У Салігорскім раёне ў шахце «Беларуськалія» загінуў рабочы. Трагічнае здарэнне адбылося ў панядзелак, 2 лістапада, каля 17-й гадзіны.
На глыбіні 420 метраў выконваліся работы па ўмацаванні горнай выпрацоўкі. Раптоўна адбылося ўзмоцненае вылучэнне газу. Канцэнтрацыя пароў метану ў паветры складала больш за 10% (дапушчальная норма канцэнтрацыі — 1%). У выніку гэтага і загінуў мужчына, які працаваў крапільшчыкам 5-га падземнага горнага ўчастка 3-га рудаўпраўлення прадпрыемства, паведамляе прэс-служба МНС.
Салігорскім раённым аддзелам Следчага камітэта па факце парушэння правілаў бяспекі горных работ, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека, распачата крымінальная справа, паведамляе прэс-служба СК.
На месцы здарэння працягвае працаваць следчая група, дзеянні якой каардынуюць следчыя абласнога апарата ўпраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці. Праводзіцца агляд месца здарэння, адбіраецца дакументацыя, якая рэгламентуе парадак правядзення канкрэтных відаў горных работ, прызначаныя экспертныя даследаванні.
У межах крымінальнай справы, заведзенай па ч.2 арт.303 Крымінальнага кодэкса, устанаўліваюцца прычыны і ўмовы, што паспрыялі трагедыі, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.
Каментары