў перамог якраз беларус.

***

Артыкул не з'яўляецца рэкламай алкагольнай прадукцыі і адлюстроўвае асабістае меркаванне рэспандэнта. Меркаванне рэспандэнта можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Празмернае ўжыванне алкаголю шкодзіць вашаму здароўю!

Каментары26

2025 год можа стаць для Беларусі годам перамен, якіх беларусы баяліся24

2025 год можа стаць для Беларусі годам перамен, якіх беларусы баяліся

Усе навіны →
Усе навіны

Міністр замежных спраў Ізраіля тэрмінова вылецеў у Нідэрланды2

Пад Мазыром п'янага кіроўцу спынялі стрэламі

«Стануць сябрамі камісій, назіральнікамі». Ветэранаў МУС задзейнічаюць у выбарах11

Кітайскія навукоўцы абвясцілі аб стварэнні зброі з «Зорных войнаў»1

Лукашэнку на «Дажынках» у Полацку падарылі меч часоў Усяслава Чарадзея12

На літоўскай мяжы вярнуліся чэргі з легкавых аўто

У Амстэрдаме на заўзятараў ізраільскага клуба напалі людзі ў масках з палесцінскімі сцягамі22

Колькі насамрэч цягнуцца працоўныя паездкі Лукашэнкі? Цікавыя лічбы17

Пад Жабінкай цягнік збіў 22-гадовага хлопца

больш чытаных навін
больш лайканых навін

2025 год можа стаць для Беларусі годам перамен, якіх беларусы баяліся24

2025 год можа стаць для Беларусі годам перамен, якіх беларусы баяліся

Галоўнае
Усе навіны →